Мележ Іван
Шрифт:
Хвіліну стаяла неспакойная цішыня. Хтосьці важка павярнуўся, i пад ім рэзка зарыпела крэсла.
Гаўрыльчык узяў са стала лісток, на якім быў напісаны парадак дня, i прачытаў другое пытанне.
Баклан, шырокаплечы, модны чалавек, у вайсковай гімнасцёрцы, на якой зіхатліва паблісквалі два ордэны, павольна падняўся i накіраваўся да дзвярэй.
— Ты куды, старшыня? — Запытаў Зубец, парторг.
— Пакурыць…
Ён стараўся ісці з выглядам спакойнага i ўпэўненага чалавека, які не зважае на тое, што пра яго гавораць, i ведае сабе цану. Вайсковыя хромавыя боты яго стукалі цвёрда i моцна, i ўсе, хто сядзеў на сходзе, павярнуліся на гэты стук i сачылі за старшынёй, пакуль ён, гучна бразнуўшы дзвярыма, не апынуўся ў цёмным калідоры сам-на-сам.
У калідоры Баклан спыніўся, запаліў папяросу. Аднак, разы са два пацягнуўшы, кінуў яе на падлогу i наском бота расцёр. Мімаволі падумалася, што хоць i хацеў на сходзе здавацца спакойным, усё-такі хваляваўся, перажываў, як якая-небудзь дзяўчынка. Прыкра было адчуваць, што іншыя заўважылі ўсё гэта, i ён цяпер аблаяў сябе ў думках.
З пакоя даходзіў спакойны, сіплы, нібы прастуджаны, голас Зубца; старшыня абыякава прыслухаўся — гаворыць аб падрыхтоўцы да зімовых нарыхтовак лесу для данбаскіх шахт.
Прыгадаліся апошнія словы Гаўрыльчыка, якімі той заключыў абмеркаванне справаздачы старшыні: «абвясціць вымову…»
«Абвясціць вымову…» — Баклан іранічна хмыкнуў: гэтыя словы здаваліся ў дачыненні да яго такімі недарэчнымі i дзіўнымі. — «Вымову — мне?!.»
Ен хвіліну стаяў нерухома, нібы чакаў адказу на сваю думку, — потым, не дачакаўшыся, выйшаў на двор.
Жоўтае святло з акна падала на змятую мокрую траву, якая цьмяна, маслена ільснілася, падымалася на завостраныя штакеціны агарожы. Ідучы праз двор, Баклан на міг азірнуўся на акно i ўбачыў у ім рослую, з тонкай шыяй, з вузкімі пакатымі плячыма, постаць Зубца.
Гэтая вымова — галоўным чынам праз Зубца, які ўжо даўно настойваў, каб паставілі Бакланаву справаздачу, а цяпер, на гэтым сходзе, выступаючы першым, кідаў калючымі словамі: «адарваўся ад жыцця», «зазнаўся»… «заспакоіўся»…
У старшыні даўно былі нелады з Зубцом, які заўсёды чапіўся да яго, не хацеў, нібы знарок, заўважань Бакланавых заслуг i надакучаў частымі размовамі пра калгасныя справы. Яму ўсё адно — заслужаны ты чалавек ці звычайны. I адкуль у Зубца такая пагарда да заслуг. Можа, у самога яго большыя? Дык не-ж. Ён, праўда, ваяваў таксама недзе на фронце, але як ён там ваяваў, — нікому невядома, — сам-жа ён чамусьці не любіць расказваць пра гэта. Хоць, праўду кажучы, чаму не любіць, можна здагадацца, — відаць, няма аб чым апавядаць. Баклан упэўнены, што ваяка з яго быў не асаблівы. Затое цяпер ён стараецца паказаць сваю смеласць. Нават яго, Васіля, пачынае вучыць.
Баклан ужо даволi далека адышоў ад канцылярыі, калі схамянуўся, падумаў, што час вярнуцца на сход. Там яго чакаюць.
Аднак вяртацца не хацелася, i ён паволі пабрыў дахаты.
Дома была маці, старая маўклівая жанчына, з уважлівымі чорнымі вачыма, — яна вязала сыну з белай шэрсці панчохі на зіму. Старая чулым мацярынскім позіркам адразу заўважыла, што сын нечым запепакоены.
— Што з табою, Вася?
Васіль, не зірнуўшы на яе, неахвотна буркнуў нешта ў адказ.
Ён падышоў да стала і, рассеяна пазіраючы на свае фотакарткі, што ў некалькі радоў ляпіліся на сцяне, думаў узрушана.
Кепская ў людзей памяць. Ці даўно Баклан зняў з гэтага шырокага афінэрскага пояса, якi ён i цяпер носіць, трафейны «вальтэр», ці даўно куляліся пад адкос вагоны апошняга нямецкага эталона, спушчанага Бакланам, — а вось сёння яго папракаюць ужо за тое, што ён носіцца са сваімі партызанскімі заслугамі.
Не, няма належнай павагі да заслужанага чалавека. Ён адчуў сябе пакрыўджаным і адзінокім і ад душы пашкадаваў, што поруч няма таварышаў з тых незабыўных дзён.
Позірк Васіля мімаволі спыніўся нa фотакартцы, дзе ён быў зняты з камандзірам атрада. Кавалевіч сядзіць, прытуліўшыся шырокай спіною да таўшчэзнага камля, а ён, праслаўлены падрыўнік, стаіць на кукішках і, паказваючы штосьці на карце, дакладвае пра вынікі аперацыі на «жалезцы».
Баклан раптам прыгадаў, што не бачыўся з Кавалевічам вось ужо два гады, ад таго, як партызаны разышліся па калгасах, па розных установах выконваць новыя, мірныя заданні. Воблік камандзіра, Івана Савіча, паўстаў перад ім так яскрава, нібы толькі ўчора яны рассталіся.
Баклану захацелася раскрыць перад ім свае думкі, падзяліцца сваёю крыўдаю. Хто, як не Кавалевіч, зразумее i ацэніць усё па-сапраўднаму.
Ен дастаў з палявой сумкі, што вісела на сцяне, як памятка былых дзён, лісток паперы, сеў за стол насупраць маці i пачаў адразу хутка пісаць — ламаным няроўным почыркам: «Пісьмо ад вядомага табе падрыўніка Баклана…»
Аловак у цвёрдай яго руцэ не пісаў, a выціскаў на паперы рэзкія, адрывістыя літары. «Сэрца» алоўка некалькі разоў крышылася. Ён пісаў пра тыя слаўныя дні, калі з Кавалевічам біў гітлераўцаў, скардзіўся, што некаторыя хутка забылі людзей, якія тады здабылі сабе вялікую славу, што яго, камандзіра-падрыўніка, тут заціраюць… У гэтым месцы «сэрца» алоўка зламалася. Баклан завастрыў аловак i стаў пісаць далей.
Увесь ліст — чатыры старонкі са сшытка — ён напісаў адразу, як кажуць, — адным подыхам. Ліст быў усхваляваны i бязладны; адна думка перабівала другую.