Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Царства! Мерамірскае царства! Мерамірскае царства ўва мне памірае!
— Не памірайце! Скажыце, хто вы!
Стары на падлозе хрыпеў.
— Хто вы?.. — як мага гучней крыкнула Алеолла.
— Я. Цар Ранеон.— Я не чула пра такога! — Алеолле стала лягчэй, галоўнае — гэта не Бедалдай.
— Апошняя «адзінка»! Прэч! Пайшла прэч адсюль. — стары ўжо сіпла шаптаў. — Пайшла прэч. Апошняя «адзінка»...
— Выбачайце, вы каго праганяеце — «адзінку» альбо мяне? — як мага больш ветліва спытала Алеолла.
— «Адзінка». Прэч! Нічога. Нічога. Я цяпер... Я цяпер. Толькі адпачну. У мяне яшчэ ёсць час. Пайшла прэч, нягодніца! «Адзінка».
Алеолла зразумела, што прыступ у цара Ранеона выкліканы роспаччу ад чарговага пройгрышу, і што гэты стары хутка засне, таму што гуляў без сну і адпачынку некалькі сутак напралёт. Паспіць, ачуняе і пачне новую гульню.
Алеолла ўзяла сваю паходню і паціху выйшла з пакоя цара Ранеона.
ЗАМАНЛІВЫЯ КОСЦІ
Алеолла зноў ішла ўздоўж сцяны. Яна павярнула ў адзін бок, затым у другі. І раптам пазнала тое месца, дзе апошні раз спрабавала запомніць паслядоўнасць паваротаў. Дзяўчына ясна прадставіла, як ёй выйсці да лесвіцы, што вяла да піка скалы.
Праз пэўны час Алеолла ўжо стаяла на прыступках, якія спіраллю ўзнімаліся высока ўверх. Там, уверсе, гарэла святло. Яна вярнулася трохі назад. У адной з ніш пакінула непагашанай сваю паходню — на выпадак, калі прыйдзецца вяртацца.
Паволі-паволі, затаіўшы дыханне, Алеолла пачала ўзнімацца па прыступках. Яна чула, як шалёна б’ецца сэрца — ёй было страшна, раптам хто-небудзь з гэтых дзіўных рыба-віцязяў альбо яшчэ якая-небудзь невядомая людзям пячорная істота выскачыць з цёмнага праходу. А такіх праходаў у сцяне скалы было шмат. Дзяўчына сілай волі прагнала свой страх і рушыла далей.
Неўзабаве Алеолла паднялася да залы, дзе ляжала прастакутная глыба. Выцягнуўшы, наколькі магла шыю, яна спачатку зазірнула ў залу.
Побач з глыбай нікога не было. І на самой глыбе на плеценым крэсле — таксама. А вось пад крыштальным купалам, у гамаку, ляжаў той жа загадкавы віцязь. Гэтым разам ён нават прыўзнімаўся да тых агеньчыкаў-водбліскаў, што перыядычна ўзнікалі на люстраной паверхні столі.
На дыбачках Алеолла прайшла ў залу і пачала красціся ўздоўж глыбы. Віцязь у гамаку пад купалам кашлянуў і паварушыўся. Алеолла прысела за глыбу і ледзь-ледзь закранула яе плячом. Найвелізарнейшая глыба, што важыла, на думку Алеоллы, ніяк не менш, чым тысяча сланоў, захісталася і трохі павярнулася. З-пад глыбы раздаўся гук, падобны да рыпення, калі адчыняюцца дзверы.
Віцязь у гамаку ўважліва паглядзеў уніз. Алеолла ўся сціснулася, забіўшыся пад глыбу. Яна заўважыла, што ўвесь гэты вялізны камень стаіць толькі на адным вострым выступе, які знаходзіцца ў самым яго цэнтры, унізе. Выходзіла, што гэтая прастакутная глыбіна ўсталявана так хітра, што з усіх яе бакоў захоўваецца раўнавага. Гэта тое ж самае, што роўную дошку трымаць на адной падушачцы пальца. Таму, нягледзячы на вялізную вагу глыбы, нават Алеолла магла яе павярнуць.
— Ёсць тут хто-небудзь? — гучна спытаў віцязь у гамаку.
Алеолла затаіла дыханне.
Віцязь адвярнуўся да крыштальнага купала і зноў пачаў лавіць поглядам гэтыя незразумелыя для Алеоллы мігатлівыя водбліскі.
Будучая яснапанна паціху пракралася да калідора, які выходзіў на балкон. Спачатку яна хацела разам з Бедалдаем прабрацца туды і забраць яго футарал з сякерай, але паколькі ката яна не знайшла, вырашыла ўсё зрабіць сама. Ды і ў адзіночку лягчэй ціхутка прашмыгнуць і застацца незаўважанай. Сякеру трэба было перахаваць, каб, даведаўшыся, як віцязі лётаюць уздоўж гэтых «магнітычных» струменяў, самой разам з Бедалдаем паляцець назад да сяброў. Алеолле гэты маг Ніціч са сваім ваяводам падаваліся вельмі падазронымі. З аднаго боку, яны спрабавалі ўдаваць сябе добранькімі, а з іншага — выглядалі залішне хітрымі. І потым, што гэта за вар’ят стары ў падзямеллі? Што ён там робіць? Хто ён? Нейкі скінуты з трона і забыты ўсімі цар? Брр, якія халодныя і шурпатыя ў яго рукі. Навошта яны яго там трымаюць? І наогул, куды лятаюць гэтыя рыцары? А галоўнае — навошта?
Дзяўчына наблізілася да балкона і, заўважыўшы футарал Бедалдая, паспрабавала ўзяць яго. Аднак перш, чым футарал паддаўся, і яго атрымалася адляпіць ад сценкі, Алеолле давялося прыкласці незвычайныя намаганні. Яна накінула шлейкі на плечы — і футарал з сякерай адразу пацягнуў яе ўніз — такі ён быў цяжкі, але нічога не паробіш — трэба несці.
Алеолла ізноў зайшла ў невялікі калідор, які веў да залы з глыбай. Насамрэч, такіх калідораў-тунэляў было дванаццаць. Нібы промні ад сонца, разыходзіліся яны ад залы з глыбай да балкона. Дзяўчына выбрала найбліжэйшы — усё-ткі цягнуць на спіне футарал з сякерай не так лёгка — і паціху, абмацваючы сцяну рукой, накіравалася ў залу.
Раптам Алеолла пачула, як віцязь у гамаку закрычаў:
— Увага! Пад’ём! Рыхтуйся! Першая змена на тэрасу!
Алеолла зразумела, што тэраса — гэта і ёсць той грот з выхадам на балкон, і што хутка сюды прыбягуць віцязі. Яна стаілася ў сваім калідоры-тунэлі і стала назіраць.
Першым падняўся Ром Ончар. За ім рушыў маг Ніціч. А потым адзін за адным прыбеглі яшчэ дзесяць віцязяў і пашыхтаваліся. Ром Ончар агледзеў сваю дружыну, ацаніў і, было падобна, што застаўся задаволены.
— Дазорца! — звярнуўся Ром Ончар да віцязя ў гамаку. — Удакладніце карціну!