Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Ну ўсё, здаёмся, — сказаў Адольф. — Чаму так сказаў Лёнік?

Талян урачыста агледзеў усіх. Потым прамовіў з націскам, нібы паведаміў важную ваенную тайну:

— Кляшчы. Цяпер іх самы час.

— Праўда, і па тэлевізары паказваюць, — падтрымала Тамара.

Адольф успомніў сваё маленства. Ніколі раней не было такой пошасці. Адно гора — камары ды мурашкі, ну, яшчэ гадзюкі. А калі зрэдку, раз за лета, дзе ў арэшніку натрапіш на кляшча, дык потым, на другі дзень, абдзярэш, як гарошынку, ну, пасвярбіць трохі, як камар укусіў, і ўсё.

Талян усміхнуўся паблажліва, паляпаў Адольфа па плячы:

— Не, дзядзя, цяпер усё іншае! Цяпер не тыя кляшчы. Людзі ад іх гінуць. А сабакі — і падаўна.

Закасаў рукаво, паказаў шрам авальнай формы, няроўны, спечаны, як выпаленае калёным жалезам таўро.

— Што гэта?

— Апёк? — сказаў Адольф.

— Не — што гэта такое?

— Ну не ведаю я!

— Не — хто скажа?

Паўтарылася тая ж гісторыя нагнятання, што і з кляшчамі.

— Баршчавік, — нарэшце пасля сваёй кароннай паўзы спакойна, з гонарам, аб’явіў Талян. — Тры гады назад. Вы ведаеце баршчавік, дзядзя? Лёнік пакажа. У тры чалавечыя росты, як бамбук, выганяе. Нічым не вытравіш. Усё жывое труціць вакол сябе. Нічога каля яго не расце — ні крапіва, ні лопух, ні бадыллё, ні чортава лыка. Раней было такое? Ніхто і слова такога не ведаў, а баршчавіком называлі грыб, што ў боршч кладуць.

— Няўжо тры гады? Ад расліны? — сытала Тома.

— Тры, — пацвердзіў Талян, любуючыся шрамам. — Зімой праходзіць, а ўлетку, вясной на сонцы праяўляецца.

— Фотасінтэз, — нясмела ўставіла Нінка.

Калі госці паехалі, нагружаныя падарункамі, Тома пацікавілася:

— А чаму Ніна рукі памыла не як зайшла, а ў канцы? Мо што было не так?

— Ай, усё іхнія хутарскія замарочкі! — адмахнуўся Адольф.

— А Талян і праўда — сімпатычны які. І добры такі, наіўны, і разумны. Душа адкрытая. На цябе падобны. Яго памыць, падстрыгчы, апрануць — ды тут кожная другая за ім пабегла б. Шкада яго! І Ніну гэтую таксама…

Скончыліся курсы. Адольф без асаблівага хвалявання пайшоў і ўсё з першага разу здаў: тэорыю і ваджэнне.

Усе яго віншавалі, хвалілі. Сафі, якая прымала ў яго вучобе самы актыўны ўдзел, чмокнула ў шчаку. Палкоўнік-адстаўнік руку паціснуў.

Гэты поспех, такое лёгкае атрыманне таго, што здавалася яму недасягальным, акрыліла яго. Тым больш ён ведаў, наслухаўся, бачыў, як іншыя па сем разоў здаюць, нават прафесары, спартсмены, і іншыя вельмі разумныя людзі не могуць здаць, як ні біся — і хабар не памагае.

Ён любаваўся новенькім прыгожым дакументам — правамі, і думаў: значыць, і другія справы, якія здаваліся яму немагчымымі, маглі гэтак сама лёгка вырашыцца?

Можа, ён яшчэ многа чаго выпусціў з жыцця тым жа парадкам — думаючы, што гэта недасяжна? Таму нават не спрабуючы. А каб паспрабаваў — дык, глядзіш, і атрымалася б.

— Марудна запрагаю, ды хутка еду! — радасна-ўзбуджаны, хваліўся ён Тамары. — Я, відаць, нарадзіўся пад знакам жырафы — доўга даходзіць. Эх, каб мне жыццё разы ў тры-чатыры даўжэйшае! Тады б я, можа, у 140 гадоў дабіўся таго, чаго іншыя дабіваюцца ў 40.

— Усяму свой час. Даб’ешся! — не менш за яго шчаслівая, пераконвала Тамара. — Яшчэ не такога даб’ешся! Усё ў жыцці трэба паспрабаваць хаця б адзін раз. І калі не атрымаецца, спакойна адарваць ад сябе, забыць. Але ў цябе атрымаецца, абавязкова — я гарантую!

Раздзел чацвёрты

І

Нарэшце прыйшла чутка, што сын вярнуўся з арміі. Больш адкладваць паездку не было як. Адольф паехаў — на машыне. За гэты час ён ужо даволі прыстойна навучыўся ездзіць: то на дачу, то пару разоў у сваё эс-пэ-эм; зухавата рабіў левыя павароты, паркаваўся заднім ходам, нават пры абгоне нецярпліва сігналіў якомусь «чайніку», хоць у самога прылеплена была да задняга шкла ўзятая ў кружок лічба «70».

Тамара баялася за яго — упершыню далёкая дарога. Яна нават сама хацела з ім ехаць, ды Адольф рашуча заўпарціўся. Сустрэча Тамары з Ірынай Бацькаўнай ужо аніяк не ўваходзіла ў яго планы.

Не было яго два дні. Вярнуўся стомлены, без настрою. Ні сын, ні дачка не спадабаліся яму. Сын стаў нейкі прыблатнёны, нібы з турмы, а не з арміі вярнуўся. Рукі ў татуіроўках, гаварыў на жаргоне, машыну называў — «тачка», грошы — «бабло», да Адольфа фамільярна звяртаўся — «баця», паблажліва паляпваў па плячы, нібы яны былі роўня. «Дык ты падняўся моцна, баця!» Зноў цяжарная дачка цягнула старую песню — як кепска ёй з азербайджанцам, а тут яшчэ малая кашляе, яслі трэба мяняць, выхавацелька не спраўляецца, дзеці дурныя, дражняцца, б’юцца, з малой не сябруюць…

І абое — дачка і сын — толькі пра адно казалі і аднаго прасілі: грошы! грошы!

— А жонка? Пра яе чаму маўчыш?

Жонка не захацела з ім бачыцца. Як толькі даведалася, што ён прыязджае, адразу пайшла да сяброўкі, той самай, у якой знаходзіла прытулак і раней, калі Адольф устройваў сцэны.

— Нават не з’явілася… Дэманстратыўна сышла. Ну і хай! Хоць усе пасыходзьце! І што я ёй зрабіў? — шчыра здзіўляўся Адольф, паціскаючы плячыма. — Чалавек чалавека забівае — і то яму даруюць, а тут!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: