Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Іхнія старыя крэпасці, як Смаляны, Ворша, Магілёў, -страшныя. Я не згадзіўся б абараняць іх нават пад пагрозай пазбаўлення раю (я ўсё адно, бадай што, туды не траплю), нават калі б мне плацілі не пяцьдзесят талераў, а сто. Сапраўды, каб выстаяць за такім плотам, патрэбна вялікая мужнасдь і вялікая легкадумнасць. А яны не толькі выстойваюць, але і наносяць страты ворагу.
Яны ўмудрыліся, седзячы ў гэтых быдлячых загонах, адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве - гэтага досыць.
Я кажу вам, ніхто не назваў бы такія загарадкі крэпасцямі.
Аднак гэта не датычыцца замка Кізгайлы. Хто панюхае паветра каталіцкага храма, той ніколі не будзе такі, як раней. А новая знаць нюхнула яго ў ахвоту. Яна будуе такія замкі, быццам у кожны з іх вось-вось могуць прынесці крыж пана бога, які давядзецца абараняць ад усіх язычнікаў зямлі.
Ёсць славуты горад Кёльн. І ў гэтым славутым горадзе ёсць помнік дурасці і непасільнаму пачынанню - недабудаваны сабор. І ёсць паэт Газельберг, які хоць і размаўляе са мною на адной мове, а даволі-такі немалы дурань.
Дык вось, ён напісаў, гэты дурань, аб тым саборы:
Dem wunder deth ісЬ duch nachlduffen.
Sach me kem grossern stein hauffen!2
Паглядзеў бы ён на замак майго гаспадара ў наваколлі Кісцянёў!
Над шырокім лянівым Дняпром узвышаецца ўзгорак. Пяць тысяч тутэйшых мужыкоў надягалі на яго зямлі, узвысілі і ўмадавалі. Цяпер рэчка ўпадае ў Дняпро двума рукавамі. Пасярэдзіне іх - груз-капец. Ён абведзены падвойным валам. А на яго верхавіне шэры каменны гмах.
Часам мне здаецца, што сатана менавіта тут абараняўся ад усявышняга і што менавіта гэты пагорак бамбардзіравалі каменнямі яго анёлы. Чалавеку цяжка ўзвесці такое.
Пад’ёмны мост, брама з падвойнымі кратамі, муры вышынёю ў сорак пяць локцяў. А над імі, яшчэ вышэй, тры вежы.
Імя ім: Саляная, Стралецкая і Жабіна.
Унутры хапае месца для жылля, стайняў, палада, дзвюх цэркваў і іншага, чаго і не злічыць.
І гэта звачайны замак двараніна, нават не першага па багаццю і знатнасці. Бог няроўна дзеліць: ён дае порткі менавіта таму, у каго яны будуць спадаць з мізэрнага азадка.
У гэты вечар над вежамі свяціў месяц - такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы, - так бы і з’еў яго. А ў байніцах таксама сям-там гарэлі агеньчыкі. І на сэрцы было лёгка, таму што ў нас, ваякаў, ад нараджэння заўсёды лёгка на сэрцы, калі мы жывыя.
У адказ на трохкратны гук нашага рога з вежы над брамай тройчы праспявала дуда, і гукі яе ў майскім вячэрнім паветры таксама былі асабліва сумнымі і празрыстымі. Гэта было такое паветра, што яго хацелася піць.
Хрушч ударыўся аб маю кірасу і ўпаў на грыву каня, бездапаможна перабіраючы лапкамі.
Хрушчы на гэтай вар’яцкай зямлі зусім такія, як на маёй радзіме, - гэта трохі прымірае.
На майго каня ўпаў прамень святла са спадзорнага акна.
– Хто ідзе?
– Святы Юры і Русь,- сказаў я звычайны кліч воінаў гэтай
зямлі.
– Дзякуй богу, - стаў жагнацца вартаўнік брамы.
– Чакалі вас.
Пачалі круціць калаўрот, разышліся акаваныя жалезам
дубовыя форткі, павольна папаўзла ўгору рашотка.
Нас сустрэў сам гаспадар - рэч небывалая. Я недарэмна намякаў на людзей, у якіх спадаюць порткі. Кізгайла якраз такі. Яму трыццаць чатыры гады, і ён худы, як бядняцкая каза. Але моцны і жылісты.
Ён паспрабаваў узяць майго каня за повад - здорава яму прыперла, калі ён аказвае наёмніку такую павагу, - але я спешыўся і сам павёў каня.
Кізгайлу мне давялося бачыць не больш як тры разы, я быў толькі яго кулаком у Быхаўскай акрузе. Нядаўна ён ажаніўся, я яшчэ не бачыў яго жонкі.
Але нават я здзівіўся той змене, што адбылася з ім. Спіна сагнулася, твар жоўты не па-чалавечы, вочы, як у вар’ята. А быў жа ладны і станісты. І пастава высакародная.
– Ты добра зрабіў, што паспяшаўся, Канрад, - сказаў ён, - у мяне вялікая бяда.
І змоўк. І маўчаў, пакуль хлопцам не адвялі жыллё, пакуль не выкацілі ім бочку віна і не накармілі тлуста і смачна.
Я глядзеў на яго высокі вузкі лоб, на валасы, ледзь падвітыя на канцах, але без бляску, бы ў сухотніка якога-небудзь, на вузкія карыя вочы і думаў: “Вось і зразумей цябе, чорта, што ў цябе ў галаве”.
Гэтых людзей нельга зразумець. Т о яны маўчаць, то загадваюць без дай прычыны загнаць добрых коней.
Калі ўсіх напаілі і накармілі, ён падаў мне знак ісці за ім. Мы ішлі бясконцымі пераходамі і вісячымі галерэямі, ён ціха, як кот, я грукочучы, як вядро на цыганскім возе.