Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Караван ідзе па перавале ў Ледокскіх Гарах. Над імі толькі што прайшла сухая навальніца. Караван гружаны ядвабам, залатым посудам і дыванамі.
«Ага, — падумала Алеолла, — вось адкуль у іх столькі дываноў і шыкоўнага посуду».
— Людзей мала, таму досыць адной змены, — завяршыў даклад дазорца.
— Слухайце, волаты! Сквапных трэба прыстрашыць! — зычна выгукнуў Ром Ончар. — Старшым прызначаю Дэнэта!
— Увага! — Алеолла пачула голас мага Ніціча і асцярожна вызірнула са свайго тунэля.
Маг Ніціч ужо сядзеў у сваім крэсле, на глыбе. Над плеценым крэслам Ніціча Алеолла ўбачыла вялікае драўлянае кола. Ягоная вось была прымацаваная да цэнтра столі.
— Дазорца! — крыкнуў маг Ніціч — Сектар?!
— Дзесяць! — адказаў яму віцязь у гамаку.
Яшчэ Алеолла зазначыла, што падлога ў зале, дзе знаходзілася глыба, была прарысавана доўгімі пранумараванымі лініямі. Усё гэта нагадала ёй сонечны гадзіннік.
Кожная лінія паказвала на вызначаны калідор-тунэль. Алеолла ўбачыла, што тунэль, дзе яна знаходзіцца, пазначаны лічбай «11».
— Увага!
Перабіраючы рукамі па коле, маг Ніціч павольна разварочваў глыбу. Алеолла заўважыла, што з аднаго боку ў глыбы мелася завостраная дзюба. І вось гэтай дзюбай глыба ўказала, як стрэлкай, па лініі з лічбай дзесяць.
— На старт! — закрычаў маг Ніціч
Алеолла адчула, як нябачная хваля адкінула яе ад адной сценкі тунэля, у якім яна стаяла, да процілеглай.
— Забіраем праз суткі! — крыкнуў маг. — Усе запомнілі?
— Так! — крыкнулі віцязі.
— Для тых, хто спозніцца і параненых — паўторым яшчэ праз палову сутак. Ясна?
— Ясна! — адказалі дзесяць віцязяў.
— Пайшлі!
Віцязі па адным выбягалі на балкон, зрывалі са сцен свае шчыты, апраналі іх на плечы і па чарзе станавіліся на зубец балкона насупраць дзясятага тунэля. Затым тварам да неба падскоквалі ўверх і, падхопленыя нябачнай сілай, несліся ўдалячынь.
Усё адбывалася размерана, але хутка.
Калі знік у небе дзясяты віцязь Дэнэт, прызначаны старшым, на балкон выйшаў Ром Ончар. Ён зірнуў у вячэрняе неба, куды паляцелі яго віцязі, і крыкнуў:
— Давайце, хлопцы! Не ўпусціце перамогу!
— Не ўпусцяць, — адазваўся віцязь на гамаку.
— Мернеск, ты папільнуй за імі, пакуль можаш, і мне дакладвай...
— Ясна! — адчаканіў дазорца.
Ром Ончар прайшоў на балкон праз дзявяты тунэль, абышоў яго ўвесь і вырашыў вярнуцца ў залу праз адзінаццаты тунэль, у якім знаходзілася Алеолла. Як толькі яна заўважыла, што Ром Ончар ідзе ёй насустрач, спалохана выбегла ў грот і прагінаючыся пад цяжарам сваёй ношы, хуткім крокам накіравалася да лесвіцы. Яна думала, што ўнізе, у лабірынце яе будзе цяжка адшукаць.
— Гэй, Ніціч! — крыкнуў Ром Ончар. — Тут парушальнік!
— А, яснапанначка! — усклікнуў маг, калі заўважыў, што Алеолла выскачыла з адзінаццатага тунэля і рушыць уздоўж глыбы. — Вы што, звар’яцелі? А калі б нам трэба было адправіць дружыну праз адзінаццаты тунэль? Вас бы тут ужо не было! Вас магло б вынесці ў неба і вы б разбіліся! Божа мой! Вам проста пашанцавала!
Але Алеолла яго не слухала, яна, як магла хутка, ішла да лесвіцы.
— Вас што, пад замок пасадзіць?! — з тунэля данёсся разгневаны голас Рома Ончара.
Маг Ніціч хутка спусціўся па вяровачнай лесвіцы і апынуўся перад Алеоллай.
— А што гэта ў вас за спінай? Што гэта такое цяжкае? Няўжо сякера Бедалдая? — маг Ніціч зірнуў Алеолле ў вочы і зразумеў, што адбылося тое, чаго ён больш за ўсё баяўся.
Дзяўчына ўжо ведала, як можна паляцець з замка. І калі шчыт віцязя быў для яе цяжкаваты, то выкарыстаць цуд-сякеру Бедалдая яна цалкам змагла б. А разам з Бедалдаем яны здолелі б і скрасці рыцарскія шчыты.
— Стойце, яснапанначка, — непрыемным тонам загадаў маг Ніціч
— Можа, я паднясу вашую торбачку? Вельмі яна вам перашкаджае, — за спінай Алеоллы зароў Ром Ончар.
— Вы — разбойнікі! Налётчыкі! Рабаўнікі! — закрычала дзяўчына. — Я ўсё бачыла! Я чула, як вы загадалі абрабаваць караван! Вось адкуль у вас дываны, посуд, ежа! Схаваліся за магнітнымі сценамі і думаеце, што вас не дастаць!
— Не распаляйцеся, панначка, — падступаў да яе Ром Ончар.
У гэтае імгненне Алеолла ўбачыла адпаліраваны шост, які вісеў у цэнтры «студні», па баках якой ішла вінтавая лесвіца. Дзяўчына разбеглася і скокнула ў пройму. Схапіўшыся рукамі за шост, яна хутка спусцілася ўніз да лабірынта.