Уладзімір Арлоў
Шрифт:
* * *
Прыемна бывае сустрэць на ранiшнiм Мангэтане добрую знаёмую. Асаблiва калi гэта родная пляменьнiца Iвана i Антона Луцкевiчаў, былая жонка Аўгена Калубовiча i цяперашняя бабуля сьпевака Данчыка Янiна Каханоўская, якую некалi ў Ракуцёўшчыне насiў на руках Максiм Багдановiч.
Учора мы вярталiся з гор, i яна ўзгадала, як у чэрвенi 1941 году на менскай вулiцы бесклапотна мылiся аголеныя да поясу нямецкiя жаўнеры, а пастаўлены побач з калёнкаю патэфон сьпяваў:
Если завтра война,
Если завтра в поход...
* * *
Ва ўкамплектаванай суцэльнымi рарытэтамi бiблiятэцы спадарынi Янiны знаходжу выдадзеныя ў 1950-м у Парыжы «Воспоминания» Iвана Бунiна, дзе ён па чарзе разьбiраецца зь Ясенiным («талант пошлости и кощунства»), з Бальмонтам («всю жизнь поистине изнемогал от самовлюбленности»), з Брусавым («бессовестно лгал о своем знании языков»)...
А нашае зацятае недрукаваньне густа аброслага мiтамi дзёньнiчка М. Багдановiча (няхай там гаворыцца не зусiм пра лiтаратуру i лiтаратараў) выглядае дэманстрацыяй нацыянальнае няўпэўненасьцi i ня болей.
* * *
Ураньнi Зянон чытае мне свой верш пра траву, што пажоўкла так, як на радзiме, але там, за вакном, не радзiма.
* * *
Тое, што кожны скандал вакол яшчэ аднаго магчымага адультэру прэзыдэнта Клiнтана панiжае ягоны рэйтынг, знаёмы амэрыканскi беларус лiчыць несусьветнай лухтой. Паводле ягоных словаў, усё якраз наадварот: «Малайчына, Бiл!» — кажуць, паглядзеўшы тэлевiзар, мiльёны выбаршчыкаў ад Аляскi да Калiфорнii i гатовыя заўтра ж абiраць лавэласа Бiла на новы тэрмiн.
* * *
Пасьля стрэсу ад пералому клубу Натальля Арсеньнева колькi дзён гаварыла на чысьцюткай расейскай мове.
* * *
На выставе афрыканскага мастацтва ў музэi Гугэнгайма, сярод чорных камэрунскiх скульптураў, вясёленькiх суданскiх масак i ўтульных ахвярных камянёў з Танзанii, над якiмi спрытна завiхалiся продкi сёньняшнiх чарнаскурых наведнiкаў, чыя колькасьць наблiжаецца да крытычнае масы, халоднай зьмейкаю высьлiзгвае аднекуль думка аб тым, што гадоў празь пяцьдзясят тут адчынiцца выстава эўрапейскага мастацтва i на нiзе гэтай генiяльнай бэтонавай сьпiралi гэтаксама, як i цяпер, будуць граць i сьпяваць музыкi, але ўжо ня чорныя, а белыя, i калi яны, валячыся з ног ад стомы, зробяць кароткую пярэрву, натоўп белазубых слухачоў не пачне пляскаць у ладкi, а незадаволена прысунецца блiжэй...
Намагаючыся абагнацца ад гэткага вiдовiшча, вы крыху пасьпешлiва заходзiце ў бакавую залю, дзе дамiнуюць два велiзарныя творы: на адным — няроўна адцяты чалавечы ступак, на другiм — жыўцом вырванае блакiтнае вока. (Якога колеру скура на ступаку — пытаньне для дэбiлаў.) Вы амаль пэўныя, што вам паказваюць зьмешчаныя ў фармалiн часткi чалавечага цела i, толькi наблiзiўшыся, раземееце: гэта ўсяго толькi ўмела падсьветленыя слайды. Думаць пра тэхналёгiю здымкаў чамусьцi ня прагнецца.
* * *
Зьяўленьня ўбачанага на выставе ступака мiжволi чакаеш у вагоне падземкi, дзе зарабляе свае даляры факiр-iндус, аднак, на шчасьце, ён выцягвае з магiчнага капелюша традыцыйную галубку.
* * *
Гэтай навiне пакуль што ня веру: Арсеньнева страцiла зрок.
* * *
Адна з iстотных хiбаў (цi вартасьцяў?) славы ў тым, што яна iмкнецца вызвалiць свайго ўладальнiка ад асабiстага жыцьця. Справядлiвасьць гэтага труiзму яшчэ раз пацьвярджаецца на выставе працаў Тулюз-Лятрэка, дзе прадаецца ягоны багата iлюстраваны жыцьцяпiс. Адзiн з фотамастакоў засьпеў маэстра ў часе будзённай, але важнай справы. Каб у чытача зьнiклi ўсялякiя сумневы, дыптых забясьпечаны гранiчна канкрэтным назовам — «Defecation on a beach». Пясьняр «Мулен Руж» адлюстраваны, так бы мовiць, у апагеi творчага напружаньня i трошкi пазьней, у цiхамiрную хвiлiну падцягваньня штаноў.
* * *
«Брадвэй, якiм я яго бачу цяпер, i якiм бачыў цэлыя дваццаць пяць гадоў, — гэта пандус, народжаны ўяўленьнем Сьвятога Тамаша Аквiнскага, пакуль ён яшчэ знаходзiўся ў матцы. Напачатку меркавалася, што карыстацца гэтым пандусам будуць адно вужакi ды жужалкi, рагатыя жабы й чырвоныя чаплi, але пасьля гiбелi вялiкай гiшпанскай армады чалавецтва выкулiлася з каравэлы на сушу i распаўзлося ў розныя бакi; вось так, поўзаючы й выпручваючыся ў агiдных, непрыстойных паставах i рухах, яно і пракалупала гэтую шчылiну, падобную да дзiркi ад вагiны, якая цягнецца цяпер ад Батэры на поўднi да гольфавых пляцовак на поўначы празь мёртвы цэнтар Мангэтанскае выспы, якi кiшмя кiшыць чарвякамi. Ад Таймз Сквэр да 50-й вулiцы вы знойдзеце ўсё, што забыўся ўключыць у свой твор Тамаш Аквiнскi, гэта значыць, што тут, апрача ўсяго iншага, ёсьць гамбургеры, гузiкi да каўнерыкаў, пудэлi, гульневыя аўтаматы, шэрыя кацялкi, стужкi да друкавальных машынак, памаранчавыя палачкi, дармовыя прыбiральнi, гiгiенiчныя пракладкi, мятныя пiгулкi з водарам ююбы, бiльярдавыя шары, наскрыляная цыбуля, скамечаныя сурвэткi, люкi, жуйкi, матацыклетныя каляскi і бурклiвыя старыя пнi, цэляфанавыя абгорткi, аўтамабiльныя шыны, магнэта, конскiя шмаравiдлы, смактуны ад кашлю, а таксама кашэчая расплывiстасьць таленавiтага да гiстэрыкi еўнуха, што кiруецца зараз да фантанчыку зь пiтной вадою з сваiм «урэзкам» памiж ног».
Я нiколi ня буду перакладчыкам з ангельскае, але застануся ў гiсторыi нашых з амэрыканцамi лiтаратурных сувязяў тым, што ўпершыню пераклаў на беларускую мову ў Нью-Ёрку цэлы абзац з Гэнры Мiлера, а менавiта — зь яго напiсанага ў 1938 годзе ў Парыжы «Тропiку Казярога».
* * *
Эмiграцыйны гiсторык Леў Акiншэвiч лiчыў асноўнай прычынаю палiтычнай паразы Вялiкага Княства Лiтоўскага «дэманстратыўны выбар ягонай элiтай заходняга (а ня ўсходняга) шляху». Заходнія каштоўнасьці, на ягоную думку, прышчапляліся да iншага культурнага пня, i ў вынiку чым мацнейшая была «вэстэрнiзацыя», тым большы супрацiў яна сустракала ў самой краiне i асаблiва звонку — найперш з усходу.