Уладзімір Арлоў
Шрифт:
У доме ў Мельяновiча iлюзiя адно мацнее: беларуская бiблiятэка, калекцыя ручнiкоў, абразы, беларуская мова ў тэлефоннай слухаўцы... Апрача ўсяго iншага з пошты прывозяць пульхную капэрту беларускае пэрыёдыкi. Як у дзiцячай гульнi, наўздагад выцягваеш адтуль нумар менскага часопiсу «Беларуская думка», наўздагад разгортваеш яго, i на зьмену iлюзiйнай Беларусi прыходзiць рэальная, што прамаўляе да цябе голасам паэта Б. Спрынчана:
Что ему хулители? Ничто!
Он в сознанье поколений врос,
И в своем простреленном пальто
На ветрах маячит, как Христос.
Згадаўшы лёзьненскi iнцыдэнт з замахам на кандыдата ў народныя прэзыдэнты, можна падумаць, што гэта пра Аляксандра Рыгоравiча. Аж не, пакуль што пра Ленiна. Цалкам здаволены першым творам Апалён ужо ня клiча творцу да новай сьвятой ахвяры, але паэт не дазваляе сабе палёгкi і спрабуе яшчэ раз авалодаць музаю. Тая баронiцца, колькi змогi, словы разьбягаюцца з радкоў, быццам прусакi, аднак задыханы, распалены высокiм грамадзянскiм пачуцьцём творца ўсё ж дамагаецца свайго.
Тем, что вижу, наполняю строки:
В Смиловичах, Лельчицах, Ушачах
Вкалывает каменщик на стройке,
Тракторист на пахоте ишачит.
А у водоемов Беларуси
Хищники гнездятся хорошенько.
Кто они? — дознаться не берусь я,
Если не поможет Лукашенко.
Браво, товарищ стихотворец! Колькi сапраўднай выпакутаванай паэзii ўжо ў адных толькi «водоемах Беларуси»! Глядзiш, хто-небудзь з самых вэртыкальных павесiць за такiя рыфмы мэдаль Францiшка Скарыны, а мо й зацьверджаны, як нi дзiўна, Вярхоўным Саветам ордэн К. Калiноўскага. Хоць лепей, вядома, спачатку параiцца з народам i правесьцi рэфэрэндум: цi вы «за» новыя ўзнагароды ды iхную iнтэграцыю з Расеяй, цi вы супраць нашага прэзыдэнта? Калi «за», дык Калiноўскага заменiм на Мiхаiла Мураўёва, а Скарыну, што, безумоўна, таемна спачуваў БНФ, ну хоць сабе на маскоўскага князя Васiлiя III, за якiм у «первопрестольной» заслужана палiлi арыентаваную на агрэсiўны Захад Францiшкаву «Бiблiю».
18.06. Ваколiцы Вашынгтону нагадваюць краявiды, што плывуць за вакном цягнiка, калi пад’яжджаеш да Вiльнi з боку Новае Вялейкi: зялёныя асмужаныя горы, яры і нават гатычныя сьпiчакi.
Пасьля Нью-Ёрку горад выдае правiнцыйным — не раўнуючы, як пасьля Менску наш Слуцак. Беларускае пасольства на вулiцы Нью-Гэмпшыр, 1619. Кажуць, тры днi таму пасол Мартынаў загадаў спусьцiць бел-чырвона-белы сьцяг. Ня ведаю, хто загадаў яго падняць зноў, але я фатаграфуюся пад тым самым сьцягам, якi ў верасьнi 1991-га мы з Сокалавым-Воюшам ды iншымi нацыяналiстамi вешалi над Полацкiм гарсаветам i якi, будзьце пэўныя, мы раней цi пазьней павесiм iзноў.
Праз пару кварталаў вулiца перакрытая палiцыяй: дэманстрацыя сэксуальных меншасьцяў. Наперадзе гурма жыцьцярадасных гомасэксуалiстаў зь вясёлым гiканьнем цягне зладжанага з блакiтных i бэзавых паветраных шарыкаў даўжэзнага, ярдаў на пятнаццаць, цмока. Шчыльнымi шыхтамi праходзяць стройныя хлопцы ў жаночых сукенках. Газуюць у бок Белага дому актыўныя лесьбiянкi на зiхоткiх «Ямахах» i «Хондах». Прагарцавала тройка мазахiстак, запрэжаных у вазкi з сваiмi садысткамi. Туга падперазаўшыся навюткiм калючым дротам, засяроджана прадэманстравалi мужчыны-мазахiсты ў сталёвых аброжках з кольцамi для ланцугоў. На ўзьбярэжжы гэтай бясконцай ракi гетэрасэксуальны глядач трапляе ў абладу непрытульнага адчуваньня, што сэксуальная меншасьць — гэта не дэманстранты, а ён сам. Каб пазбыцца дыскамфорту, публiка пачынае адпускаць зьняважлiвыя рэплiкi наконт таго, што вашынгтонская працэсiя — дрымучая самадзейнасьць. Маўляў, сапраўднае сьвята «блакiтных» будзе сёньня ў Нью-Ёрку: там i алiмпiйскi чэмпiён у скачках у ваду Грэг Луганiс, i таварыства садамазахiстаў iмя Ўленшпiгеля, i нацыянальныя калёны гасьцей з усiх куткоў сьвету.
(Вечаровыя тэлепраграмы цалкам пацьвердзiлi прагнозы. Унiз па нью-ёрскай Пятай авэню ехалi ахвяраваныя пiваварным канцэрнам «Мiлер» плятформы з маляўнічымі жывымі кампазыцыямі, маршавалi блакiтныя аддзелы вайсковых вэтэранаў i палiцэйскiх чыноў, сiвенькая бабуля чыкiляла пад лёзунгам «Госпад блаславiў мяне двойчы: сын — гомасэксуалiст, дачка — лесьбiянка...» Расейскi нацыянальны кантынгент рухаўся перадапошнiм, ззаду заставалiся толькi палякi. Сьвята набыло такое разгарненьне, што газэта «Новое Русское Слово» пiсала: «Городские власти дали голубым потачку и позволили им маршировать мимо собора Св. Патрика, где от демонстрантов ожидали выходок типа прошлогодних и заготовили поэтому охапки пластиковых наручников и стопки желтых одеял для немеденного покрытия оголившихся. Когда мы подошли к собору, там было столько полиции, как будто приехал папа римский или Клинтон; если бы у Зимнего было столько ментов в октябре 1917-го, всем нам не пришлось бы мучиться на чужбине».)
Ня выключана, што вам, як i мне, калi-небудзь таксама ўмроiцца кiнуць вока на залю Вярхоўнага Савету РБ, дзе прымалi Канстытуцыю, зьбiвалi дэпутатаў ад апазыцыi ды нацiскалi кнопкi за аднаўленьне «праздника Великого Октября». Як той казаў, i хочацца, i рагочацца: на шляху ў цьвярдыню нашае дэмакратыi паўстане трайная заслона спрактыкаваных у яе абароне бамбiзаў. А вось у будынак амэрыканскага сэнату кожны — абы ахвота — зойдзе без усякiх прапустак, спэцдазволаў i татальных шмонаў. Нагледзеўшыся ў кулюарах на парадныя партрэты і бюсты тамтэйшых прэзыдэнтаў, вы прысядзеце на бальконе залi паседжаньняў i паразважаеце, хто і калi станецца героем i аўтарам першага такога партрэту ў Рэспублiцы Беларусi.
Нягледзячы на тое, што ў гады студэнцтва мне давялося ўдзельнiчаць у крутой разборцы з мурынамi, я так i не зрабiўся перакананым расiстам. Таму маё сьведчаньне будзе больш каштоўнае, чым у якога-небудзь ку-клукс-кланаўца: калi вы раптам заўважыце, што вакол брудна, што ходнiкi густа запляваныя, а з будынкаў абсыпаецца тынк, што жанчын не прапускаюць наперад, а на другiм пляне кагосьцi прыцiскаюць да сьцяны — ведайце, што трапiлi ў чорныя кварталы. Там белыя не жывуць i бяз скрайняй патрэбы стараюцца не зьяўляцца.