Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Тым часам белымi званiцамi Сафiйскага сабору адкрываецца панарама гораду, дзе сядзела на гаршку малая князёўна Прадслава, дзе ў вялiкi пост мог употайкi кульнуць чарку вучоны манах Сiмяон, што здабыў славу пад прозьвішчам Полацкі, i дзе рос мой сябра дзяцiнства Вова Цымэрман, што з раньнiх гадоў меў схільнасьць ня толькi да жанчын, але і да чытаньня, а таму ў кнiзе свайго цяперашняга суайчыньнiка Амоса Оза мог знайсьцi прызнаньне ў любовi да Ерусалiму. «Гэта месца, у якiм ты мыеш шкарпэткi, пячэш яечню i ўвесь час адчуваеш сябе на мяжы духоўнага аргазму... I гэты сутык — ключ да таго, што зрабiла мяне пiсьменьнiкам. Усьведамленьне таго, што ёсьць мiстычнасьць, i — з другога боку — усьведамленьне таго, што ў прарокаў i ў Iсуса дрэнна пахла з чаравiкаў...»
Полацак сьнiў сябе нашым Ерусалiмам, але ў горадзе, якi ў п’яных трызьненьнях бачыў сябе «трэцiм Рымам», умелi разгадваць чужыя сны. Таму адзiн з аўгусьцейшых «рымлянаў» тапiў полацкiх iншаверцаў у дзьвiнскiх палонках у Інфлянцкую вайну, другi забiваў у Сафiйцы манахаў i закладваў пад яе парахавыя бочкi ў Паўночную, трэцi выпрабоўваў перадавую мэтодыку «сноса культовых строений» у 1964-м.
Заплюшчыўшы вочы, мне зусiм нескладана ўбачыць побач зь вежамi Сафiйкi i купаламi Багаяўленкi барокавыя абрысы сабору сьвятога Стэфана, i тады я зазвычай кажу сабе: не, хараство не бескарыснае, яно iснуе хаця б дзеля таго, каб яго ненавiдзелi.
Прыазёрная вёска Гомель, што выправiла сустракаць «Iкарус» пярэстага карнавухага сабаку, павiнна добра ўрэзацца ў памяць аднаму расейскаму лейтэнанту-танкiсту, што выпiў у братнім Менску, мабыць, ня меней за пляшку сьпiрту цi якой тармазной вадкасьцi i, ледзьве ня трапiўшы пад колы машыны майго сябра, запатрабаваў адвезьці яго, лейтэнанта, у горад Гомель, бо ў адваротным выпадку ён «вые...т всех наших женщин» і зьдзейсьніць шэраг іншых подзьвігаў, ажно да «генеральной утюжки территории». Пасьля гэтае тырады мы ўжо ніяк не маглі адмовіць герою, пагатоў нам было ў адну дарогу. Вы памятаеце, ваша благародзiе, як аднойчы прачнулiся ў халодны восеньскi вечар, абдымаючы бэтонавы слупок з надпiсам «Гомель», за якiм чамусьцi стаяла ўсяго колькi дзясяткаў вясковых хатаў, а вакол сурова шумеў партызанскi бор? Калi вы яшчэ не згарэлi на «утюжках» Грознага цi Гудэрмэсу, вы ўсё, вядома, памятаеце.
Блiжэй да Лепелю сьнегу робiцца болей. На шашу выходзiць падхорцiсты паляўнiчы ў плямiстым вайсковым камбiнэзоне, i ланцужок асацыяцыяў выцягвае на паверхню iмя iншага чалавека з ружжом — таварыша Антанаса Сьнечкуса, якi ў вольны ад блуканьняў па лесе час кiраваў ЛiтССР у якасьцi першага сакратара яе кампартыi. Урэшце, тав. Сьнечкус ня надта ўлягаў у хобi, бо ў лiтоўскага народу захаваўся яскравы ўспамiн усяго пра адну паляўнiчую ўдачу свайго «бацькi». Неяк узiмку да лясной вёсачкi пад Панявежам прыбiўся паранены лось, якога жыхары выхадзiлi i ўзялiся падкормлiваць. Удзячная жывёлiна спакойна хадзiла па вулiцы i не баялася браць з рук у сялянаў хлеб. Аднаго разу на аселiцы спынiлася машына, адкуль выйшаў мужчына ў камбiнэзоне. Пакуль лось даверлiва чакаў хлеба, мужчына зьняў з пляча вiнчэстэр i ва ўпор завалiў рагатага прыгажуна на сьнег. Ва ўсiм астатнiм Сьнечкус, кажуць, паводзiўся збольшага прыстойна: наадрэз адмовiўся прымаць у склад ЛітССР братнюю Калiнiнградзкую вобласьць i ўпёрся, калi ў Маскве пастанавiлi будаваць Iгналiнскую АЭС. Праўда, станцыю на лiтоўскiм баку Дрысьвятаў усё роўна паставiлi, а горад энэргетыкаў у гонар працiўнiка будаўнiцтва назвалi Сьнечкусам.
«Высший сан в православии», — даносiцца да мяне з боку аматараў крыжаванак. — «Поп». — «Маловато букв». — «Думай, Федя». — «Чего ты все Федя да Федя...»
Дзякуй Богу, маскоўскiя таварышы не здагадалiся выбраць пад АЭС Лепельскае возера, берагам якога коцiцца мой «Iкарус».
Да самага нядаўняга часу за назовам Лепель для мяне хаваўся адно вядомы зь сярэднявечча сюжэт пра сваяка лох-нэскае пачвары, што гнездаваўся на дне тутэйшага возера i на дэсэрт любiў паласавацца жыхарамі Полацкага ваяводзтва з акуратна перакусаных напалам чаўноў, а калi нарэшце здох ад нястраўнасьцi, дык смурод, калi верыць хронiкам, крывелiў славянскiя насы нават на Валовай азярыне ў Полацку, i, прынамсi, быў нi на калiва не слабейшы, чым у лепельскай вакзальнай прыбiральнi.
У гэтую восень я вырашыў, што аброслага багавiньнем небывальшчыны запiсу на пэргамэнце (i прыбiральнi ў якасьцi постскрыптуму) дзеля знаёмства з горадам недастаткова, i выправiўся на паэтычны фэст «Лепельскiя алiтэрацыi», спадзеючыся калi і не наслухацца гэтых самым загадкавых алiтэрацыяў, дык хоць знайсьцi аскепак таго Лепелю, якi Тамаш Зан i Ян Чачот, працуючы там у дырэкцыi Бярэзiнскага каналу, называлi ў сваiх лiстах паўночнай Вэнэцыяй.
Пад адзiным цэлым лiхтаром на дажджлiвай вулiцы iмя героя «Краткого курса истории ВКП(б)» я з усьцехаю прыкмецiў прыгожую здаровай прыроднай гожасьцю лепяльчанку, глянуўшы на якую, адразу думалася, што якраз такiх аматарак паэзii нам на дадзеным этапе нацыянальнага адраджэньня асаблiва бракуе. Распушыўшы падмяклыя пёры, я сходу запрасiў красулю на фэст у Дом культуры — пры ўмове, што яна пакажа мне дарогу. «Зачэм цiбе клуб, пашлi ка мне, у мiне бутылка есьць», — з вабнай мацiцоваю ўсьмешкай скарагаворкаю прапанавала цудоўная лепяльчанка.
Амаль без ваганьня я выбраў клюб, дзе высьветлiлася, што масьцiтыя сталiчныя творцы паэтычнага радка алiтэрацыямi абсалютна не зацiкавiлiся. У вынiку пад сьпеў зводнага лепельскага хору вэтэранаў партыi, вайны i працы пасiнелыя ад холаду дзяўчаткi ў нацыянальных строях уручылi мне ў няпаленай залi хлеб-соль на даўжэзным ручнiку. (Ручнiк адразу паспрабавалi забраць назад, але не на таго нарвалiся.) Апрача ўсяго, адносна юная змагарка культурнага фронту Аня атрымала ад начальства катэгарычны загад завесьцi мяне ў былы «гаркамаўскi люкс». Па дарозе з iнiцыятывы праважатай узьнiкла рызыковая размова пра крынiцы творчага натхненьня. Рызыка рэзка павялiчылася, калi выявiлася, што Анiна прозьвiшча Нагулян i яна прыехала да нас з Эрэвану.
Хоць насьценны гадзiньнiк у фае паказваў толькi пачатак дзявятай, дзьверы прысадзiстага гатэльчыку аказалiся зачыненыя на ключ. У прыцемнай глыбiнi памяшканьня сьпiнкамi да ўваходу стаялi побач два крэслы, i адтуль зьвешвалася голая нага. Пачуўшы стукат, нага схавалася. Аня Нагулян зьняла чаравiк i замалацiла iм у дзьверы гэтак тэмпэрамэнтна, што аднекуль зьверху на нас пасыпалася сьмецьце, а потым звалiлася птушынае гнязьдзечка. Траекторыю руху адмiнiстратаркi ад крэслаў да дзьвярэй цяжка было назваць найкарацейшаю, аднак магiчныя словы «гаркамаўскi люкс» змусiлi яе страпянуцца i намагчыся стаць «на зважай».