Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

— Is it Minsk? Is it Minsk? — будзе разгублена пытацца гаротны дэлегат мiжнароднага кангрэсу, што праз хвiлю разам з валiзамi абрынецца вам на голаў.

Нехта невiдочны зычлiва, з традыцыйнай беларускай гасьцiннасьцю адкажа зь цямрэчы голасам верагоднага кандыдата ў нашыя прэзыдэнты:

— Мiнск, Мiнск, ё... тваю маць...

Красавiк, 1994

Нумар зь вiдам на Градчаны

Праскія зацемкі

Аднойчы Мiкалай Бярдзяеў дапiў сваю эмiгранцкую каву з каньяком, падышоў да канторкi і запiсаў прыкладна наступнае: уся трагедыя Расеi ў тым, што адной нагой яна стаiць на Захадзе, а другой — на Ўсходзе. «Враскоряку. Трагедия, но и своеобразие», — напружыўшы зьвіліны, удакладнiў мысьляра ў «Литгазете» адзiн мой маскоўскi знаёмы зь вiдавочнымi прэтэнзiямi на пасьмяротную лiтаратурную кананiзацыю.

Я гляджу ў тэлеэкран на завалены мёртвымi целамi пляц перад прэзыдэнцкiм палацам у Грозным i ўдакладняю калегу: каб вашая Расея мела тры нагi, яна стаяла б у Азii дзьвюма, а каб была сараканожкаю, — усiмi 39-цю. Такое вось «своеобразие». Пры гэтым я згадваю, як у Празе мне паказвалi вынiкi сацыялягiчнага апытаньня на тэму: «Суседзяў якой на-цыянальнасьцi вы не хацелi б мець у вашым доме?» Усьлед за цыганамi перадавыя пазыцыi ў рэйтынгу займалi расейцы. Гэта было яшчэ да Чачэнii. Цяпер першае месца цыганам ужо не сьвяцiла б.

Можа, якраз краявiд з грозьненскiмi трупамi, сярод якiх адзiн вiдочна дзiцячы, а другi падобны да мяне, i змушае нарэшце разабраць свой праскi архiў, што складаецца са сьпярэшчаных запiсамi запрашэньняў, праграмак, рэклямак, вiзытовак i рэстаранных сурвэтак. Пасьля нялёгкiх перамоваў лайдакаватая памяць усё ж дае згоду заняцца расшыфроўкаю гэтай ужо амаль што абракадабры. Сабе ў пратаколе я агаворваю адзiную ўмову — пазначаць назву дакумэнту, якi быў выкарыстаны ў якасьцi носьбiта iнфармацыi. Калi вы ня згодныя, што гэтая ўмова робiць гонар дыплямаванаму гiсторыку, можаце лiчыць яе праяваю снабiзму, хоць я трымаюся думкi, што клясычны снабiзм — гэта калi сын швайцара саромеецца падаць палiто свайму сябру.

Зацемкі з рэклямнага праспэкту гатэлю «Атрыюм»

Каб узмацнiць верагоднае падазрэньне ў снабiзьме, адразу паведамлю, што ў гэтым гатэлi нядаўна спыняўся Бiл Клiнтан, аб чым сьведчыць ня толькi праспэкт, але і фотавыстава каля фантана з вадаспадамi ў гатэльным пасажы, дзе няблага ўладкавалiся дзевяць бараў i рэстарацыяў, па якiх найлепей сьлiзгануць абыякавым позiркам задаволенага ўсiм на сьвеце плэйбоя. (Тое самае датычыць i мiнi-бару ў нумары.) Комплекс фiнансавай непаўнавартасьцi можна пасьпяхова пераадолець, дзякуючы татальнай кандыцыянэрызацыi, музычным лiфтам зь бiтламi, Моцартам i фiтанцыдамi, а таксама дзякуючы прыгожанькiм пакаёўкам, якiя ня толькi штодня мяняюць табе ўсю бялiзну, але i (дорачы шматзначны позiрк) заходзяць засьцялiць ложак нанач.

Аднак найбольш надзейна здратаваць свой комплекс ты маеш магчымасьць падчас гатэльнага сьняданку, калi быццам кот пасьля дзясятае ўкормленай мышыны захмялела блукаеш сярод усiх гэтых ёгуртаў, яечняў з бэконам, сасiсак з хрэнам, каўбасак па-праску і па-бэрлiнску, сярод салатаў з усёй вядомай i невядомай табе садавiнай i гароднiнай, сярод пiрамiдаў размаiтых кнышоў i цестачак i запацелых збаноў з экзатычнымi сокамi, сярод цемнаскурых афiцыянтаў з каўнiкамi, калi ленавата ўзгадваеш героя показкi, якi абяцаў калi ня зьесьцi ўсё, дык хоць пакусаць, калi ўжо не паварочваеш свой чуйны нос гурмана на тонкi водар якога-небудзь паштэту з гусiнае пячонкi.

Сярод гэтага раблезiянскага багацьця ў нетрах твайго наладаванага на цэлы дзень страўнiка нараджаецца самазадаволеная думка, што ў параўнаньнi з Клiнтанам у цябе велiзарная перавага. Ты маеш усяго толькi цёплы двухмясцовы нумар на аднаго, а ён займаў цэлы паверх. А хiба лёгка прывесьцi каго-небудзь да сябе ўвечары, калi ў цябе цэлы паверх, ды яшчэ калi яго палову займае паводле пратаколу твая жонка? Няшчасны Клiнтан!

Зацемкі з запрашальніка на прыём у Гішпанскай залі Праскага замку

Першы праскi вечар адметны, прынамсi, трыма падзеямi.

Па-першае, я ўпершыню сёлета надзяваю гальштук. Не завязваю, а менавiта надзяваю, бо — прызнаюся — завязваць гальштукi (пачынаючы зь пiянэрскага) так i не навучыўся, а таму прывез зь Менску ўжо завязаны.

Па-другое, кiраўнiк кiтайскае дэлегацыi навiдавоку ў астатняй публiкi дастае сьпiс i робiць пераклiчку падначаленых, абуджаючы ў памяцi аповеды, нiбыта ў свой час у Кiтаi, гэтаксама як у Манголii i ў вотчыне таварыша Кiм Iр Сэна, пiсьменьнiкі ўраньнi зьбiралiся разам у сваiх саюзах, па званку сядалi за скарбовыя сталы i на працягу васьмiгадзiнавага працоўнага дня з законным перапынкам на абед пiсалi лiтаратурна-мастацкiя творы. (У нашай дэлегацыi пануе поўная анархiя, а каб спатрэбiлася выбраць кiраўнiка, я, не вагаючыся, вылучыў бы Сьвятлану Алексiевiч — пагатоў, ладзячы пераклiчкi, яна не ператомiцца, бо ў сьпiсе буду адно я.)

Трэцяя падзея — сустрэча ў кулюарах з братняй расейскай дэлегацыяй. Млявая рука А. А. Вазьнясенскага. Гаркавая мудрасьць габрэйскiх вачэй Грыгорыя Бакланава. Ветлiвая стома Андрэя Бiтава. «Старшие сестренки» паводзяцца больш непасрэдна. «Вы представляете, — трагiчна ўсклiквае паэтка Юнна Морыц, — даже каких-то белорусов поселили в «Атриуме», а мы вынуждены ютиться в русском посольстве, где из удобств только задрипанный чайник с пачкой сосисок в холодильнике!» (Жахлiвая дыскрымiнацыя, дарэчы, узьнiкла зусiм не таму, што чэхi вырашылi парахавацца за старыя крыўды — месцы ў гатэлi рэзэрвавалiся двум афiцыйным дэлегатам ад кожнае краiны, з Расеi ж прыбыла каманда роўна ў дзесяць разоў большая.)

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: