Мінскевіч Серж
Шрифт:
Нарэшце, кот строс з сябе вяроўку і, трымаючыся кіпцюрамі левай лапы за прымагнічаны вышэй за усіх наканечнік арбалетнай стралы, правай лапай раскруціў над галавой ласо і спрытна закінуў яго на зубец сцяны.
Крумкач, які сядзеў над Міамурмарорам, незадаволена каркнуў і паляцеў за мур, пэўна, ён чакаў сабе спажывы, спадзяваўся, што кот зваліцца і разаб’ецца. А кот усё не падаў і не падаў.
Па вяроўцы Міамурмарор хутка ўскараскаўся на сцяну і агледзеўся. Затым з ганарлівым выглядам размяўся, выгнуў спіну, выцягнуў наперад пярэднія лапы, пры гэтым растапырыўшы на іх кіпцюры, і салодка пазяхнуў.
Яго сябры зразумелі, што вартавых няма. Хутчэй за ўсё, на замак ніхто даўно не нападаў, таму на сцяне перасталі выстаўляць дазор.
Кот Міамурмарор скінуў вяроўку ўніз. Па ёй узлез спачатку мастак Дроздзіч, а затым — Арцін.
Сябры прагуляліся па сцяне і здзейснілі «кругасветнае» падарожжа вакол вузкай скалы, што, здавалася, калола неба. Зубчастая сцяна, збудаваная з адпаліраваных пліт шэрага жалезняку, стаяла цалкам асобна ад скалы — проста перакрывала праход да яе. А паміж скалой і сцяной быў выкапаны і запоўнены вадой шырокі роў. Ніякага спуску да яго відаць не было.
— Пэўна, для выхаду на гэтую сцяну выкарыстоўвалі вяровачныя лесвіцы і падвясныя масты, — выказаў здагадку мастак Дроздзіч.
Насамрэч, насупраць сцяны, на скале бачыліся прыкметы гаспадарання — можна было заўважыць высечаныя прыступкі, спіральныя сцежкі, рукатворныя пячоркі, якія служылі назіральнымі пунктамі. Цяпер там было бязлюдна.
— Калі ў гэтай скале хтосьці і жыве, то іх павінна быць не вельмі і шмат, — прамовіў кот.
— Часам якасць замяняе колькасць, — задумаўся мастак Дроздзіч. — Можа, жыхарам гэтай скалы не вельмі трэба турбавацца пра ўласную ахову.
— Вось гэта і насцярожвае, — папераджальным тонам прамовіў кот Міамурмарор.
— Добра. Па паветры мы лётаць не ўмеем. Трэба спускацца да рова, — зрабіў выснову Арцін.
Першым, як звычайна, па вяроўцы, зачэпленай адным канцом за зубец на сцяне, спусціўся кот Міамурмарор, потым — Арцін, а пасля і мастак Дроздзіч.
Трое сяброў апынуліся на вузкай пясчанай водмелі, пад самым мурам. На водмелі густа рос чарот, асака, нейкія кусты, тырчалі тонкія дрэўцы, большасць з іх была чэзлай ці наогул сухой.
— Першым я пайду, — разахвоціўся Арцін, — не ўсё ж катам перад людзьмі выхваляцца. Гэты руды хвост неўзабаве мне сніцца будзе.
— А можа, не будзем спяшацца? — прапанаваў мастак Дроздзіч. — Давайце прыгледзімся.
— І прынюхаемся, і прыслухаемся, — дадаў кот Міамурмарор.
— Дый што там. Вада спакойная. Надвор’е добрае, — Арцін хутка начапіў вадаступы, аддаў мастаку Дроздзічу сваю каменную сякеру, каб не перашкаджаў лішні груз, і адважна пакрочыў па вадзе.
Ён дайшоў да сярэдзіны рова, пастаяў трохі, азірнуўся. Паверхня вады падавалася цалкам гладкай і ціхамірнай. Арцін азірнуўся на мастака Дроздзіча і ката Міамурмарора.
— Гэй, давайце за мной! — крыкнуў ім юнак.
І тут жа блакітная вада пад ім пацямнела. Вялізная рыбіна падплыла да Арціна і, стукнуўшы шырокім ілбом, падкінула яго ўгору, пры гэтым сама ж выскачыла з вады. Рыбіна была цёмна-шэрая з тоўстай лускай, магутным хвастом і вялізнай пашчай, з якой, як у маржа, тырчалі доўгія зубы.
У паветры Арцін кульнуўся, паспеў падняць над галавой рукі і даволі ўдала ўвайшоў у ваду. Юнак хутка вынырнуў і што ёсць сілы паплыў да водмелі. Але вада пад ім зноў пацямнела, і ўжо другая рыбіна — такая ж вялізная, як і першая, толькі з адным абламаным зубам — падкінула яго ў паветра. У тое ж імгненне насустрач гэтай рыбіне з вады выскачыла яшчэ адна. Абедзве рыбы са страшным гукам сшыбануліся сваімі жахлівымі ікламі і разам плюхнуліся ў ваду. Па ўсім рове пайшла вялізная хваля. І менавіта ў яе Арцін і патрапіў. У вадзе яго некалькі разоў перакуліла, ён ледзь не захлынуўся. І зноўку юнака падкінула, гэтым разам вельмі высока, наўпрост на мур замка. Арцін ледзь было не пераляцеў праз яго, але, учапіўшыся кашуляй за зубец, павіс.
Кот Міамурмарор і мастак Дроздзіч былі ашаломлены відовішчам. Усё адбылося неймаверна хутка. І яны нічым не змаглі дапамагчы свайму сябру.
Кашуля Арціна была выткана з трывалай тканіны, таму вытрымала яго вагу, і будучы віцязь па вяроўцы, якую яму перадаў кот, спакойна спусціўся на водмель.
— Рыбкі хацелі павучыць мяне лётаць, — паспрабаваў аджартавацца Арцін.
— А калі б яны мяне так павучылі лётаць, — нарэшце змог вымавіць кот, — я дакладна застаўся б без хваста.
— Вось бачыш, не трэба было за мяне баяцца. У мяне хваста няма, і страціць яго я не мог, — Арцін вінавата ўсміхнуўся. — Ды годзе вам, забылі.
Мастак агледзеў Арціна, упэўніўся, што ўсё ў яго ў парадку, і дакорліва пахітаў галавой.
Роў, перад якім стаялі сябры, цяпер падаваўся ім непераадольнай перашкодай.
— Задача складаная, — працягнуў кот Міамурмарор, пачасаўшы патыліцу, — значыць, цікавая.
— Што тут думаць? — сказаў Арцін кату. — Ты падыходзіш да берага, гучна муркаеш пра мур мармуровы, рыбы слухаюць і засынаюць. А мы перабягаем роў.
— А ты ўпэўнены, што ўсе рыбы падплывуць і стануць мяне слухаць? Я ж буду на беразе, а яны пад вадой.