Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

малалетняга лорда

i пад сьпеў ранiшнiх драздоў

з асалодаю адлупцую яго

за нявывучаныя правiлы

напiсаньня «ў».

Джаз у «Толi Буш»

Паб «Толi Буш» якраз i вядомы ў Гэмпстэдзе ды ва ўсiм Лёндане сваiм джазам. Кажуць, мэлёдыi першых кампазыцыяў прагучалi тут трыццаць гадоў таму. З таго часу каманда джазмэнаў захоўвае вернасьць гэтым сьценам пiўнога колеру, набываючы разам зь iмi ўсё больш iмпазантны выгляд.

Блiзу паловы дзявятай суботняга вечара на дзьвярах «Толi Буш» можна сьмела вывешваць шыльдачку, што месцаў няма, аднак паб — гэта вам ня менская кавярня ўзору канца 1980-х, i туды вас пусьцяць нават у тым выпадку, калi будуць занятыя ўжо ўсе мужчынскiя каленi (дый некаторыя жаночыя таксама, бо аматары добрага джазу трапляюцца i сярод лесьбiянак), а вольныя месцы застануцца адно на кандэлябрах.

А дзявятай з-за столiка каля сцэны падымецца крамяны стары, якога можна бяз конкурсу запрашаць на ролю Гэмiнгуэя, а ўсьлед за iм пацягнуцца, не забываючы захапiць з сабою тонкiя пiнтовыя кухлi, астатнiя музыкi. Калi вы не прапусьцiце моманту iх сустрэчы з iнструмэнтамi, у вас зьлёгку зашчымiць сэрца — столькi ў гэтых дотыках стрыманай мужчынскай пяшчоты.

Магчыма, вам, як i мне, падумаецца, што пяшчоты хапае iм i на жанчын — нездарма ж кожнага засталася чакаць за столiкам падрумяненая пiвам сяброўка пасьлябальзакаўскага веку.

Магчыма, вам таксама захочацца падумаць, што менавiта ў гэтым складзе (улiчваючы сябровак) яны ўпершыню зьявiлiся тут у суботу трыццаць гадоў таму, i вы паспрабуеце ўявiць, якiмi яны былi тады, калi вы пачыналi лавiць у дапатопных радыёлах «Беларусь» музычныя праграмы «Голасу Амэрыкi» i «Радыё Швэцыi» i балдзелi ад голасу вядучай Тамары Юхансан, непахiсна ўпэўненыя, што ў гаспадыні такога голасу і такой музыкi абавязкова павiнны быць самi ведаеце якiя ногi i грудзi i якiя вусны i, ва ўсякiм разе, гэтая швэдзкая Тамара нiяк не магла дазволiць сабе быць менш прыгожаю за Тамару Iванаўну, маладую настаўнiцу ангельскае мовы, замест якой аднойчы ў клясу зайшоў дырэктар школы Абрам Залманавiч — каб паведамiць, што вашая настаўнiца затрыманая мiлiцыяй у гатэльным нумары i звольненая «за связь с иностранцем»; i якiя толькi пачуцьцi нi абрынулiся на нас пасьля гэткае навiны: i дзiцячая крыўда, i недзiцячая рэўнасьць — быццам вы самi маглi замест «иностранца» ўступiць у гэтую «связь» з настаўнiцай, як у сваiх ужо даўно не цнатлiвых снах уступалi ў яе з заморскай Тамарай Юхансан, i прага помсты — калi не самому дырэктару, дык хоць ягонай кучаравай дачцэ Лiзе, а яшчэ школьным актывiстам, якiя зьмяшчаюць у насьценгазэце «За отличную учебу» вершыкi кшталту «Сегодня он играет джаз, а завтра родину продаст» i якiя, вiдаць, i высачылi Тамару Iванаўну, каб здаць яе мянтам.

Вось так, неўпрыцям, памяць пачне iмправiзаваць усьлед за джазмэнамi, i я з радасьцю падначалюся прапанаванаму рытму i хмелю колеру густога залацiстага пiва, хвалi якога знойдуць для мяне сярод музыкi, гаманы і штурханiны тую выспу, дзе й павiнна было падумацца: чаму, седзячы ўчора ў лёнданскай беларускай бiблiятэцы, я адмахнуўся ад навязьлiвае iдэi перачытаць у Ангельшчыне Шэксьпiра, а ўзяў з палiцы на вечаровае чытаньне том Мiхася Стральцова; i пад кадэнцыi саксафанiста на тэму «Sometimes» я ўспомню сваю ўлюбёную стральцоўскую фразу — самы пачатак аповеду «Сьвет Iванавiч, былы донжуан»: «У тэлефоннай будцы былi двое, i я ненавiдзеў iх», фразу, якая, магчыма, абвясьцiла пра нараджэньне нашага лiтаратурнага мадэрнiзму.

Згаданая фраза пацягне за нiтачку цэлую шпулю ўспамiнаў — як Стральцоў прыяжджаў да мяне ў Наваполацак (хоць «да мяне» — гэта яўны перабор) i пакуль мясцовая лiтаратурная брацiя спакойна смактала пракiслае вiно «Эрэцi», мужна пiў за сталом адну мiнэралку, i выходзiў на гаўбец курыць, i прасiў уладкаваць яго заўтра ў гатэль, бо «сам, старычок, разумееш», i лепей, каб было два нумары, i потым у адным зь iх казаў мне, што прачнуўся, падышоў да вакна i адчуў: штосьцi ня тое, а тады даўмеўся, што ў Наваполацку на цэнтральным пляцы няма помнiка Ленiну; а потым мы сустрэлiся на нашым наваполацкiм возеры з халаднавата-прыцемным назовам Люхава: ён стаяў на беразе з жанчынаю, i цяпер мне здаецца, што пячатка блiзкае сьмерцi ўжо ляжала на ягонай неспартовай постацi; а пасьля мы ўсе разам паехалi ў Полацак, i ў Спаса-Эўфрасiньнеўскiм манастыры ён, рэдактар маёй першай кнiжкi, меў поўнае права казаць мне: «Капай глыбей, старычок, пакажы, што зямля ў iх стаяла ня толькi на трох кiтах», а пасьля я толькi аднойчы быў у яго на магiле, дый ня так часта, як, можа, хто iншы, бываю на магiлах бацькоў, таму што калiсьцi паверыў мудрай Бабулi, Ларысе Генiюш, якая, пахаваўшы свайго мужа Янку, не любiла хадзiць да яго, бо зразумела, што няма там нiчога, апрача халоднага каменю ды глiны...

I гэты хмель, i гэты рытм, i гэты настрой авалодаюць iстотай настолькi ўладна, што адно ў самым канцы даўжэзнай дарогi назад у абвеянай начным ветрыкам галаве нарэшце варухнецца першая цьвярозая й рацыянальная думка — пра тое, што лiхтары перад вось гэтым i тым багатымi асабнякамi аўтаматычна запальваюцца пры тваiм наблiжэньнi зусiм ня дзеля таго, каб ты не заблукаў, а каб улякнуць цябе як магчымага злодзея.

Грынвiцкiя страхi

Наогул, гэта даволi забаўна: пераступаеш мядзяны пасак нулявога мэрыдыяну i — Беларусь разам з Полацкам, сябрамі й каханкамі, півам «Аліварыя. Моцнае», прэзыдэнтам, які не гаворыць па-беларуску, i ўсiмi астатнiмi атрыбутамi i аксэсуарамi застаецца ва ўсходнiм паўшар’i.

Мушу прызнацца, што крок у адваротным кiрунку я раблю трохi пасьпешлiва. Назад мяне не ўдаецца завабiць нi тысячагадовым дубам, нi каралеўскiм аленям, што гуляюць па заходнiм паўшар’i, нi стройнай мурынцы, падобнай да нэгатыву адной жыхаркi Менску.

У нас ва ўсходнiм паўшар’i ўсё ня так i блага: тут бегаюць шэрыя ангельскiя вавёркi, сустракаюцца ўтульныя пабы, i ў адным зь iх мае спадарожніцы Арына i Каралiна, якiя ахвярна захоўваюць перадвелiкодны пост, замаўляюць мне, грэшнаму, традыцыйны ангельскi пiрог зь сьвiнiнай i ныркамi, што (асаблiва калi старанна запiваць яго белым вiном) здольны павярнуць да цябе рэчаiснасьць зусiм новымi нечаканымi гранямi.

Суладнасьць, што пануе ў нас ва ўсходнiм паўшар’i, перацягнула з заходняга i мурынку-«нэгатыў», якая спружынiста праходзiць за вакном пабу — напэўна, дзеля таго, каб прысьнiцца мне ў гэтую ноч (пагатоў, менскi «пазытыў» аднаго разу выказваў падазроную цiкаўнасьць да таго, як там у гэтых мурынаў усё ўладкавана).

Галерэя Тэйт

Сёньняшняе падарожжа па галерэйных лябiрынтах бярэ пачатак з залi Ўiльяма Блэйка, дзе каля iлюстрацыяў да Вiргiлiя й «Боскай камэдыi» адразу даеш веры, што ўсе ўвасобленыя на паперы і кардоне вобразы сапраўды зьяўлялiся мастаку ў яго знакамiтых мiстычных снах.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: