Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Пра паядынак старэнькай, нямоглай жанчыны з баявым самалётам «люфтваффэ» расказвала нам Зінаіда Путронак, сакратар сельсавета ў вёсцы Боркавічы Верхнядзвінскага раёна. Тады ёй было дзевяць год, і жыла яна ў роднай вёсцы Ваўкі, дзе адбываўся той паядынак.
«…Не паспелі мы да гэтага лесу даехаць, як наляцела другая парція самалётаў і пачалі паліць хаты. Якой-та жыдкасцю. Варашылава бабуля… Яе сын цяпер у Міёрскім раёне пражываець. А тады быў на фронце. Сям'я вялікая была. Было сямёра дзяцей… Яна засталася адна і да паследняга сваю хату зашчышчала. Яны тры разы палілі, а яна ўсё пяском тры разы тушыла… Ну, потым яна ўжо не змагла. Нізка-нізенька самалёт спусціўся і падпаліў. I яна ўжо была абгарэўшы, сіл не было, і яна пайшла. У нас называлася такая Старасека — лес. А вёску ўсю нашу спалілі…»
У вёсцы Лозкі Калінкавіцкага раёна, дзе забіта 476 чалавек, супраць бабуль, дзяцей, жанчын і ўсіх іншых няўзброеных, мірных людзей быў выкарыстаны бронецягнік. 22 чэрвеня 1942 года. Гэта было вельмі зручна: лясная вёска расцягнулася каля самай чыгункі, на аўтаматны стрэл ад яе.
Расказвае Кацярына Крот, што была тады маладою дзяўчынай.
«…Ну, я той дзень… У мяне сястра была і бацька, маці не было. Мы жылі ўтраіх…
Не магу я расказваць… (Плача.)
Тады я з сястрой была на рабоце. Стрэл адкрыўся. Чуем — поезд ідзе, стрэл адкрыўся. Мы прышлі дадому…
От характар — гаварыць не магу…»
Калісьці, можна здагадвацца, валявая і энергічная, яна прыкусвае губу і змаўкае, каб не расплакацца зноў.
Гаспадыня хаты, у якой мы сядзім, Вольга Века, мала старэйшая за расказчыцу, сама перажыла той жахлівы «стрэл».
Апроч ваеннага гора, аднаго для ўсёй вёскі, ёсць у яе яшчэ і нядаўняе, ужо толькі сваё: загінуў малады, адзіны сын. Электраманцёр. Цягнулі высакавольтную лінію, і на яго «ўпаў слуп». Фота вясёлага, бравага юнака павялічана разам з даўнейшым фота маці, калі яна, Вольга Іосіфаўна, і сама была маладая, вясёлая. Гэты падвойны партрэт, нібы здымак шчаслівай пары або, яшчэ болыл падобна, дружных сястры і малодшага брата, вісіць у міжваконні пад белым вышываным ручніком. Умудроная даўнім і новым горам жанчына, гаспадыня стаіць каля свае халоднай белай кахлянкі, залажыўшы за спіну рукі, якія цяпер не пагрэеш, і на плач сяброўкі, што госцей прыйшла з другое вёскі, дзе замужам, нягучна, але на ўсю глыбіню разумення, сур'ёзна кажа:
— Ты не плач. Пацярпі. Трэба цярпець. О, як жа ён умее гэта, наш народ!.. Сяброўка супакойваецца пакрысе і ўжо гаворыць зноў.
«Там гэты канец, дзе людзей білі, ужо гарэў поўнасцю. Ужо вёску палілі з поезда. Нас на вуліцу павыходзіла, можа, чалавек пяцьдзесят, і гаворым:
— Дзеўкі, уцякайма ў лес!
А сястра мая гаворыць, што не пойдзе. Бо гаварылі людзі раней, што і з самалёта будуць страляць, і ўсяляк страшылі, але — не стралялі…
I вось сабралі нас і вядуць проста ў той агонь. Мы просімся, а яны нас цераз вуліцу вядуць у двор, і ўжо там хлеў падпальваюць. I так мне хочацца, і так жа мне хочацца ўцячы!.. Адзін раз я паспрабавала. Жыта было пасеяна каля самай вуліцы, дык я хацела туды, а немец замеціў, крыкнуў і вінтоўку наставіў. I я пашла. Ідзём, ідзём, а там, дзе ўжо яны палілі, сільна многа немцаў відаць. Дайшлі мы да сярэдзіны, дзе ўжо мы жылі, сям'я наша, а тут стаяла хата незгарэўшая і абгароджаная, як і трэба. I падружка ішла са мною. Дык яна гаворыць:
— Давай сюды ўцякаць!
А на гэтую сторану вецер кланіў, дык усё пагарэла і садоў не засталося. А іду я, можа, метраў дзесяць наперад. А потым вось так азірнулася назад. Тая дзяўчына пабегла сюды, а я сюды. Тыя два немцы — яны мяне не замецілі, і трэці не замеціў. Я і пабегла ў двор, а там ужо ў картоплю, у жыта і — папаўзла.
А тых усіх павялі.
Я адпаўзла так метраў, можа, са сто ад вёскі і ляжу ў жыце, думаю: «Што ж яны там будуць з імі рабіць?» Праўда, я далекавата была ад іх, адтуль, дзе іх палілі,— метраў, можа, з чатырыста, а можа, і болып. Ляжу я і слухаю, а іх там з аўтаматаў: та-та-та-та — строчаць, строчаць з аўтаматаў, як завялі ўжо ў хату. Ляжу я, ляжу, а потым бачу — гараць ужо хаты і вёску ўсю асвяціла. Відна стала, бо ўжо цямнець збіралася.
А поезд так і хадзіў па пуці: сюды-туды, сюды-туды. Як ён біў па сялу! 3 кулямётаў ды з усяго. Аж тое жыта косіць!..
А я ў разоры ляжу. Бо я чула, што мужчыны гавораць, як на вайне — у ямку трэба. Ляжу я к пуці галавою, а поезд, здаецца, коціцца ў нагах. Так перапужалася, што не чуствую нічога. Ляжала, ляжала я, ужо цямнее. Чую: машыны пагулі на Васілевічы. I поезд пайшоў. Той, што страляў.
Я тады ў жыце ўстала, вярнулася на сваё селішча і пагукала, можа, дзе хто ёсць. Аніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць… Дзе ж дзецца? Куды ж ісці?.. Пайду я забяру тое барахло, што кінула, і пайду ў лес.
Падыходжу я туды — багацтва ўжо ляжыць, а людзей няма, і ўжо цямнее. Сустрэла дваюродную сястру, і яна сказала мне, што людзей папалілі…»
Бронецягнік — тэхніка баявая, толькі прыстасаваная для забойства мірнага насельніцтва.
Была і тэхніка спецыяльная…
З яе работай, дакладней — са слядамі гэтай работы, мы пазнаёміліся ў вёсцы Касцюковічы, кіламетраў з трыццаць ад Мазыра, уверх па Прыпяці.
Расказвае малады чарнявы мужчына ў цяльняшцы пад расшпіленай кашуляй. Прыпяцкі бакеншчык Андрэй Казак, у хаце якога мы адразу тут прыпыніліся.
«…Мне восем гадоў было. Я помню так: Падышлі машыны, к нам напроці, дзе вот мы жывом на цэнтры. Падышла машына з халабудай. Стала. Там гэта, у гэтай халабудзе, знаходзілася бочка. Кожны падыходзіў ды па кружцы пілі чаго-та. Там і немцы, і паліцаі былі. Наверна, гарэлку.
Народ сагналі ўвесь і пачалі зганяць на бераг.
Мы малыя былі, нас матка за рукі дзяржала. Матка чаго-та сказала на аднаго паліцая. Ён вінтоўку наставіў і хацеў: моў, я цябе прыкончу! Тутака мы пачалі галасіць.