Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Спакойна. Мы цябе за заднія лапы патрымаем. Набярэш паветра напоўніцу і пачнеш муркатаць бурбалкамі пад вадой. Рыбы нават падплыць да цябе не паспеюць — адразу ж паснуць.
— Я — кот, а не марскі коцік, — надзьмуўся Міамурмарор. — І муркатаць пад вадой не ўмею.
— Значыць так, жарты прэч, — сказаў мастак Дроздзіч, — калі рыбы хочуць навучыць нас лётаць, то нам трэба навучыць кагосьці з нас лётаць. І цяпер нам трэба высветліць, каго з нас мы будзем вучыць лётаць і як.
Кот Міамурмарор адразу ж уздыхнуў:
— Цяжка быць героем.
— А цяжкім героем быць яшчэ цяжэй, — зазначыў Арцін.
— Значыць, з кандыдатурай мы вызначыліся, — падагульніў мастак Дроздзіч.
— Гэта лёгка, — сказаў Арцін, — паляціць самы лёгкі. Складаней разабрацца, якім чынам мы будзем вучыць ката лётаць.
— Вось пра гэта варта падумаць, — разважаў мастак Дроздзіч. — Кот у нас адзін, і рызыкаваць ім мы не маем права.
— Вядома, не маем, — пагадзіўся кот Міамурмарор. — Ведаеце што, мы гэты замак штурмавалі нагамі, рукамі, лапамі і ў нейкай ступені хвастом. А цяпер я прапаноўваю штурмаваць яго мазгамі... Нам неабходны мазгавы штурм. Кожны бярэ і прыдумляе свой спосаб лётаць.
— Правільна, — падтрымаў ката Арцін, — лічу да трох, і ідзём на штурм! Раз, два, тры!
Мастак Дроздзіч наморшчыў лоб, кот пачаў хадзіць уздоўж водмелі, а Арцін прысеў на камень у позе мысляра, паставіў локці на каленкі, а рукамі абхапіў галаву.
— Я ведаю! — праз хвіліну паведаміў ён усім. — Мы вяртаемся ў лес, робім вялікі самастрэл з вялікай стралой, вяроўкамі перацягваем яго на сцяну, прывязваем Міамурмарора да стралы і выстрэльваем ім у скалу. Міамурмарор умацоўвае на скале вяроўку, і па ёй мы перабіраемся на процілеглы бераг.
— Нядрэнна прыдумана, — адзначыў мастак Дроздзіч, а затым крытычна пачаў асэнсоўваць пачутае. — Але колькі часу зойме выраб гэтага самастрэла? Ды і потым, неабходна добра прыстрэліць, каб страла дакладна далятала да скалы, а не плюхалася ў ваду на сярэдзіне рова. Хаця тваё вынаходніцтва мы для сябе адзначым.
— А я яго вынаходніцва сабе адзначаць не буду, — катэгарычна заявіў кот Міамурмарор. — Ты хоць падумаў, з якой хуткасцю гэтая страла, да якой я, між іншым, буду прывязаны, ударыцца аб скалу?
— Нічога страшнага, — паспрабаваў супакоіць свайго прыяцеля Арцін. — Калі хуткасць будзе вялікая, ты заўсёды зможаш распушыць хвост і затармазіць.
— І плюхнуцца да рыб, так?
— Добра, а якія ў вас прапановы? — пакрыўдзіўся Арцін.
— У мяне прапанова прасцей, — сказаў мастак Дроздзіч. — Ты, Міамурмарор, бярэш мой парасон, вяроўку і скачаш са сцяны. Вецер цябе адносіць на процілеглы бераг. Там ты чапляеш вяроўку за выступ на скале, і мы перабіраемся. Ты лёгкі, парасон цябе вытрымае. А для таго, каб паветра праходзіла скрозь парасон і парасон не перакульваўся у час палёту, мы яго распорам у цэнтры купала. І галоўнае — нічога не трэба перацягваць, пілаваць і круціць. Проста разагнаўся, скокнуў, праляцеў трохі — і ты ўжо на тым беразе.
— Та-ак, — працягнуў кот Міамурмарор, — а калі я разганюся, скокну і не далячу да таго берага? Роў вунь які шырокі. А калі вецер падзьме?
— Ды які вецер? — здзівіўся мастак Дроздзіч. — Тут жа муры з усіх бакоў.
— Ідэя! — усклікнуў Арцін. — Мы зробім з лапак елак вялікія вееры-мяцёлкі, будзем імі махаць ды падгонім Міамурмарора да берага.
— Не, веерамі-мяцёлкамі тут справе не дапаможаш. Хоць. — кот Міамурмарор звярнуў увагу на тое, як над роўняддзю рова паднімаецца ўверх пара. — А што калі зварыць суп. ну, добра, не суп, калі дым пусціць слупам?
— Ты нам дым у вочы не пускай, — забурчаў Арцін, — калі баішся ляцець, так і кажы. Самастрэл не падабаецца, парасон з веерамі-мяцелкамі таксама не падыходзіць...
— Самастрэл і парасон — гэта ненадзейна. А вось вееры-мяцёлкі цалкам падыдуць.
— Што ты прыдумаў? — скептычна спытаў Арцін. — Начэпіш на лапы вееры-мяцёлкі і будзеш імі, як крыламі, махаць?
— Добра, — сур’ёзна сказаў мастак Дроздзіч, — якая твая прапанова?
— Я заўсёды кажу: назіранне — шлях да спазнання, — узгадаў кот Міамурмарор сваю ўпадабаную прымаўку. — Бачыце, пара над вадою паднімаецца? Дым ад вогнішча таксама паднімаецца. А вунь у кустах ляжыць бурдзюк Алеоллы...
— Ну, ты і зіркасты! — захапіўся мастак Дроздзіч. — А я думаю, што гэта там такое — кажух не кажух?
— А калі гэты дым сабраць разам, — працягнуў Міамурмарор, — напрыклад у мяшок, то ён зможа падняць у паветра яшчэ каго-небудзь. Гэты бурдзюк, думаю для маёй вагі якраз падыходзіць. А веерамі-мяцёлкамі вы будзеце рабіць вецер і тым самым падганяць бурдзюк разам са мной да таго берага.
— Не ведаю, калі б можна было лётаць на пары альбо дыме, — Арцін з сумненнем прыўзняў адзін куток вуснаў, — людзі ўжо даўным-даўно сталі б паднімацца да аблокаў і будаваць на іх гарады. Але калі ты ўсё-такі вырашыш ляцець на бурдзюку,то мы дамо табе адзін канец вяроўкі, а іншы зачэпім тут, высока, за зубец замкавай сцяны. На той бераг мы спакойна зможам з’ехаць па вяроўцы.