Мележ Іван
Шрифт:
Напісаўшы ліст, Баклан адчуў прыемную палёгку, быццам радкі ліста забралі ўвесь цяжар, што зваліўся на сэрца пасля сходу. Вымова… Няхай — вымова. Ці варта яму вельмі непакоіцца праз гэта. Тыя, хто даў яму спагнанне, — людзі звычайныя, не выдатныя нічым, не раўня яму…
Назаўтра ўранку ён занёс ліст на пошту.
…Калі Баклан вярнуўся з пошты, то неспадзявана стаў разважаць — ці трэба было пра ўсё пісаць Кавалевічу.
Яго пачало тачыць сумненне: а можа Кавалевіч таксама забыўся. Ён-жа цяпер загадчык прамысловага аддзела абкома. Новая праца, новыя таварышы… Гэта было-б горка — расчаравацца ў камандзіры, бо Баклан вельмі верыў яму.
Праходзілі дзень за днём, а адказу на ліст не было. Ён так чакаў вестку ад камандзіра атрада, што кожны дзень пасля абеду, калі звычайна прывозілі газеты i лісты, хадзіў на пошту.
— Нешта вы зачасцілі да нас, Пятровіч, — заўважыў аднойчы загадчык аддзялення, старэнькі беленькі чалавечак. — Можа, які-небудзь важны цыркуляр чакаеце?
— Цыркуляр, Майсеевіч!.. — іранічна прамовіў старшыня i таямніча на вуха шапнуў старому: —Дзяўчына ў мяне ў горадзе ёсць… Абяцала пісаць i — хоць-бы слова!..
— А, вер ты цяпер дзяўчатам!..
Тым часам у гэтыя дні Баклана ўсё больш апаноўвала няўпэўненасць, невядомая раней гэтаму чалавеку.
Ён пачынаў у глыбіні душы адчуваць, што як ні прыкра, трэба прызнацца, што ён памыліўся, што мае рацыю не ён, a іншыя — якія галасавалі за вымову.
Сумненне пачало змяняцца непакоем. Цяпер Васіль стаў часам пабойвацца прыезду Кавалевіча.
Кавалевіч яшчэ, чаго добрага, дадасць да ўсяго. Партыйнага сходу, — скажа, — не паслухаўся. Распусціўся… Забыў пра абавязак перад комсамолам, перад партыяй…
Цяпер, пасля сходу, бачылі, ён стаў нейкім стрыманым, паглыбленым у сябе. Пачаў больш прыглядацца да жыцця ў калгасе. Праверыў, як трымаюць у свірне насенне, i выявіў, што ў ім многа вільгаці. Ну i дасталося кладаўшчыку ад старшыні: доўга будзе помніць нядбалец. Некалькі дзён пасля гэтага Баклан зноў заходзіў сюды, сачыў, як ідзе прасушка. Выклікаў да сябе ў канцылярыю ўсіх людзей, якія мала хадзілі на працу, пагаварыў з кожным…
Часам, аднак, непакой адыходзіў. Да яго вярталася ранейшая ўпэўненасць i бесклапотнасць. «Не, Кавалевіч не можа забыць таго… — думаў ён. — Кавалевіч ацэніць…»
Аднойчы, так i не дачакаўшыся ліста, Баклан запрог каня i паехаў на Прыпяць да знаёмага рыбака, куды ён любіў часта наязджаць i раней. Васіль вельмі любіў, як сам казаў, «ласавацца рыбкаю», — бывала, цэлымі тыднямі прападаў з рыбакамі на ціхіх прыпяцкіх водах. Прыемна, спакойна на рацэ, асабліва, калі багаты ўлоў, але не менш падабаліся Васілю вечары на беразе — вясёлы агонь, на якім булькоча-кіпіць у катле юшка…
Пад вечар у той самы дзень прыехаў Кавалевіч… Яго сустракаў Гаўрыльчык, Бакланаў намеснік.
II
Як толькі пачало займацца на дзень, Кавалевіч прахапіўся. Першае, што ён пачуў, — недзе непадалёк аб дрэва бразнулі вядром, услед за гэтым працягла зарыпеў журавель. Кавалевіч адкінуў коўдру, пачаў апранацца. Можна было-б яшчэ спаць: ноччу яны з Гаўрыльчыкам доўга гаварылі i разышліся толькі а чацвёртай гадзіне. Да таго-ж спяшацца сёння няма куды — ён прыехаў у госці, Але Кавалевіч ведаў, што ляжаць больш не зможа, гэта быў той час, у які ён заўсёды падымаўся. Кавалевіч у змроку вобмацкам знайшоў боты, хутка абуўся i выйшаў у другі пакой, дзе спаў Гаўрыльчык.
Таго ў хаце ўжо не было. Арына, Гаўірыльчыкава жонка, завіхалася пры печы, у якой лютавала прагнае полымя. Яна якраз, пазіраючы ў печ, ставіла на вілках чыгун, накрыты скавародкаю. Паставіўшы чыгун, яна кісцю рукі выцерла лоб i лагодна прывіталася з госцем. Гэта была невысокая, але статная, маладая жанчына, вельмі спакойная i павольная. На яе пухлых дзіцячых шчочках, каля кірпатага носіка, пунцавелі ад спёкі, якая патыхала з печы, два кругі. Арына сказала, што Рыгор ужо гадзіну, напэўна, як на калгасным дварэ.
— Па сена людзей, бачыце, трэба паслаць. Дык Рыгорка падаўся, непакоіцца, каб якой замінкі часам не было… — яна вілкаю прыгарнула жар да чыгунка, уздыхнула. — Ой, гора мне з ім… Цэлыя дні, бывае, не загляне ў хату…
Арына падала госцю мыла ў мыльніцы з зялёнай пластмасы, стала паліваць з мядзянай конаўкі на вялікія бледныя рукі госця. Пры гэтым, не сціхаючы, увесь час гаманіла.
— …Ну, што-б яму — рабіў-бы за сябе i хопіць. Гэта-ж столькі людзей у калгасе, столькі клопату ў кожнага. Хіба за ўсякім даглядзіш? Дык не-ж, ён да ўсяго мае дачыненне. Усюды сваё слова ўставіць!.. Баклан не глядзіць сам нічога, дык ён i за яго, за старшыню, стараецца… А як-жа, ён, бачыце, намеснік.