Быкаў Васіль
Шрифт:
Ціха, але зусім па-мужчынску вылаяўшыся, да выхаду лезе Каця.
— Не, ужо ўчарашняга не будзе! — кажа яна. — Я зараз…
Дзяўчына хоча выйсці, але шлях ёй загароджвае Сахно. Упершыся нагой у вушак, ён стаіць у расчыненых дзвярах. У здаровай яго руцэ пісталет.
— Назад!
— Ты што — ачумеў? Ану, пусці! Я да начальства.
— Назад! — у нейкай звярынай зацятасці гыркае Сахно.
Каця раптам дужа штурхае яго і, прыгнуўшыся, шмыгае ў дзверы.
— Назад! Застрэлю!
Ён і сапраўды страляе, нечакана глушачы ўсіх нас. У мяне здрыгаецца сэрца: ці не здурнеў ён, гэты законнік? Побач узнімаецца з падлогі лейтэнант і разважлівым голасам звяртаецца да раз’юшанага капітана:
— Паслухайце, што за спектакль? Сапраўды трэба далажыць начальству. Трэба ж эвакуіраваць параненых. Што вы ўперліся?
— Маўчаць! Я загадваю — маўчаць!
Шырока расставіўшы ногі, Сахно шэраю нязрушнай глыбай стаіць у дзвярах. Пiсталет ягоны скіраваны ў хату. На падлозе робіцца вельмі сцюдзёна.
— Яму абы маўчаць! — злосна зазначае нехта.
Аднак патроху ў хаце змаўкаюць. Хто ведае, чаго можна чакаць ад гэтага чалавека.
Сахно стаіць так даволі доўга, і мы ўсе маўчым. Толькі абпалены гучней, чым раней, стогне пад акном. Юрка сціхае і дробненька, булькотна дыхае. Я не магу даўмецца, што рабіць з ім, калі зноў, як і раніцай, давядзецца ўцякаць з сяла. Ці не лепш ужо адразу застрэліць яго і сябе?.. Аўтаматныя чэргі за аколіцай то прыціхаюць, то зноў густа рассыпаюцца ўначы.
Але вось на вуліцы ўсчынаецца гамана. Пад акном рыпяць нечыя таропкія крокі — там група людзей. Ці не па нас? Коратка рыпае ганак, і прамень ліхтара ярка ўпіраецца ў настырчаную постаць Сахно.
— Тут хто?
— Тут параненыя, — змрочна, быццам нават незадаволена, адказвае Сахно. Аднак з парога не саступае.
— А вы хто? Што вы тут робіце? — асвятліўшы пісталет у руцэ капітана, строга пытаецца камандзір.
Раптам яркі прамень з ліхтарыка мільгае па нас на падлозе. Усе жмурацца.
— Я прысякаю паніку! — усё тым жа тонам кажа Сахно.
— Паніку?
– Іменна так. Паніку.
— Якую там паніку! — разважліва кажа нехта з цемрадзі хаты. — Нас у шпіталь трэба. Тут цяжкапараненыя ёсць.
Постаць невядомага павяртаецца да людзей. Ягоны моцны ліхтарык гойсае туды-сюды па аблеглых на падлозе людзях і спыняецца. Скрозь — шынялі, паўшубкі, бінты і насцярожаныя нерухомыя твары…
— Я не ўпаўнаважаны наконт эвакуацыі, — цвёрдым камандзірскім голасам абвяшчае апяразаны рамянямі чалавек. — Сяло абыходзяць немцы… Палкоўнік Гардзееў загадаў: усіх у строй. Хто можа, прашу за мной! Зараз жа!
— Гэта іншая справа, — пасля кароценькай паўзы адгукаецца нехта ў куце.
— Па-людску. А то пісталетам грозіцца…
— Ану, выходзь, хто можа!
— Вядома, выходзь! А то ўсім крышка.
З кута неўзабаве выбіраюцца двое. Устае нехта ад парога. Уздыхнуўшы, нялёгка ўзнімаецца лейтэнант з рэдакцыі. Я не ведаю, як быць мне. Няёмка адставаць ад іншых і не хочацца больш пакідаць Юрку. Адчуваю, без мяне ён загіне. Зноў праклятая нага востра разбалелася на ноч.
— Стой! — нібы спахапіўшыся, зноў крычыць Сахно. — Маёр, спыніце людзей! Тут неправераны элемент.
Маёр, які ўжо рушыў з дзвярэй, недзе спыняецца і бліскае на Сахно ліхтарыкам.
— Які элемент?
— Распрапагандаваны, антынастроены элемент. Тут размовы…
— А кіньце вы, капітан! Якія размовы…
Маёр выключае ліхтарык і знікае на ганку. За ім выходзяць чацвёра байцоў. Сахно некалькі секунд збянтэжана стаіць у дзвярах, пасля кідаецца за імі следам.
— Маёр, вы будзеце адказваць! Я далажу палкоўніку! — даносіцца ўжо знадворку.
Нехта ў хаце зноў брыдка лаецца.
Лейтэнант ля сцяны няспешна рыхтуецца ісці. Спачатку ён старанна апускае вушы свае шапкі. Затым дастае з кішэні трохпалыя рукавіцы. Усе яго рухі паныла-замаруджаныя. Я бачу і ўсё разумею, як не хочацца яму ісці туды, адкуль, хто ведае, ці суджана будзе вярнуцца. Ля яго ног пакорна сядзіць, чагосьці чакаючы, немец. Я ў разгубленасці — што рабіць? Лейтэнант кідае позірк уніз на мяне, пасля — на Юрку. I я думаю, калі толькі ён скажа «пойдзем» — я ўстану. Але ён старанна ўсцягвае на пальцы рукавіцы і кораценька ўсміхаецца.