Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Высьвятляецца, што аўтарка гімну «Магутны Божа» ўглядалася ў маладосьць, у тыя днi, калі ўпершыню пачула беларускую мову. Сям’я вярталася ў 1920-м зь бежанства й затрымалася ў вёсачцы пад Дрысай. Гаспадароў звалi Юркам i Аўдоцьцяй. Уначы Наташа прачнулася ад таго, што за шафай Юрку пацягнула на любошчы, аднак гаспадыня не згаджалася, бо ў хаце былі чужыя людзі: «Ня лезь, а то юшку спушчу!» Асаблiва расхвалявала дзяўчыну сваёй таямнiчасьцю гэтая «юшка».

«Раку пад Дзьвiнскам перахозiлi па лёдзе».

«У Вiленскай беларускай гiмназii адчула: гэта — маё!..»

У 40-м годзе яна iшла з Максімам Танкам, Міхасём Машарам i Айзiкам Кучарам па Менску. Танк загаварыў, i напалоханы Кучар кiнуўся да яго: «Цiшэй, цiшэй! У нас у Менску так гучна гаварыць па-беларуску не прынята!»

Фатаграфуемся на памяць каля кветнiку з валошкамi й белымi лiлеямi (iх вельмi любiла і Ларыса Генiюш).

Арсеньнева доўга глядзiць нам усьлед.

Нам, цi, можа, Беларусi?..

А ў штаце Нью-Ёрк, як i ў беларускiх вёсках пад Полацкам, Дзьвiнскам i Вiльняй, цьвiла бульба. Усьцяж дарогi гандлявалi сухаватымi нясмачнымi трускаўкамi, а з узбочыны сумнымi жаночымi вачыма глядзелi на нас тры сарны.

Па-над кiпеньню вадаспаду пахла шыпшынавай квеценьню. Каля парэнчаў беспардонна цiскаў белую жанчыну чалавек, у якога белымi былi адно штаны. Жанчыне гэта яўна падабалася. Унiзе стаяў параходзiк, якi неўзабаве, няўзнак завярнуўшы на канадыйскую акваторыю, павязе нас пад самую выгбу нiягарскай вясёлкi, дзе ў срэбным воблаку вадзянога пылу мне нарэшце ўдасца канчаткова загнаць зграю начных мерцьвякоў у вiварый i зачынiць iх там на замок разам з усiмi iхнімi чорнымi членавозамi i рэзыдэнцыямi, у навакольлi якiх жывым людзям раяць не падыходзiць бязь пiльнае патрэбы да вокнаў i не рабiць на iх тле нiякiх рэзкiх рухаў.

24.06. Каб зiрнуць, як жэнiць сына Колю доктар Ала Орса-Рамана, мне даводзiцца пераадолець уначы яшчэ 400 мiляў i тры штаты. Зь беларускае калёнii ў Нью-Брансўiку пад’яжджаю да Нью-Ёрку ў машыне з эмiгрантамi зь Беласточчыны. I старыя, i маладыя моцна трымаюцца беларушчыны. «Цi Майкл драйвуе карам?» — цiкавiцца адзiн з маладых. «Драйвуе, драйвуе», — з адметным акцэнтам адгукаецца з задняга сядзеньня жвавая бабуленцыя з-пад Гайнаўкi.

Вянчаньне ў вядомым сваёй талерантнасьцю ўнiвэрсытэцкiм езуiцкiм касьцёле. Служаць па чарзе каталiцкi патэр i праваслаўны бацюшка. Як зазвычай бывае падчас супольных набажэнстваў i ў Беларусi, сьвятары распачынаюць спаборнiцтва. Дзякуючы беларускаму хору верх зь яўнай перавагаю бярэ айцец Васiль. Нявеста паходзiць з ужо цалкам амэрыканiзаваных iталiйцаў, а таму беларускi бок (сваты, «Лявонiха», каравай) упэўнена перамагае і падчас вясельнае бяседы.

Застолiцу вам у нейкай ступенi дапаможа ўявiць аповед Э. Лiмонава «Юбiлей дзядзi Iзi». Публiка, вядома, сабралася не такая чарнявая, але наконт iкры i ростбiфаў усё было о’кей.

Рэстаран уладкаваўся над самай Iст-Рывэр, памiж двума мастамi з гiрляндамi блакiтных лямпачак, якiя глядзелiся неяк правiнцыйна i нараджалi ў нецьвярозай душы тугу па Бацькаўшчыне.

Я выцягнуў з кiшэнi зялёны нататнiк i помсьлiва запiсаў ключавую фразу гэтага дня — «Майкл драйвуе карам».

25.06. Кожны беларускi асяродак у Амэрыцы наймацней лучаць з Бацькаўшчынай дзьве рэчы — царква і могiлкi.

У Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзi, гэта царква сьвятой Эўфрасiньнi Полацкай. (Пасьля набажэнства да мяне падыходзiць пацiснуць руку малады эмiгрант, былы беларускi кампазытар Зьмiцер Яўтуховiч.) А на мясцовых беларускiх кладах можна вывучаць i гiсторыю Беларусi XX стагодзьдзя i яе этнаграфiчныя межы. Магiла слуцкага паўстанца Iвана Навумчыка. Манумэнтальны помнiк прафэсару Радаславу Астроўскаму. (Мае праважатыя ўзгадваюць, як аднойчы ў 1944-м у Баранавiчах ён перапудзiў нямецкiх афiцэраў, заявiўшы: няхай партызаны дакажуць, што змагаюцца за вольную й незалежную Беларусь, i я першы пайду зь iмi.) Кампазытар i рэгент Дзьмiтры Верасаў нарадзiўся пад Смаленскам. Як сам расказваў, прозьвiшча было Верас, ды бальшавiцкiя пiсары падставiлi «ов». Помнiкi Палюховiчам. Гэтыя родам зь вёскi Сэрнiкi з-пад Каменя-Кашырскага, якую пасьля апошняй вайны Сталiн «прырэзаў» Украiне.

Юрка Вiцьбiч (Стукалiч) прыйшоў на сьвет таксама на беларускай Смаленшчыне, у Вялiжы.

У халадку царкоўнага архiву сакратар парахвiяльнага камiтэту Мiхась Сенька нарэшце прыносiць мне ўвасабленьне цi не галоўнай мэты маёй заакiянскай вандроўкi — вялiзны пакунак дакумэнтаў пад №28 — «Матар’ялы Вiцябскае навуковае экспэдыцыi 1939 г. Здымкi цэркваў, касьцёлаў i г.д. з апiсаньнем гiст.». Дзясяткi зьнiшчаных помнiкаў. Гiстарычныя сьведчаньнi з дамешкам мясцовых паданьняў. Цьвёрды, з нацiскам i надзiва чытэльны почырк кiраўнiка экспэдыцыi Юркi Вiцьбiча. Знаёмае з ранейшых ягоных тэкстаў iгнараваньне добрай чвэрцi «правiдловых» косак. Мова — расейская.

«Полоцк. Вал Воловьего озера. Известно, что здесь на берегу когда-то находилось в священных рощах капище Перуну... Известно, что в 1563 году в период Ливонской войны Иван Грозный лично топил в проруби этого озера ксендзов-бернардинов»...

«Екимань. Георгиевская церковь»...

«Черея. Белая церковь»...

«Смоляны. Развалины замка королевы Боны. Так или иначе, но народ по сегодняшний день говорит о существовании подземного хода, по которому когда-то Бона ездила на тройке в костел... 3 августа 1708 года, во время Северной войны, замок за исключением угловой башни был разрушен русскими»...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: