Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

На завароце вуліцы мы ледзьве не збіваем з ног некалькі байцоў. Ратуючыся ад коней, яны, лаючыся, ускокваюць на прызбу хаціны. Адзін нехта прыціскаецца да плота, і па ладнай цыгейкавай шапцы на галаве, а найбольш па сумцы ля боку, я пазнаю ў ім камандзіра. Раптоўная надзея ўспыхвае ва мне. Я хачу спыніць фурманку, але яна спыняецца сама — гэта ён у злосці хапае за цуглі коней і завяртае фурманку ўпоперак вуліцы.

— Стой!

Голас яго злы, уладарна-нецярплівы, здаецца, зусім недарэчы такая сустрэча. Але цяпер гэта мяне мала засмучае: што там далікатнасць, калі ў тылы прарваліся танкі! Я хачу крычаць яму пра іх, ды ён апярэджвае мяне:

— Хто такія? Чыя павозка?

— Ды параненыя! Не бачыце хіба? 3 батальёна Шароніна, — адказвае Каця.

— Таварыш камандзір, — кажу я. — Трэба як перадаць у штаб, у разведаддзел… Камдзіву. У стэпе недалёка танкі. Нямецкая засада.

Камандзір усё гэта зацята выслухоўвае, падыходзіць да павозкі, зазірае ў яе і, нібы не чуючы маіх слоў, тонам, які не дапускае пярэчання, загадвае:

— Злезці ўсім!

— Ды вы што? — усхопліваецца на перадку Каця. — Вы што: тут цяжкапараненыя!..

— Санінструктар, так? Ка мне, санінструктар! Вы, паранены, таксама! — не прымаючы пад увагу пярэчанні, ківае ён на мяне.

Аднекуль ля яго з’яўляецца аўтаматчык, цяпер іх ужо двое. Камандзір стаіць за два крокі ад мяне, грозны і няўмольны, як генерал. Я ўзіраюся ў яго плечы, імкнучыся вызначыць званне, але там нічога не зразумееш. Угары ззяе месяц, і мне не відаць яго твару, зацененага шапкай. Але я ўгадваю, што твар гэты не абяцае дабра.

— Паўтараю: санінструктар, вы — з забінтаванай галавой, павозачны і вы, — ківае ён у бок немца, — хадземце за мной.

Нічога не зробіш. Каця першай саскоквае з перадка. Неахвотна пакідае сваё месца ездавы. Трымаючыся за рабрыны фурманкі, злажу я. Камандзір ступае наперад.

— Марш у памяшканне!

Я думаю, што гэта бязглуздзіца — не болей. Куды ён нас павядзе і што мы яму тут зрабілі? I я хачу вытлумачыць:

— Вы разумееце: танкі. Мы спяшаліся далажыць. Праз якую гадзіну яны могуць быць тут.

Камандзір азіраецца.

— I папрашу памаўчаць. Пакуль у вас не пытаюць…

— Ну, пайшлі, падумаеш! — са злоснай рашучасцю кажа Каця і ідзе ў двор.

За ёй валачэцца ездавы, пасля немец. Я, трымаючыся за плот, на адной назе скачу следам. Ля фурманкі з двума параненымі застаецца аўтаматчык.

Камандзір вядзе ўсіх цераз двор, потым у цёмныя сенцы і расчыняе дзверы ў хату. На вушаку цьмяна гарыць газнічка, вокны завешаны нейкім рыззём. Некалькі малых палахліва кідаюцца на печ, і неўзабаве з-за коміна з’яўляюцца іх баязлівыя і цікаўныя тварыкі.

— Прашу дакументы! — кажа начальнік, падыходзячы да газнічкі. Я ўзіраюся ў ягоныя плечы — вось табе і на! Толькі капітан, а паставіўся быццам генерал — не меней… Столькі зацятае напускной строгасці!

— Пажалста! — з гатоўнасцю, але і са стоеным выклікам кажа Каця і лезе за пазуху.

Стрымліваючы пры сабе недарэчны тут гнеў, я намацваю пад шынялём нагрудную кішэнь I дастаю сваё пасведчанне. Ездавы наш, даволі пажылы, сялянскага аблічча дзядзька, нетаропка распяразваецца і доўга корпаецца, пакуль знаходзіць у нетрах свае вопраткі старанна агорнутую паперай чырвонаармейскую кніжку. Хвіліну капітан моўчкі вывучае нашыя дакументы. На ягоным чарнявым твары — суцэльная строгасць службіста. Урэшце ён узнімае твар, абводзіць нас пільным прыдзірлівым позіркам і спыняецца на чацвёртым — немцу.

— Гэта немец, — кажу я. — Мы яго на зборны пункт вядзем. У Іванаўку.

Я думаю, што ён зараз жа прычэпіцца да мяне і палоннага, дакументаў на якога ў мяне ніякіх няма, а ягоныя засталіся ў батальёне. Мусіць, у тым я вінаваты. Аднак хто думаў, што маё канваірства павернецца такім чынам! Але капітан, здаецца, не мае намеру лішне чапляцца да палоннага і складвае ў адно нашы паперы.

— Дзе вы бачылі танкі? — пытаецца ён у мяне, змрочна стоячы пад самай газнічкай. Рукі ён выразным жэстам утыркае ў кішэні шыняля.

— У кукурузе. Праз тры кіламетры адсюль.

— Каму вы аб тым далажылі?

— Ды тут даложыш!.. — запальчыва апярэджвае мяне Каця. — Тут у вас усе як пыльным мехам аглушаныя.

Яна так вольна і незалежна трымае сябе перад гэтым прыдзірам-капітанам, быццам ён зусім ніякі і не начальнік. Я, на жаль, так не магу і сціпла стаю, прыхінуўшыся да лаўкі і падкурчыўшы сваю прастрэленую нагу.

— Двум чалавекам дакладвалі, — кажу я. — Капітану з ДОПа і аднаму падпалкоўніку.

— Дык вось зарубіце сабе на носе, — строга кажа капітан. — Больш каб ні слова? Зразумелі? А то — паніку мне развязлі! Як у сорак першым. Я вам пакажу танкі! — заканчвае ён недарэчнай пагрозай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: