Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Праз колькi часу Мартынчык з Хацкевiчам ды зь яшчэ адным менскiм мастаком Бабровым апынулiся за Ля-Маншам. Быў падпiсаны кантракт з ангельскiм прадпрымальнiкам беларускага паходжаньня. Наперадзе маячылi пэрспэктывы ўежнай i грашавiтае працы з фарбамi й пэндзлем. Але «нядоўга музыка гучала»: на трэцi тыдзень гаспадар разарваў кантракт i выставiў хлопцаў на вулiцу зь дзьвюма сотнямi фунтаў.

Грошай хапiла даехаць да Лёндану і купiць сталiчную булачку. Убачыўшы ў вiтрыне кiтайскае рэстарацыi румяныя залацiстыя каўбаскi, сябры далi сабе слова, што, разжыўшыся на грошы, купяць i зьядуць адразу па кiляграме гэтага смакоцьця. Шчасьлівы дзень надышоў! Раты напоўнiлiся саладкаватаю асцой, зубы з асалодаю ўпiлiся ў хрусткую корачку... Каўбаскi былi кiтайскiя — жывое сала з цукрам.

Валерава жонка Iрына частуе мяне ў Беларускiм доме на Penn Road нечым больш прымальным для славянскага страўнiка. Мартынчыкава кватэра пакуль што служыць i майстэрняй. Баброў ужо даўно на гiстарычнай радзiме, у Iзраiлi. Гена Хацкевiч прыжыўся ў калёнii вольных мастакоў пад Парыжам. Валера езьдзiць туды на гасьцiны: Лёндан ён любiць болей за Парыж. Ягоныя працы, шкодныя для цнатлiвага мастацкага густу насельнiкаў колiшняе iмпэрыi, здаецца, няблага выстаўляюцца й прадаюцца. Рэпрадукцыя адной зь iх — «Consolation Zone», або «Зона суцяшэньня», цяпер аздабляе мой пiсьмовы стол сваёй жоўта-зялёнаю, падобнаю да звалкi хаатычнай прастораю, у якой тоiцца не ўтаймаванае паласатымi шлягбаўмамi iмкненьне вырвацца на волю.

Пра гэтае iмкненьне кажа аўто з фургонам, на якiм Мартынчык ганяе па Лёндане й падарожнiчае па Францыi. Мара пра ўласны дом — таксама не абы-якое сьведчаньне, бо тут не зазвычаена раскрываць абдымкi хiмэрам.

На заканчэньне нашае экскурсii па брытанскай сталiцы я атрымлiваю ад Валеры карысную ў тутэйшым жыцьцi зьвестку, якою ахвотна падзялюся з чытачом: калi вы пачуеце з вуснаў ангельца «бля-бля-бля», гэта зусiм ня значыць, што рэспэктабэльны джэнтэльмэн або вытанчаная лэдзi па-дылетанцку лаюцца на «великом и могучем», бо трайное «бля» перакладаеца як бяскрыўднае «ля-ля-ля», то бок балбатня.

Underground

Дзякуючы iнструктажу я без праблемаў перакладаю ў падземцы пагрозьлiвую тыраду чарнаскурага дзяжурнага. Ён гаворыць: «Ня трэба ля-ля-ля». На шчасьце, я зьяўляюся ня ўдзельнiкам, а гледачом. Тры суразмоўнiцы ахоўнiка парадку лапочуць па-польску. Сытуацыя досыць банальная. Авантурная польская прадпрымальнасьць зноў сутыкнулася з флегматычнай ангельскай прадбачлiвасьцю.

Рэч у тым, што на шмат якiх станцыях лёнданскага андэграўнду вы прасьцей простага можаце сесьцi ў вагон без усякiх жэтонаў, праязных квiткоў, турнiкетаў i кантралёраў. Але ваш сум па турнiкетах ня здоўжыцца. Яны сустрэнуць вас на выхадзе i — адрозна ад айчынных, якiя зазвычай мерацца спотайку выцяць вас па якiм-небудзь далiкатным месцы — усяго толькi запатрабуюць засунуць iм у нутро ваш ticket з датаю, коштам, указаньнем зоны etc. Пасьля гэтага перад вамi адкрыюцца два шляхi. Адзiн будзе ўвасабляць звычайна цемнаскуры мацак з пачкам квiткоў на штраф, роўны палове сярэднемесяцовага заробку грамадзянiна РБ. Другi варыянт падрабязна разгледжаны ў навэле Хулiё Картасара «Нататкi з блякноту».

Разгавіны

Пасьля ўсяночнай у царкве Пятра й Паўла вас запросяць на застолiцу, у якой будуць браць удзел два дзясяткi спадарыняў, спадарычняў i спадароў i ў два разы болей сьвяточных страваў.

Зь сьцяны палагаднелым з нагоды сьвята позiркам будзе глядзець наш грэка-каталіцкі бiскуп Часлаў Сiповiч. Ён заўважыць, што Гай Пiкарда паставiў на стол запечаную з марскiм багавiньнем «бульбу па-iрляндзку», пляшку джыну зь пярынкамi зуброўкi і чамусьцi мацу. Айцец Кастусь (ён выдае на вялiкага Малога Чалавека Балотных Ялiнаў зь «Дзiкага паляваньня караля Стаха»), якi жыве пры Доме марыянаў, адразу ж голасна выкажа здагадку, што адным з кампанэнтаў гэтае мацы стала кроў хрысьцiянскiх немаўлятаў, але, пакаштаваўшы кулiнарны выраб сп. Гая, вы не адчуеце прысмаку крывi маленькiх адзiнаверцаў i пераканаецеся, што на смак маца болей нагадвае, бадай што, сушанае вуха ягонага прадзеда Франсуа Абрагама.

Арына з Каралiнаю і а. дыякан будуць выходзiць з колькiдзённага посту асьцярожлiва, быццам на стале нейкiя заморскiя стравы, а не «нарачанскi» хлеб, менскi сэрвэлят ды свойская, пханая пальцам каўбаска, якую прывезла жанчына з Гомелю, што можа запытацца ў вас, цi ня ў Лёндане вы навучылiся гаварыць па-беларуску. Паэтка й перакладчыца Вера Рыч усьмiхнецца сваёй вечнай загадкава-гiранiчнай усьмешкаю. Яна ведае, што гэта цалкам магчыма — навучыцца ў Лёндане па-беларуску і нават выдаць там анталёгiю беларускай паэзii ад 1829 году. Другая мая суседка навучылася па-беларуску яшчэ ў Беларусi i, дарма што пражыла амаль усё жыцьцё сярод падданых яе вялiкасьцi, узбагацiла сваю беларускую лексыку дзякуючы ангельскамоўнай стыхiі адзiным слоўцам — «кустамер». (Потым вы даўмеецеся, што гэта зусiм ня той чалавек рамантычнае прафэсii, якi немаведама навошта шнуруе па вечназялёным ангельскiм кустоўi, а ўсяго толькi шараговы наведнiк недалёкага маркету — «customer».)

Эжэн Ёнэско

Самавiта й паважна, пасылаючы тым, хто застаецца на беразе, разьвiтальныя фантаны мэмуараў i фантанчыкi iнтэрвiю й запаветаў, адплываюць у вечнасьць лiтаратурныя левiяфаны ХХ стагодзьдзя. Сымбалiчна й суцешлiва, што пра гэта вы даведваецеся ўжо ня з купленай на аўтастанцыi ў Лепелi «Советской Белоруссии», а з набытага на Piccadilly кiляграмовага выпуску «The Gardian», адкуль астатнi раз усьмiхнецца вам сканалы ўчора ў Парыжы Эжэн Ёнэско.

Не выключаю, што якраз такой эфэктнаю фразай вам захочацца завяршыць нататкi, збольшага накiданыя ў вагоне «Астэндэ—Масква», якi недзе ў Брусэлi цi Аахэне падчэпяць да мiжнароднага экспрэсу «Парыж—Масква». Але жыцьцё зноў давядзе сваю зьверхнасьць над лiтаратураю і лiтаратуршчынай, змусiўшы вас на постскрыптум.

Інстытут культуры

Парыскi цягнiк прыбудзе апоўначы на станцыю «Iнстытут культуры». Некультурны маскоўскi праваднiк доўга ня будзе адчыняць дзьвярэй, ня верачы, што за цёмнымi вокнамi — сталiца незалежнае Рэспублiкi Беларусi. Нарэшце зь непрасьветнае цемры ў вагон пачнуць ламацца сустрачальнiкi. Хтосьцi будзе падсьвечваць лiхтарыкам плякацiк, адрасаваны дэлегатам нейкага мiжнароднага кангрэсу.

На вагонных прыступках вы моцна-моцна заплюшчыцеся, каб на iмгненьне зноў адчуць пах лёнданскiх вiшняў i нарцызаў, i скочыце на нябачны друз, што здрадлiва папаўзе ў вас пад нагамi.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: