Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Вяртаючыся з Вашынгтону, зварочваем з аўтастрады ў Балтымор, дзе на паркiнгу каля затокi машына з мурынамi, iгнаруючы доўгую чаргу, сходу заяжджае на вольнае месца, i тэма дачыненьняў чорных i белых атрымлiвае працяг. У прыватнасьцi, я даведваюся пра iснаваньне ў Балтыморы раёну пад назовам Little Italy (Маленькая Iталiя), якi тутэйшыя мурыны абыходзяць за мiлю, бо апрача звычайнай палiцыi сваю службу бясьпекi мае там i Коза Ностра. У якасьцi доказу яе эфэктыўнасьцi мне прапануюць чульлiвую гiсторыю пра трох залётных чарнаскурых, якiя праз трагiчную недасьведчанасьць нядаўна абрабавалi ў Маленькай Iталii ўтульны рэстаранчык, а за адным разам — каб не прападала дабро — згвалцiлi гаспадарову дачку. Нiхто з пацярпелых i ня думаў зьвяртацца ў палiцыю. Але праз колькi дзён на хвалях затокi цiхамiрна пагойдвалiся тры добра прасмаленыя бочкi. Хто плыў у бок акiяну ў меру пасолены i паперчаны (перапрашаю за гастранамiчную дэталь), вы ўжо здагадалiся.

19.06. Цi былi ў малых цялятак з саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну, дзе кiраваў раней наш прэзыдэнт, вось такiя iндывiдуальныя буданчыкi? Але ж i жартаўнiк вы, спадар Мельяновiч!

Ну, а калi вы цалкам паважна зьбiраецеся падкiнуць экс-дырэктару iдэю адправiць усiх беларускiх дэпутатаў, што галасуюць супраць прыватнай уласнасьцi на зямлю, на пару тыдняў у ЗША, дык я гэтаксама паважна прапаную вам неадкладна патэлефанаваць з гэтае нагоды ў Вярхоўную Рэзыдэнцыю ў Менск. Што з гэтага атрымаецца, вам распавядзе беларускi пiсьменьнiк з Таронта Кастусь Акула, якi спрабаваў тактоўна пацiкавiцца, чаму прэзыдэнт не павiншаваў з Днём Перамогi беларусаў, што ваявалi з фашызмам у войсках хаўрусьнiкаў i жывуць цяпер у заходнiм паўшар’i.

Тэлефанаваць мы, напэўна, возьмемся ўвечары, а пакуль едзем на тутэйшы аўкцыён. У будынку былой станцыi з масiўнымi бэлькамi i пацямнелай ад часу (ды колькасьцi разьлiтага вiскi) стойкаю бару, дэманструючы даўнiя беларуска-амэрыканскiя культурныя сувязi, самi сабою вынырваюць з памяцi героi полацкага фальклёру часоў майго дзяцiнства — трое неразлучных каўбояў, якiя невылазна сядзелi ў салуне ў аднавокага Гары. Працяг вы, магчыма, таксама памятаеце:

Вдруг заходят туда

Человек восемнадцать

И ковбоям они

Предлагают убраться.

Мы сьпявалi пад гiтарны акампанэмэнт майго сябра Вовы Цымэрмана, i нашыя кулакi налiвалiся мужнасьцю, рыхтуючыся да новых сутычак з заклятымi ворагамi з Задзьвiньня, дзе густа стаялi вайсковыя часткi i рэй вялi афiцэрскiя сынкi, якiя называлi моркву «морковью», а адвечных дзьвiнскiх курмялёў «пескарями».

Аўкцыённая публiка ўражвае сваёй стракатасьцю ня менш за выстаўлены тавар: шыкоўныя кандэлябры з Расеi часоў Аляксандра II i блiзка знаёмыя з мольлю старасьвецкiя капялюшыкi, недабiтае кухоннае начыньне й антычная манэта, стракатыя пэнсыльванскiя посьцiлкi зь нямецкiм радаводам i замытыя мужчынскiя майткi з расьцягнутымi гумкамi, якiя ў нас у Полацку называюць проста «сямейнымi». Цэдзячы пэпсi зь лёдам, мне падабаецца выдумляць сюжэты твораў, галоўная эстэтычная вартасьць якiх у тым, што яны нiколi ня лягуць на паперу. Выпетраны на жардзiну i белы як лунь стары набывае за пяць даляраў трэснуты зялёны кубак з адбiтаю ручкай не таму, што зьдзяцiнеў, а на памяць пра жонку-нябожчыцу, якая ўсё жыцьцё здраджвала яму зь ягоным сябрам, зь якiм аднойчы incognito лётала на тры днi ў Парыж, адкуль i прывезла мужу такi самы кубак, паведамiўшы, што набыла яго, гасьцюючы ў сяброўкi ў Флорыдзе. А вунь тая прыгожанькая (пакуль не заўважаеш яе несупыннага цiку) маладзёнка выкладвае даляр за мiнiятурную парцалянавую ступку, як дзьве кроплi вады падобную да той, дзе яна гатавала атруту багатай старой цётухне, што, як неўзабаве высьветлiлася, прадбачлiва адпiсала ўсю маёмасьць улюбёнай котцы...

Аднак усё гэта хутка пачынае раздражняць, i я разгортваю на каленях сьвежы нумар часопiсу «Вестник». З гэтага балтыморскага выданьня вы ўведаеце безьлiч карыснага: вось кароль азартных гульняў Доналд Трамп абвяшчае пра цяжарнасьць роднае жонкi; вось тэкст вашынгтонца Мiхаiла Гольдэнбэрга пра тое, як К. Бальмонт з I. Севяранiнам на эмiграцыi выцыганьвалi грошы ў Сяргея Рахманiнава; вось iнтэрвiю зь лiтаратарам Ю. Дружнiкавым, што здабыў славу як аўтар кнiжкi «Вознесение Павлика Морозова» (самыя цiкавыя мясьцiны iнтэрвiю — прызнаньне, што «по национальности я интеллигент» i цытата з К. Чапэка, дзе крытык кажа пiсьменьнiку: «Вы павiнны пiсаць так, як пiсаў бы я, каб умеў»).

Чакайце-чакайце, а гэта што?! БНФ, Сяргей Антончык, Зянон Пазьняк, «который в чем-то очень похож на Гамсахурдия, Дудаева и Жириновского вместе взятых»... Гэта Iосiф Калюта (Менск) i Ўладзiмер Левiн (Нью-Ёрк) знаёмяць навакольную расейскамоўную публiку з нашымi палiтычнымi заварушкамi. Дзякуючы адначасоваму погляду з розных бакоў акiяну, сытуацыя набывае вусьцiшную стэрэаскапiчнасьць, i беларускага чытача чакаюць адкрыцьцi, якiх нiколі ня зробiш, невылазна седзячы на айчынных купiнах. Мы чулi, напрыклад, толькi пра аднаго дэпутата Навумчыка, а на ўсходнiм узьбярэжжы Атлянтыкi, высьвятляецца, што iх — двое: «Координатор парламентской оппозиции Белорусского народного фронта Сергей Наумчик не устает повторять, что БНФ политику первого президента не приемлет. Другой депутат — бывший идеологический секретарь Витебского обкома партии Иосиф Наумчик — хочет помочь президенту. Два Наумчика, два депутата, стоящие по разные стороны политических баррикад — отец и сын. Помните, мы еще песню такую пели вдохновенно: «И нельзя сыновьям отставать от отцов хоть на малость, потому что идут по дороге отцов сыновья». — «Не идут!» — скрушлiва канстатуе «Вестник». Але ўсе дробныя выдаткi такога кшталту блякнуць у параўнаньнi з загалоўкам артыкулу: «Лука Мудищев — резидент российской разведки». Як кажа ў хвiлiны натхненьня мой знаёмы пiсьменьнiк Вiнцэсь Мудроў: «Ну, кенты, трымайце мяне...»

20.06. Хоць уначы, далiбог, нiчога такога ня сьнiлася, чамусьцi прачынаюся з захраслымi ў памяцi словамi Калiгулы: «Вы нiяк не зразумееце, што я чалавек просты».

Пасьля гарбаты ды блiнцоў з кляновым сыропам я адлятаю з Балтымору ў Клiўлэнд. Па дарозе ў аэрапорт спыняемся ля катэджу з шыльдачкай: Leon Kavalov. Барадаты і дабрадушны, у шортах i футболцы, беларускi старавер Лёва вядзе нас у акуратны да стэрыльнасьцi садок, дзе пад адцьвiлаю лiпай стаiць стол з двума крэсламi. Краявiд аздабляюць амаль дэкаратыўныя грады з памiдорамi, бурачкамi, рэдзькай i паскам валошак.

Увечары я ўжо буду сядзець пад лiпаю ў Стронгсўiле пад Клiўлэндам, штат Агаё. Мае гаспадары зь беларускага культурнага цэнтру «Полацак» успомняць, як спачатку хацелi назваць свой цэнтар «Палесьсем», бо, на iх думку, самай дзейснай часткаю беларускае эмiграцыi заўсёды былi палешукi, а я, пацягваючы ледзяное пiва, раскажу, як у той час, калi яны будавалi тут храмы i вучылi дзяцей у беларускай школе, у нас, у беларускiм Полацку, прыежджая набрыдзь гадавала ў занядбаным Крыжаўзьвiжанскiм саборы сьвiньняў, а беларускую мову ў маёй клясе вывучала восем чалавек з трыццацi двух. Пад нагамi будуць дасьпяваць сунiцы. Над азярынаю мякка расьсьцелецца туманец. З высокай травы, наставiўшы рудавата-шэрыя вушы, да размовы будзе прыслухоўвацца тутэйшы нацыяналiстычна настроены трусiк. Вавёркi, як i належыць жанчынам, будуць цiкавiцца палiтыкаю значна меней. А яшчэ менш зацiкаўленьня выявiць нейкi падобны да хамяка дробны зьвер, якi будзе тупа глядзець на нас, нагадваючы прадстаўнiка той часткi электарату, што год таму дружна галасавала за танную гарэлку i тэлевiзар зь лядоўняю за кошт iндэксацыi ўкладаў, а потым вуснамi майго вечна п’янога серабранкаўскага суседа Камiнтэрна пасьля iмгненнага падаражаньня яго самага запаветнага прадукту харчаваньня казала мне: «Нiкаму, Воўка, няльзя верыць, нiкаму», i верыла далей, i цягнулася 14 траўня 1995 году на выбарчыя ўчасткi раней за ўсiх — пахмялiцца й аддаць свае галасы, каб мы хутчэй дасягнулi таго жыцьця, якое ў нас ужо было.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: