Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Параўнаўча з папярэднiм наступны дзень будзе выглядаць пустым, як перакуленая яшчэ да нараджэньня Хрыстовага амфара.
На пляжы ты падставiш зiмоваму тунiсiйскаму сонцу твар i, заплюшчыўшы вочы, лёгка ўявiш сябе на лiпеньскай Нарачы, куды панаехала раптам немцаў i палякаў. А рэшту дня будзеш бадзяцца па крамах i крамках, яшчэ не падазраючы, што твае гаспадары зусiм не выпадкова заплянавалi перад экспэдыцыяй у Сахару адзiн-адзiны пункт праграмы — турэцкую лазьню.
У яе ты і павiнен прыйсьцi якраз такi — пазбаўлены сьвежых уражаньняў i стамлёны цяглiва доўгiм днём. I тады там, у клубах густой i духмянай iмбiрна-гвазьдзiковае пары, уладкаваўшыся каля ружовага мармуровага фантанчыка на бледна-блакiтным лежаку, якi раз-пораз палiваюць гарачай вадою зь меднае балеi, ты пачуеш у сваёй крывi ўнiклiвы голас салодкае атруты Ўсходу. Атруты, якая калiсьцi спакваля трапiла ў жылы расейскiх маракоў iмпэратарскага флёту, што ў 1920-м засталiся на гэтым узьбярэжжы i пабудавалi ў Тунiсе i Бiзэрце праваслаўныя храмы. Каля аднаго зь iх ты сустрэў учора красуню ў шчыгульных белых джынсах, у аблiччы якой суладна зьлiлiся славянскiя i ўсходнiя рысы; яна вяла да царквы ярка-рудога хлопчыка ў матросцы i за штосьцi ўшчувала яго па-арабску.
Атрыманыя ад Самiра на самым пачатку сафары iнструкцыi табе будзе цяжкавата назваць натхняльнымi. У цябе наперадзе ноч у пастаўленым проста на пяску двухмясцовым намёце. На ўваходзе ў яго нiхто не зьбiраецца разглядваць твой пашпарт i змагацца за высокую маральнасьць, але — няма ў прыродзе дасканаласьцi — усе выгоды такога начлегу перакрэсьлiваюцца настойлiвай парадаю: пасьля заходу сонца трымацца як мага блiжэй не да каго-небудзь яшчэ, а да вярблюдаў, бо пах iхняе мачы дзейнiчае на сахарскiх зьмеяў i скарпiёнаў прыкладна так, як вянок часныку на тваiх родных эўрапейскiх вампiраў. Ты пякуча зайздросьцiш Самiру: ён у кашабii — белай сьвiтцы зь вярблюджае воўны, што напэўна як сьлед вымачылi ў згаданым вышэй сродку, а на табе ўсяго толькi небясьпечныя белыя штаны з бавоўны.
Яшчэ адна рэкамэндацыя: здымаць (у сэнсе фатаграфаваць) спатканых у Сахары жанчын можна адно зь iх згоды; у адваротным выпадку ты створыш сабе магчымасьць пазнаёмiцца з арыгiнальнымi звычаямi некаторых плямёнаў.
Першы прыпынак надарыцца ў гарадку Эль-Джэм, дзе нават вярблюды ганарацца цыкляпiчным амфiтэатрам II ст. н. э. (150х125х36), якi i сёньня мог бы пасадзiць на каменныя лавы 30 тысяч аматараў крывавых вiдовiшчаў. У эль-джэмскiм калiзэi руiны Картагену будуць успрымацца як нешта занядбана-правiнцыйнае; такое ўражаньне пакiнулi б, вiдаць, зьедзеныя карыесам часу зубы Крэўскага замку, калi паставiць iх побач з готыкай Мiру. Аднак ты не пасьпееш пранiкнуцца антычнаю велiччу, бо з шчылiны памiж каменнымi блёкамi на цябе ўважлiва паглядзiць першы прадстаўнік незьлiчоных сахарскiх скарпiёнаў, i ты пачнеш з асаблiва цёплым пачуцьцём думаць пра вярблюдаў i асаблiва пра цудадзейную мачу.
На ўезьдзе ў колiшнi фiнiкiйскi порт Габэс тваю трывожную дрымоту парушыць Самiрава паведамленьне пра пяцiзоркавы гатэль праваруч дарогі. Падняўшы павекi, ты ўбачыш там велiчэзны лягер з вартаўнiчымi вышкамi, кулямётамi i астатнiмi атрыбутамi «зоны» ўлучна з могiлкамi, на якiх працягвае адбываць пакараньне прах зьняволеных. (Ты ўжо будзеш ведаць, чаму Самiр пасьля зьяўленьня ў Тунiсе сьвята 7 лiстапада тэрмiнова ад’ехаў вучыцца ў Кiеў).
Краявiд цудоўна дапоўняць дзясяткi дотаў, дзе паўстагодзьдзя таму пiсалi чульлiвыя лiсты дадому жаўнеры вэрмахту, што, як i ты, баялiся скарпiёнаў i марылi аб белатварых прыгажунях далёкае радзiмы.
Пасьля Габэсу алiвы зьнiкнуць, i ты пачуеш выразнае дыханьне найвялiкшае пустынi сьвету.
Гэта таксама будзе Тунiс, але ўжо зусiм iншая краiна. Тут, адрозна ад шыiцкае поўначы, жывуць сунiты, i жанчыны ходзяць у чорным. Тут усьлед за бэрбэрскаю вёскай мiражом мiльгане абсалютна пазбаўлены зелянiны гарадок, населены аднымi мурынамi вугальна-чорнага суданскага тыпу. Тут перахопленыя позiркi тубыльцаў вельмi часта нават з нацяжкаю не назавеш прыязнымi.
Уяўляючы Сахару суцэльным пяском з выдмамi, ты памылiсься. Тутэйшая яе частка гарыстая i складаецца выключна з каменя. Сталiца гэтых мясьцiнаў Матмата не падобная, бадай, нi на адзiн горад Старога i Новага сьветаў. Некалькi тысяч ейных насельнiкаў спрадвеку атабарыліся ў выдлубаных у скалах пячорах. «Хату» сярэдняга матматаўца можна вылiчыць па тэлеантэне, навязаным вярблюдзе цi аўтамабiлi. Над глiнабiтнаю выгбаю ўваходу цябе абавязкова прывiтае намаляваная сiняю фарбай рука — ад сурокаў. Не абстаўляючы ласку невыканальнымi ўмовамi, пячорныя жыхары дазволяць табе зазiрнуць у свае апартамэнты. Зморшчаны, як перапечаны яблык, твар бабулi Фацiмы расплывецца ў бяззубай усьмешцы. Не, колькi ёй гадоў, яна ня ведае. Можа, сто, жвава круцячы жорны, прызнаецца падобная да Бабы-Ягi гаспадыня, а можа, i трыста. Калi трыста, дык бабулiна ўнучка, што гатуе на газе «кус-кус» у пячоры-кухнi, «пацягне» гадоў на 150—200, але яшчэ вельмi i вельмi, як сказаў бы адзiн жывы беларускi клясык, «варта гжэху».
Зловiш сябе на жаданьнi папрасiць напiцца, ды адразу ўспомнiш, што ты ў Сахары, якая ўжо высмактала ўсю ваду ў прыбiральнi суседняга гатэлю «Траглядыт». (На колькасьць мухаў у рэстаране гэтая акалiчнасьць прыкметна не паўплывае.)
За Матматай горы панiжэюць, i пустэльня пачне нагадваць велiчэзны статак вярблюдаў, якi ўкленчыў абапал дарогi да самага далягляду. Дзякуючы Самiру ты ўжо засвоiш процьму жыцьцёва неабходных у гэтым навакольлi зьвестак. Напрыклад, ты будзеш гатовы беспамылкова адказаць на пытаньне, колькi месяцаў доўжыцца ў вярблюдзiцы цяжарнасьць i зь якой хуткасьцю бяжыць драмадэр. Ты будзеш уражаны тым, што даўжыня ягонага фаласу дасягае 1,3 мэтра, але, нягледзячы на гэта, ён, драмадэр, мае звычку пасьля сьмерцi гаспадара разьбiваць сабе галаву аб камень...
Плынь iнфармацыi перапынiцца на палiцэйскiм посьце. Падхорцiсты аўтаiнспэктар запросiць кiроўцу Алi прайсьцi ў сваю «кропку», адкуль той вернецца, несучы пад пахаю папяровы скрутак. З асьмяглых вуснаў Алi будуць зьлятаць зусiм ня словы малiтвы. Самiр выразна паляпае па кiшэнях i стаiчна патлумачыць, што перад Новым годам палiцыя клапоцiцца, каб кiроўцы не засталiся без насьценных календароў з партрэтамi прэзыдэнта.
Чым глыбей шаша будзе ўгрызацца ў гарачае цела Сахары, тым меней ты ўбачыш у рэдкiх аазісах надпiсаў па-француску, i тым болей тваё вока сустрэне лагодных усьмешак Бэн Алi i чырвоных сьцягоў з зоркай i паўмесяцам. На адзін мячэт на ўсьцеху электарату будуць налепленыя ажно дваццаць два ўсенародна абраныя. Дваццаць трэцi будзе вiсець на прапускным пункце яшчэ аднаго пяцiзоркавага гатэлю за калючым дротам.
На гэтых паралелях горадам у Афрыцы лiчыцца ўжо любое паселiшча з сотняй-другой жыхароў. Дуз — брама ў клясычную Сахару. Адсюль ты паедзеш вершкi.
Касавурачы на цябе вялiкае рахманае вока, вярблюд спачатку падымецца на заднiя ногi, потым выпрастаецца i возьме курс на сонца, якое хутка коцiцца за барханы. Ён будзе разьмерана ставiць ногi ў тонкi, як пытляваная мука, пясок i мэлянхалiчна жаваць схопленую мяккiмi плюшавымi губамi калючку. Асядланая табою жывёлiна будзе надзiва спакойнаю i, вiдаць, з гэтае прычыны не заслужыць уласнага iмя. Пагоншчык Насір скажа, што твайго вярблюда клічуць проста вярблюдам, цi, па-тутэйшаму, кямалем.