Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Ну, мы ў той спісак не папалі, дзе бытта партызанскія сем'і. Таму мы засталіся. Нас вывезлі адсюль.
А калі мы потым вярнуліся ў сяло, каб накапаць картошкі ці жыта сваё зжаць, — усё тут было спалена.
Патом пачалі калодзежы глядзець: гэта ўжо было пасля вайны.
Немцы людзей у душагубках травілі на беразе, а потым прывозілі і скідвалі ў калодзежы. Тут чатыры такія калодзежы. Душагубка — машына спецыяльная была, закрытая, і газам атраўлівалі…
Немцы спачатку людзям сказалі, што будуць прывозіць малых дзяцей, сірат, каб у нас яны, у Касцюковічах, жылі. Дык мы думалі, калі яны прыехалі, што гэта яны вязуць тых дзяцей. А яны не дзяцей нам везлі, а прыехалі ды нас загубілі…»
Больш памятае Дар'я Гусак, тады — ужо дарослая.
Людзі з сяла былі выгнаны на бераг Прыпяці, што і тады спакойна плыла сабе ў сваю вечнасць па раздоллі зялёнай даліны, унізе ад Касцюковіч і далекавата, калі хадзіць на раку пехатой.
«…Нас, партызанскія сем'і,— расказвае Дар'я Несцераўна, — паставілі на беразе асобна. Мужчын і жанчын асобна. Яшчэ ў мяне сястра была, з дваццаць чацвёртага года. Маці папрасіла аднаго паліцая:
— Мой даражэнькі, ты маіх гэтых дзевак забяры куды-небудзь, усё роўна нам ужо магіла.
Дык ён нас дваіх узяў туды, дзе збіралі адпраўляць у Германію.
Як мы ўжо ішлі, дык бачылі — разбіралі ў вёсцы калодзезі, ужо іх падгатаўлялі на людзей… А гэтыя душагубкі, знаеце, яшчэ толькі пад'ехалі. Такія яны, як вот ездзяць нападобіе кузні ў нас. З МТС. Толькі ў гэтых цвет цёмна-зялёны, а там, як бы вам сказаць, салатавы. Такія нейкія вілюхі. Іх дзве было: адна на беразе, а другая ўжо тут пад'ехаўшы, к калодзежу.
Яны, знаеце што, сядзелі на беразе, мужчыны, іх пасадзілі ў рад па шэсць чалавек, на каленцах… То адзін яшчэ аглянуўся так, — гэта Грыша Адамоўскі,— а немец падышоў і прыкладам як дасць сюды па шыі, дык ён вот так абвесіў галаву, і кроў пайшла з носа, з рота. I ён болын не падняў галавы.
У мяне маці і бацька засталіся там…»
Нейкі Іван Рачыцкі, чорная душа, перад вайною спрытны прыстасаванец, што залез быў, калі браць па ягоных маштабах, даволі высока, дапамагаў карнікам распазнаваць у натоўпе касцюкоўцаў партызанскія сем'і і тых, каго ён лічыў памочнікам партызан.
«…Дык адных астаўлялі, а другіх выводзілі,— расказвае яшчэ адна цётка, значна старэйшая, Дар'я Мінаўна Карась. — А тых, што пакінулі, а потым забілі,— тым гаварылі, што іх павязуць кацерамі.
Толькі іх не павезлі тымі кацерамі, а чатыры калодзежы напхалі. Вот у гэтым адны жанчыны, у гэтым адны дзеткі. Там два калодзежы — адны мужчыны… Яны падзялілі іх.
Як прыязджала наша камісія, руская, — раскопвалі. Дык тут адны мужчыны. Голыя, голыя! Раздзявалі іх. Бацька адзін прышоў, сына свайго пазнаў, ён наверсе быў, і пахаваў на могілках. Цэленькія ўсе былі, не пазгорбленыя і нічога. Словам — яны травілі. Бо як кідалі б жыўём, дык чалавек курчыўся б, гнуўся б у вадзе, а то яны цэленькія, роўненькія. Ляжалі, як іх пакідаў, так і ляжалі…»
Карнікі стараліся, каб іх работа была чыстая», каб яе ў вёсцы тады ніхто, апроч х саміх, не бачыў. На беразе Прыпяці людзей саджалі ў тыя «салатавыя аўтобусы», у кожным з якіх змяшчалася да шасцідзесяці чалавек. У дарозе да вёскі людзі душыліся выхлапным газам, каля калодзежаў іх гаспадарліва раздзявалі і голых кідалі ў прадонне. Усё рабілася настолькі спраўна і ціха, што тыя, хто заставаўся тым часам каля ракі, стоячы на каленях і тварам ад вёскі, нічога не бачылі і не чулі. Тыя ж, хто быў у той дзень асуджаны не на смерць, а толькі на часовае выгнанне з роднай вёскі або на вываз у Нямеччыну, былі ўжо выгнаны і вывезены з Касцюковіч.
I усё ж Дар'я Гусак, калі яе міма гналі, заўважыла, як рыхтавалі для людзей калодзежы, бачыла і той «салатавы аўтобус»… Бачыла, аднак не ведала, што тут да чаго, і разабралася толькі пасля, значна пазней, калі над тымі карнікамі, якім не ўдалося ўцячы або замесці сляды, адбыўся суд і на судзе тым пабывалі людзі з Касцюковіч.
Выраз «Чынгісхан з тэлеграфамі» належыць А. I. Герцэну. Сімвал нелюдства бачыўся яму ў палавіне мінулага стагоддзя ўзброеным ужо не толькі рукамі ды нагамі, шаблямі ды лукамі, але тэлеграфамі, параходамі, чыгункамі, стрэльбамі Мінье і ракетамі Кангрэва…
Знішчаючы мірнае насельніцтва, фашысцкія чынгісханы розных рангаў карысталіся і метадамі сваіх папярэднікаў, і новай, дасканалай тэхнікай. Былі ў іх аўтаматы, міны, аўтамабілі, радыё, бронецягнікі, самалёты і супернавінка — іхняе вынаходніцтва — Sonderwagen або Gaswagen, душагубка, рухомая памочніца канцлагерных газавых камер.
Альберт Шпэер, міністр узбраення і ваеннай прамысловасці трэцяга рэйха, адсядзеўшы дваццаць гадоў, адмераных яму на Нюрнбергскім працэсе, напісаў «успаміны». У гэтай кнізе пра свайго друга і фюрэра ён гаворыць так: