Вход/Регистрация
Блізкае і далёкае
вернуться

Мележ Іван

Шрифт:

Кашлатыя чорныя бровы Кавалевіча насцярожана падняліся — зараз яшчэ што-небудзь скажа пра Баклана. Не, усё пра адно, пра Рыгорку свайго…

— Баклан — што-ж, выходзіць, не глядзіць? — запытаўся, здавалася абыякава, Кавалевіч, далонню сціраючы з шырокага зямлістага твару ваду.

Яна адказала не адразу. Вынесла з пакоя, дзе спаў Кавалевіч, чысты з вышыванымі пеўнікамі ручнік, падала госцю. Потым махнула рукою…

— Кепска, скажу я вам, калі тваім начальнікам заслужаны чалавек. Яму хочацца то на Прыпяць, то ў горад ехаць, — ліха яго ведае, чаго захочацца чалавеку на выгодзе! — a калі што трэба, то ты рабі, Рыгорка… Прыедзе хто з райза ці з эмтээса — усе да Рыгоркі.

Яна накіравалася была да печы, але раптам спынілася і, павярнуўшы да Кавалевіча поўны, круглашчокі твар, бліснуўшы весела вачыма, дадала:

— Тут у нас пра яго, пра Баклана, жартуючы, кажуць: харошы старшыня — трынаццаць нямецкіх эшалонаў спусціў!

Яна засмяялася так шчыра i простадушна, што Кавалевіч таксама ўсміхнуўся. Цяпер яна пачала зноў гаспадарыць пры печы. Рабіла яна, як i гаварыла, павольна, без мітусні.

Кавалевіч вярнуўся ў свой пакой. На дварэ цяпер сінеў не густы ранішні змрок, i ў вулічным акне былі відаць голыя кусты бэзу, што курчыліся ад вільгаці i сцюжы, i чорныя, як-бы сатлелыя, сцябліны кветак. Да Кавалевіча вярнуліся неспакойныя думкі пра Баклана. Словы Арыны не былі для яго нечаканымі. Ён ужо ведаў пра партыйны сход, на якім слухалі справаздачу старшыні, пра адносіны старшыні да парторга, — аб гэтым яму расказаў учора Гаўрыльчык. Праўда, Рыгор гаварыў пра Баклана неахвотна i ўсяляк імкнуўся абысці гэтую прыкрую тэму. Часней за ўсё ён адгаварваўся двума словамі— «сышоў з рэек». Аднак Кавалевіч i з тых вестак ужо добра ўяўляў сабе паводзіны Баклана, i яны выклікалі ў ім трывогу.

Баклан калісьці быў камандзірам падрыўной комсамольскай групы. Партызанскім атрадам «Смерць фашызму», у які ўваходзіла гэтая падрыўная група, камандаваў Кавалевіч. Камандзіру атрада прыйшоўся да спадобы малады начальнік падрыўнікоў за адвагу i рашучасць. Ніхто іншы, a камандзір атрада — Кавалевіч — назначыў Баклана кіраваць групай, Кавалевіч-жа паручыўся за комсамольца-падрыўніка, калі той уступаў у партыю.

Месяцы чатыры назад Баклан стаў старшынёй калгаса. Ён у той час прыехаў з Мінска, з курсаў, на якіх правучыўся амаль год. Кавалевіч аб выбранні Баклана даведаўся на адной з абласных нарад ад сакратара райкома, — ён сказаў, што лепшага старшыні i жадаць не трэба, бо яго падрыўнік быў, акрамя ўсяго, добрым арганізатарам. I вось — на табе…

Неўзабаве Кавалевіч пачуў, што ў суседні пакой, бразнуўшы клямкаю, нехта ўвайшоў. Дзверы між пакоямі былі зачынены, i хто ўвайшоў, яму не было відаць, аднак ён пазнаў крокі Гаўрыльчыка. Гаўрыльчык хутка прабег праз пакой да печы, дзе поркалася Арына. «Зачакалася, мусіць, перапёлачка? Не?! Ой, няпраўда: не паверу… Я замаркоціўся без цябе…» — дайшло да Кавалевіча. Арына лагодна папракнула: «Маўчы, пасароміўся-б чужога чалавека — там-жа ўсё чуваць».

«Чуваць! Што там чуваць… баязліўка ты мая!» — каб пацешыцца над Арынінай асцярогай, знарок мацней прагаварыў Рыгор. Арына, мусіць, закрыла яму рот. Кавалевіч, чуючы ўсё гэта, не мог стрымаць усмешкі.

Потым Рыгор прыадчыніў дзверы ў Кавалевічаў пакой.

— Можна да вас?

— Заходзь.

На маладым абветраным твары Гаўрыльчыка асабліва выдзяляліся лагодныя карыя вочы, падобныя на два спелыя жалуды. Ён быў апрануты ў суконны пінжак, з-пад якога віднелася вышываная чырвоная сарочка; сінія армейскія штаны былі запраўлены ў кароткія, з шырокімі халявамі, старыя боты.

— Ну, накіраваў людзей па сена, — сказаў ён павольна, з выразам заклапочанага нечым чалавека. — Сёння адправілі сем падвод. Паехалі далека, аж у Церамоскае. Адсюль кілометраў сем, мусіць, будзе… Што гэта вы так рана ўсхапіліся, Іван Савіч?

Куточкі строгіх, рэзка акрэсленых вуснаў госця ледзь прыкметна задрыжэлі ад затоенай усмешкі: няўжо перад ім той самы гарэзны хлопец, які толькі што жартаваў з жонкаю. Паважнеў, нахмурыўся…

— Ты-ж яшчэ раней устаў, — адказаў Іван Савіч.

— Раней, то раней. Але мне нельга спаць, Іван Савіч, я на рабоце. У мяне клопаты. Тут, здаецца, рад паспаць-бы яшчэ гадзінку, дык думкі розныя раскатурхаюць да часу. Падымаюць самі, як кажуць: каму прырупіць — вочы пралупіць. А вы — госць, птушка вольная, прыехалі ў адпачынак, пагуляць, дык гуляйце.

«З майго атрада», — падумаў мімаволі Кавалевіч. Ен раптам заўважыў, што з учарашняга дня, з сустрэчы, стаў неяк асабліва ганарыцца тым, што Гаўрыльчык з яго атрада. Баклан i Гаўрыльчык былі ў адной групе, першы — камандзірам, a другі — байцом. Гаўрыльчык таксама лічыўся ў атрадзе някепскім падрыўніком, хоць i не было ў яго паводзінах такой кідкай адвагі i шумлівасці, як у яго камандзіра. Ён усё рабіў ціха, проста, нічым не вылучаючыся з дзесяткаў другіх, такіх-жа малапрыкметных, людзей…

Арына паклікала снедаць. Кавалевіч прыпыніў Рыгора.

— Баклан яшчэ не прыехаў?

Па тым, як камандзір запытаў, Гаўрыльчык здагадаўся, што той нецярпліва чакае Баклана.

— Не… няма, — вінавата адказаў Рыгор, нібы ён быў вінен, што Баклан не прыехаў.

Пасля снедання пайшлі на поле паглядзець, ці добра ідзе малацьба. Кавалевіч прыехаў сюды не толькі для таго, каб пабачыцца з Бакланам, — яму таксама хацелася даведацца, як жывуць яго таварышы-партызаны, як цяпер выглядаюць мясціны нядаўніх баёў.

Быў хмурны асенні дзень. Здавалася, што збіраўся дождж, — паветра было насычана вільгаццю; нізка плылі кашлатыя цёмныя хмары. Поле пласталася голае, аднастайна-пустое, але цяпер гэта не кідалася так у вочы, як адразу пасля жніва, — надышоў лістапад. Там-сям чарнелі шырокія лапіны ворыва.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: