Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Былы форвард зноў дае сабе слова дзеля выступу ў iпастасi рыфмара. У працэсе дэклямацыi ён, згадаўшы спартовае юнацтва, робiць усiм корпусам iмпэтныя рухi, стукае кулаком па стале i ўрэшце перакульвае поўную бутэльку з тонiкам, утвараючы на стальнiцы вялiкую лужыну з абрысамi Чорнага мора, на берагах якога некалi вучыўся стукаць па мячыку і лаяцца матам.

Назаўтра я сустракаю яго ў гатэльным калiдоры зь юным стварэньнем, якое маэстра, прапусьцiўшы доўгiя ножкi наперад, рэкамэндуе мне як «девочку на ночь». Пра тое, што яна дазволiла рабiць з сабою, я стараюся ня слухаць. Мне здаецца, што такiя рэчы павiнны заставацца таямнiцаю для дваiх i ў тым выпадку, калi адна з гэтых дваiх — «девочка на ночь».

Зацемкі з запрашальніка на круглы стол «Franz Kafka — Trial and Metamorphosis»

Замест круглага стала мы зь Сьвятланаю ў суправаджэньнi прафэсара Карлавага ўнiвэрсытэту пана Вацлава Жыдлiцкага (некаторыя кнiгi Ўладзiмера Караткевiча ў ягоным перакладзе ў Празе выйшлi раней, чым у Менску) iдзем на старажытны жыдоўскi могiльнiк, якi чэхi захавалi ў самым сэрцы Старога Места. Няхай ахвочыя вiнавацяць мяне ў чым заўгодна, але гэтыя могiлкi — адно з маiх наймацнейшых праскiх уражаньняў. Хаваць тут пачалi ў XV стагодзьдзi, а апошняе надмагiльле датаванае 1787 годам, i, калi блукаеш па зацярушаных кляновым лiсьцем вузенькiх сьцежках сярод дванаццацi тысячаў сьпярэшчаных габрэйскiмi пiсьмёнамi плiтаў, мiжволi й сам у закутку душы робiсься габрэем.

Менавiта адсюль найлягiчней выправiцца ў блiзкi музэй аўтара «Замку» й «Працэсу», каб, сустрэўшы ў доме, дзе ён жыў, строгiя фатаздымкi з габрэйскiмi аблiччамi, графiчныя й скульптурныя партрэты i храналягiчныя таблiцы, пагадзiцца, што зыбку, дзе Франак Кафка сiкаўся, келiх, зь якога пiў, стол, на якiм пiсаў, гэтаксама, як i наш круглы стол, зусiм няцяжка прыдумаць, як табе падабаецца.

Зацемкі з чыстай старонкі ў кнізе «Czech Writers on Tolerance»

Яны прысьвечаныя вiзыту на iншыя праскiя могiлкi — Альшанскiя, куды нас вядзе пан Мiласлаў Зiма, што гаворыць па-беларуску лепей, прынамсi, за двух нашых народных пiсьменьнiкаў.

Сьцьвярджаюць, што гэтыя клады — адзiн з найбуйнейшых нэкропаляў расейскае эмiграцыi. Цэлы шыхт «белых» генэралаў. Мацi Набокава. Куток казацкiх палкоўнiкаў.

Каля праваслаўнае царквы ў стылi пскоўска-ноўгарадзкiх храмаў знаходзiм беларускiя магiлы: справа — прэзыдэнта БНР Пётры Крэчэўскага, зьлева — жонкi яшчэ аднаго прэзыдэнта, Васiля Захаркi, з такой самай «Пагоняю» на помнiку. Да помнiка прыхiнутая замшэлая плiтка, дзе даты жыцьця самога прэзыдэнта Захаркi расчытаць ужо немагчыма. (Мiжволi ўзгадваюцца бачаныя ўчора дагледжаныя жыдоўскiя магiлкi XVII i XVIII стагодзьдзяў.) Празь якiх пару крокаў — сьвежае надмагільле: Мiхал Забэйда-Сумiцкi.

Як на мой кансэрватыўны беларускi густ, дык для сябе я ўсё ж выбраў бы самую занядбаную магiлку, а ня цацачную вазачку за вакенцам тутэйшай сьцяны-калюмбарыю (яна чамусьцi нагадвае мне батлейку) i, пагатоў, ня чысты зялёны лужок без усялякiх апазнавальных знакаў, над якiм нядаўна разьвеялi прах жонкi нашага праваднiка.

Зацемкі з праграмы паездкі на міжнародны фэстываль «Divadlo-94» у Пльзэні

Тлумачу: divadlo — гэта па-чэску тэатар. Музыка — гудба, а, напрыклад, мэдыятар — калі не памыляюся, грашка. Перад намi спадчына аднаго з прынцыпаў чэскага адраджэньня. Мы заварушылiся пазьней, i вось вынiк: маем мэдыятар. Але тэатральны балкон у чэхаў празь нечы недагляд усё ж — балкон, i якраз на iм дэлегаты кангрэсу дзеляцца ўражаньнямi ад толькi што ўбачанага спэктаклю паводле «нехорошей» п’есы «Салавей на вячэру», доўгi час забароненай i ў нас i ў Чэхіі, на радзiме свайго аўтара Ёзэфа Топаля. Трэба адразу сказаць, што «Салаўя» не пускалі ў народ цалкам заслужана: ну што магла сказаць розуму ды сэрцу савецкага чалавека гнюсная гiсторыя пра гнiлую iнтэлiгенцкую сямейку (цi, дакладней, зграю), якая завабiла да сябе госьця, каб пасьля розных iнтэлектуальных выкрунтасаў са смакам зьесьцi яго на вячэру?

Гэтую шкоднiцкую дысыдэнцкую штучку мы мелi гонар глядзець у цёмнай пустой залi проста з сцэны, дзе гасьцям паставiлi колькi дзясяткаў крэслаў, паабяцаўшы нiкога ня есьцi.

Цяпер заля запоўненая публiкаю, а на сцэне пачынаецца адкрытая дыскусiя Вацлава Гаўла зь ягонымi даўнiмi сябрамi Артурам Мiлерам i Томам Стопардам — «Not only about the Theatre».

Услухоўваючыся ў чэскую й ангельскую мовы, я ўяўляю на месцы чэскага прэзыдэнта — свайго. Ролi Мiлера й Стопарда, здаецца, з аднолькавым посьпехам маглi б выконваць, ну, скажам, Умбэрто Эко з Куртам Вонэгутам. Зрэшты не, iталiец Эко да вышынi патрэбнае плянкi наўрад цi дацягне, бо ў яго пэўныя праблемы з ангельскаю, а тым больш — з расейскаю (а толькі на іх, як патлумачыў нам нядаўна наш прэзыдэнт, і магчыма размаўляць пра высокія матэрыі). З той самай прычыны кіраўнік маёй роднай дзяржавы, вiдаць, адмовiцца ад публiчнае дыскусii з Габрыелем Гарсiя Маркесам цi, напрыклад, з нобэлеўскiм ляўрэатам Актавiо Пасам, i давядзецца пасылаць запрашэньне Джону Фаўлзу.

Ужо двойчы згаданы калега з Бэнiну, iмя якога на нашай беднай мове немагчыма нi трансьлiтараваць, нi вымавiць, на дыспут зь беларускiм прэзыдэнтам не прэтэндуе. Ён пахне вытанчаным мужчынскiм адэкалёнам i чамусьцi (хоць мы не вучылiся зь iм разам нi ў БДУ iмя Ленiна, нi ў Сарбоньне) спрабуе ўступiць у дыскусiю з мною, прычым — на вялiкi жаль — па-француску.

Спробы доўжацца i на вячэры ў велiзарнай, быццам графская стайня, пльзэньскай рэстарацыi на слыннай тамтэйшай пiваварнi. У начным аўтобусе па дарозе ў Прагу ў мяне зьяўляюцца рэальныя пэрспэктывы паездкi на паляваньне ў Афрыку. Мой новы сябар гарантуе лiцэнзiю на адстрэл як найменш аднаго зьвера, якога завуць элефантам, ня кажучы ўжо пра розную драбязу накшталт шакалаў i антылёпаў. Пасьля вылазкi ў джунглi мы будзем вяртацца ў бунгала, дабаўляць у вялiкую шклянку вiскi сымбалiчную кропельку содавай i размаўляць пра жанчын або плесьцi фабулы новых лiтаратурна-мастацкiх твораў, вартых гэтага вiскi ды гэтай сучаснасьцi. Я, прызнаюся, хачу ўдакладнiць некаторыя нюансы бэнiнскае буколiкi, але як на тое, забываюся, як будзе па-ангельску «канiбал».

У родным «Атрыюме» ў глыбокiм одуме сядзiць на краi фантану паэт Валодзя Цыбулька, падобны да павялiчанага ў паўтара разу i прыкладна ў столькi ж разоў цьверазейшага паэта Анатоля Сыса. Валодзя адмовiўся ад вандроўкi ў Пльзэнь на той законнай падставе, што пльзэньскага не бракуе i ў Празе. У сябе на бацькаўшчыне ён складае файныя вершы й займаецца раскольнiцкай дзейнасьцю ў шэрагах іхняга саюзу. Паэтавы чаравiкi спачываюць побач, наводзячы на думку, што ў дадзены момант калега вырашае кардынальную эстэтычную праблему — мыць цi ня мыць у гэтым пяцiзоркавым фантане натруджаныя за доўгi творчы дзень ногi?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: