Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Але напад гараднянаў на Драгічын выклікаў выключна жорсткую помсту Льва Данілавіча. Ён звярнуўся па дапамогу да татарскага хана Менгуцімера, які не адмовіў яму ў гэтым, што і зразумела, бо татарам адкрывалася тым самым магчымасць яшчэ раз пасля нападу Бурундая ў 1258 г. парабаваць, а то і заняволіць адну з беларускіх земляў, што адзіныя ва ўсёй Усходняй Еўропе былі свабодныя ад іх ярма. Даўшы Льву раць на чале з ваяводам Ягурчынам, Менгуцімер адначасова прымусіў ісці залежных ад яго рускіх князёў, з якіх у летапісе адзначаны Раман Дабраньскі, Алег і Глеб Смаленскія. Апроч таго, разам з галіцка-валынскімі князямі ішлі пінскія і тураўскія князі. Як бачым, нягледзячы на ўмацаванне сувязяў Пінска і Турава з Новагародкам, яны па-ранейшаму адчувалі моцны ціск галіцка-валынскіх князёў, з’яўляючыся для іх плацдармам дпя непасрэднага нападу на Новагародскую дзяржаву, паколькі шлях іх ішоў «мимо Турова к Случку». Тут яны, злучыўшыся з татарамі, пайшлі на Новагародак. Вельмі паказальна, што за напад на Драгічын цярпелі не гарадняне, якія непасрэдна ажыццяўлялі яго, а Новагародак. Гэта яскравае сведчанне таго, што Горадзен знаходзіўся пад уладай Новагародка, адкуль і ішла ініцыятыва нападу на Драгічын, што добра разумелі галіцка-валынскія князі і таму накіравалі свой удар супроць Новагародка.

Трэба зазначыць, што гэтая падзея досыць падрабязна асветлена летапісцам. Так, мы даведваемся, што, злучыўшыся каля Слуцка, рускія і татарскія войскі спешна пайшлі да Новагародка. Не дайшоўшы да р. Сэрвеч, спыніліся на ноч. А назаўтра, рана ўстаўшы, перайшлі раку і рашылі чакаць світання. Калі стала ўзыходзіць сонца, пачалі строіцца палкі і ісці да Новагародка. Татары знаходзіліся на правым флангу, побач з імі ішоў Леў са сваім войскам, а на левым флангу рухаўся Уладзімір са сваім валынскім войскам. Аднак татары ў скорым часе прыслалі да Льва і Уладзіміра сваіх ганцоў, якія паведамілі, што за бліжэйшаю гарой ужо стаіць войска праціўніка і пара ідзе з яго коней. Аднак калі паслалі людзей разведаць, то тыя ўбачылі, што ніякага войска там не было і што пара ішла з крыніц, якія цяклі з гары і выдзялялі пару на вялікім марозе (як бачым, паход адбываўся зімой). Пасля гэтага замяшання войскі падышлі да горада і сталі каля яго. Далей летапісец зазначыў, што не ўсе войскі тут былі. Так, Мсціслаў ад Копыля павярнуў на Палессе, якое ваяваў. Гэты факт дае падставу меркаваць, што частка Палесся была ўжо пад уладаю Новагародка. Не было тут і задняпроўскіх князёў. I толькі адзін Алег (сын Рамана Дабраньскага) прыйшоў да татараў, а яны вельмі яго чакалі. I вось у гэты час Леў, утаіўшыся ад сваіх стрыечных братоў — валынскіх князёў Уладзіміра і Мсціслава, — першым з татарамі напаў на Новагародак і захапіў яго акольны горад, а назаўтра і дзяцінец. Няма чаго казаць, што абрабаванне было галоўнай мэтай нападнікаў, і таму зразумела, што Леў і татары, першымі ўварваўшыся ў Новагародак, як мы ўжо ведаем, вельмі багаты горад, мелі найбольшую здабычу і мала альбо нічога не пакінулі іншым саюзнікам, чым і выклікалі іх вялікі гнеў. А гэта і расстроіла далейшыя планы ўдзельнікаў паходу. Раней было дамоўлена, што, узяўшы Новагародак, яны пойдуць на Літву. На гэта апошняе трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Між іншым, А. Краўцэвіч у сваёй кнізе гаворыць, што гэта летапіснае паведамленне абвяргае маё сцверджанне аб знаходжанні Старажытнай Літвы ў Верхнім Панямонні. Маўляў, галіцкія войскі і татары прайшлі праз тую тэрыторыю, якую я паказваю як Літву, да Новагародка, а пасля сабраліся ісці на Літву. Аднак ён не звяртае ўвагі на тое, чаму галіцка-валынскія князі, просячы дапамогі ў татараў для паходу на Літву, ідуць на Новагародак. А гэта значыць, што іх шлях ішоў праз Літву. Што тут яна знаходзілася яскрава сведчыць тое, што каля р. Сэрвеч, дзе заначавалі рускія і татарскія войскі, знаходзіцца тапонім «Літоўшчына». Гэтак жа і ў 1254 г. галіцкія войскі ішлі тым жа шляхам, а менавіта на Літву, на Новагародак.

Руска-татарскі паход 1274 г. быў цяжкім ударам для Новагародскай дзяржавы і найперш яе сталіцы. Але ён не дасягнуў сваёй мэты: поўнага абрабавання ўсяго Верхняга Панямоння, прычынай чаго была варожасць паміж галіцка-валынскімі князямі. Як мы ведаем, гэты паход быў карай за захоп Драгічына. На жаль, летапіс не паведамляе нам аб тым, ці быў вернуты гэты горад галіцкаму князю. Беручы пад увагу, што ў далейшым усё Падлессе ўвайшло ў склад ВКЛ, можна думаць, што Драгічын не быў вернуты Льву Данілавічу.

Частковая няўдача паходу 1274 г. не стрымала і галіцкіх і валынскіх князёў ад варожых дзеянняў супроць Новагародка. У 1276 г. Уладзімір Валынскі ў саюзе з Львом Галіцкім пасылае сваё войска да Слоніма, бярэ яго, каб, як сказана ў летапісе, новагародскія князі «их земле не подседале». 3 гэтага можна зразумець, што Слонім у той час быў важным умацаваным фарпостам, адкуль непасрэдна наносіліся ўдары Валынскай зямлі. На жаль, з летапісу нельга зразумець, як доўга знаходзіўся гэты горад у валынскіх руках.

Трайдзень у адказ на захопніцкія дзеянні паслаў свайго брата Сірпуцыя (ён хутчэй за ўсё сядзеў у Горадне, а не ў Новагародку, як лічыў У. Пашута, бо апошні быў рэзідэнцыяй самога Трайдзеня) на Валынь ваяваць каля Каменя. У сваю чаргу Уладзімір Валынскі захапіў Турыйск на Нёмане. Цяжка сказаць, дзе знаходзіўся гэты горад, магчыма, і на месцы сучаснай в. Турэц (Карэліцкі р-н). Але ўжо тое, што валынскія войскі дайшлі да Нёмана, гаворыць аб іх глыбокім пранікненні ў Новагародскую зямлю і фактычна ператварэнні яе ў становішча франтавой паласы.

Што гэта так, паказалі падзеі 1277 г., калі пасля кароткага замірэння з валынскім князем на Новагародак зноў насунулася грозная небяспека. Разумеючы, што сваімі сіламі ім неўдасца знішчыць Новагародак, яны працягвалі нацкоўваць на яго татараў. I гэтыя захады не прайшлі марна, тым больш што і татары не змірыліся з фактам існавання дзяржавы, свабоднай адіх панавання. I вось татарскі хан Нагай паведаміў праз сваіх паслоў галіцка-валынскім князям Льву, Мсціславу і Уладзіміру, што ён пасылае ім сваё войска на чале з ваяводам Мамшэем у дапамогу ім ісці «на вороги свое». Аб’яднанае войска пайшло на Новагародак. Але калі ў 1274 г. яно ішло з паўднёвага ўсходу, праз Тураў і Слуцк, то цяпер рухалася з паўднёвага захаду, праз Берасце. Цяжка сказаць, якой дарогай ішло татарскае войска, бо яго разам з галіцка-валынскімі князямі не было. Менавіта ў Берасці апошнія даведаліся, што татары іх «попередили», увайшлі ў Новагародк і «нзвоевали всё», г. зн. абрабавалі яго і нанеслі яму шмат разбурэнняў. Галіцка-валынскія князі, убачыўшы, што ў Новагародку ім пасля татараў ніякай спажывы не будзе, вырашылі змяніць свой кірунак і пайшлі ў Горадзен. Мінуўшы Ваўкавыск, яны спыніліся ў адным месцы на ноч. I вось тут зноў, як і ў 1274 г., яскрава выявіліся супярэчнасці паміж галіцкімі і валынскімі князямі. Як раней Леў, так цяпер яго брат Мсціслаў і сын Юрый таемна ад валынскага князя Уладзіміра паслалі лепшых баяраў і слуг ваяваць у Гародню (так называецца тут Горадзен). Але іх напаткала няўдача. Аднойчы ноччу яны ляглі спаць, не наведаўшы сваё войска. А там варта, страціўшы пільнасць і зняўшы з сябе зброю, не заўважыла, як з войска ўцёк адзін перабежчык, які паведаміў гараднянам, што войска, якое ідзе на яго, знаходзіцца ў бязладдзі. Пачуўшы гэта, гарадняне паслалі прусаў і борцяў (яны год назад уцяклі ад немцаў, былі паселены тут Трайдзенем і, як бачым, з’яўляліся вайсковай сілай), якія ноччу напалі на варожае войска, адных пабілі, іншых узялі ў палон, у тым ліку і нейкага Цюіма, што ўзначальваў галіцкае войска і быў паранены.

Даведаўшыся пра ўсё гэта ад сына Мсціслава Расціслаўскага, якому ўдалося выратавацца і які прыбег да іх голы і босы, Мсціслаў і Юрый вельмі засмуціліся «за своё безумье». У сваю чаргу Уладзімір Валынскі, даведаўшыся пра таемныя ўчынкі Мсціслава і Юрыя, «начаша собе промышляти о взятьи города», г. зн. Горадна. Для іх больш за ўсё небяспечнай была перад брамай горада высокая каменная абарончая вежа («столб»), у якой заселі прусы (зноў сведчанне выкарыстання іх як вайсковай сілы). Яна зачыняла ўваход у горад варожаму войску, і таму яно прыступіла да ўзяцця гэтай крэпасці, што яму і ўдалося зрабіць. Пасля гэтага гараднянаў ахапіў страх, і яны як бы змярцвелі ад яго. Аднак далей для іх усё складалася больш-менш спрыяльна. Справа ў тым, што галіцка-валынскія князі пачалі прымаць захады, каб вызваліць узятых у палон сваіх баяраў, аднак іх старанні не далі патрэбных вынікаў, і яны былі вымушаны пайсці на перагаворы з гараднянамі. Да згоды прывяла ўмова, што галіцка-валынскія князі не будуць браць горада і адыдуць са сваім войскам, а гарадняне аддадуць ім іх баяраў, што і было зроблена.

Падзеі 1277 г. зноў яскрава высветлілі цэнтральнае становішча Новагародка і яго вобласці ў Вялікім княстве.

Гэтым найперш і тлумачыцца, чаму супроць Новагародскай зямлі былі накіраваны паходы галіцка-валынскіх і татарскіх войск. Па ўсім відаць, што мэтай іх тады з’яўлялася не заваяванне, а абрабаванне і тым самым знясіленне гэтай зямлі, што магло прывесці яе ў далейшым да ўпадку, у выніку чаго яна стала б лёгкай здабычай для іх. I хоць гэта апошняе, як убачым далей, не ажыццявілася, вайсковыя ўдары галіцка-валынскіх князёў, асабліва балючыя ў саюзе з татарамі, далі сябе знаць у страце Новагародскай зямлёй свайго цэнтральнага значэння ў дзяржаве. Падзеі 1277 г. зноў пацвердзілі, што Горадзеншчына ўваходзіла ў склад Новагародскай зямлі і што Горадзен пасля Новагародка быў важнейшым горадам у дзяржаве і таму таксама з’яўляўся адным з аб’ектаў галіцка-валынскіх нападаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: