Мінскевіч Серж
Шрифт:
— Ром! — крыкнуў маг Ніціч. — Хутчэй паднімай астатніх віцязяў! Хай забіраюць да сябе шчыты. Кожны адказвае за іх галавой! Я — за ёй.
Маг Ніціч разагнаўся гэтак жа, як і Алеолла, скокнуў у «студню» і спрытна з’ехаў уніз. Але было позна — дзяўчына паспела схавацца ў цёмнай галерэі, і Ніцічу давялося паднімацца за паходняй.
У далёкай нішы, дзе Алеолла знайшла сваю нафтавую паходню, яна схавала футарал з сякерай Бедалдая — прысыпала яго пяском, а зверху — сажай, каб не было відаць, што тут нядаўна капалі.
Наступнай яе задачай было знайсці пакой Бедалдая. Па пакінутых раней знаках-плямінках сажы Алеолла знайшла спачатку свой пакой, а затым прынялася даследаваць усе найбліжэйшыя калідоры. І нарэшце, праз пэўны час, знайшла Бедалдая.
Кат сядзеў, схіліўшыся над сваім сталом. Алеолла паціху падышла і, каб зноў не памыліцца, зазірнула яму ў твар. Цяпер, без сумнення, гэта быў Бедалдай. Ён глядзеў на косці для гульні, раскінутыя па стале.
— Бедалдай!
— Так, — адказаў ён, не адрываючыся ад свайго занятку.
— Нам трэба ляцець да нашых сяброў!
— Так, — пацвердзіў Бедалдай.
— Гэта замак разбойнікаў! Яны рабуюць караваны! Яны трымаюць палонных! Я знайшла цара Ранеона. Вязня гэтага магнітнага замка.
— Так-так, — Бедалдай згроб у руку косці.
— І я ведаю, як нам паляцець! А ляцець нам трэба як мага хутчэй, бо калі сюды прыйдуць нашы сябры, яны таксама стануць вязнямі гэтага жудаснага замка. Гэтыя віцязі значна мацнейшыя за нас. А сысці пешкі з магнітнага замка немагчыма. — узбуджана казала Алеолла. — Я прынесла і схавала тваю сякеру, Бедалдай!
— Так-так, — зноў паўтарыў кат, а сам пачаў па адным кідаць кубікі.
— Паслухай мяне! Калі Арцін, мастак Дроздзіч і кот Міамурмарор патрапяць у гэтую магнітную пастку, то не будзе каму ісці да Паляндры! Зразумей, няма каму!
— О, «шэсць»! — усклікнуў Бедалдай.
— Ты разумееш?!
— Разумею, — сказаў ён, і кінуў яшчэ адзін кубік. — Эх, «двойка».
— Бедалдай! Сякера ў мяне. Нам трэба сыходзіць у лабірынт, перачакаць, пакуль усё аціхне, а потым паспрабуем прабрацца на балкон! Мы накіруем «магнітычную» глыбу ў напрамак маёй краіны, у мяне нават карта ёсць, і паляцім з гэтага злашчаснага месца!
— Вядома, вядома. — Бедалдай паспрабаваў згрэбці кубікі, але Алеолла першая іх сабрала і сціснула ў руцэ.
— Ты чуеш? Нам трэба як мага хутчэй адсюль выбірацца, знайсці нашых сяброў, пакуль яны не наблізіліся да гэтага замка! Інакш усё прапала! — Алеолла спрабавала расштурхаць Бедалдая, і тут адзін кубік з яе рукі, быццам сам сабою, выскачыў і пакаціўся.У гэты момант Алеолла адчула непераадольнае жаданне паглядзець — а што ж ёй выпала. Раптам там «шасцёрка»? А потым, калі выпадзе ўся камбінацыя — тады павінна адбыцца чараўніцтва.
Алеолла зірнула на кубік — і сапраўды — на ім была «шасцёрка»!
«Ого, выдатна! — падумала яна. — Трэба кідаць далей. Вось бы на другім кубіку была «пяцёрка».
І як па яе жаданні, выпала «пяцёрка».
— А цяпер, кубік, дай мне «чацвёрку».
Да радасці Алеоллы выпала і «чацвёрка».
— Ну, а «троечка» прыйдзе? Раз два тры, — яна кінула кубік.
Яна і Бедалдай разам зірнулі на кубік — на верхняй грані кубіка злева направа стаялі тры кропкі.
— Ура! Ура! — ускрыкнула Алеолла.
— Ну што ж, цяпер «двоечка». Нас тут двое і патрэбна «двоечка». — дзяўчына два разы дзьмухнула на чарговы кубік і кінула. Кубік закруціўся, пакаціўся, загрукаў куткамі і спыніўся. На ім, як на маленькай божай кароўцы, былі дзве кропкі.
— Не можа быць, — сказала сабе Алеолла.
— Не можа быць, — цяжка дыхаючы, стагнаў Бедалдай.
— Ну што, прашу «адзінку»? — зашаптала кубіку Алеолла. — На секунду ў яе перад вачамі прамільгнула выява вар’ята Ранеона — ён усміхнуўся бяззубай усмешкай.
«Нічога, — падумала Алеолла, — я выйграю. Мне трэба выйграць».
Алеолла кінула апошні кубік — ён паскакаў па стале і раптам закруціўся. Калі б кубік зрабіў яшчэ адзін паварот, то выпала б «адзінка». Але, на жаль — на ім зноў былі дзве кропкі.
— Вось прыкрасць! Добра, я згуляю яшчэ разок, — сказала Алеолла.
— Не, цяпер мая чарга, — Бедалдай хутка згроб кубікі. — Будзем кідаць па чарзе, — рэзка прамовіў ён.
***
Тым часам маг Ніціч, Ром Ончар і яшчэ некалькі віцязяў спусціліся з паходнямі ў лабірынт.