Шрифт:
У любым выпадку яму зноў трэба было рабіць выбар. Нельга далей заставацца ў гэтай незразумелай, недарэчнай сітуацыі, тым больш, вечна так цягнуцца не можа, сама сітуацыя не дасць.
Некалі ў «крызісны» перыяд яму памагло спакойнае абдумванне. І цяпер ён інтуітыўна хацеў паўтарыць тое самае. Ён адчуваў, што трэба спакой і час, каб у нармальных абставінах прывесці ў парадак разбэрсаныя думкі і заняцца «разборкаю палётаў».
Але як на зло, менавіта ў гэты вельмі важны час, калі ў самога ўзніклі праблемы, яго ўпарта пачалі церабіць то сын, то дачка, то хутарскія.
Перыядычна Талян званіў ці на хатні тэлефон, ці на мабільны. Як заўсёды бадзёры, шчаслівы голас:
— Дзядзя, у нас усё — во! Мамка Нінка прывітанне вам перадае!
— Не трэба крычаць… Вельмі рад за вас.
— Толькі Лёнік знік! Ало! Ало!
— Як… знік?
— Ну, прапаў!
— Як… прапаў?
— Пайшоў у лес і не вярнуўся! Тыдзень ужо! Сезон-то адкрылі паляўнічы: з 20 сакавіка па 1 мая: на глушца, цяцерука, з 12 мая на гуся, з 15 — на казулю! Перад гэтым прыязджалі з Мінска, прасілі глушца знайсці! А вы думаеце, лёгка цяпер глушака знайсці?
— У міліцыю заявілі? — перабіў Адольф.
— А толку? У міліцыі, думаеце, не ведаюць, што за чалавек Лёнік? Не першы ж раз ён знікае — ён тыднямі можа ў лесе жыць!
— Можа, пад’ехаць? — адчэпнага пытаў Адольф.
— Не трэба, дзядзя! Вы, галоўнае, не хвалюйцеся, сябе беражыце! Бо вы ў нас адзін — чалавек! А пра нас не турбуйцеся, мы як-небудзь… Нам нічога не трэба! Мы дужы род — не прападзем! Галоўнае, сябе глядзіце! Ды не саромцеся, прасіце! Бульбы там, сала… Бо вы ж, дзядзя, сціплы, як Лёнік, ніколі самі не папросіце! Калі мы адзін аднаго не будзем трымацца, дык каму мы трэба? Хто нам паможа? Так што не турбуйцеся, не перажывайце!..
У Адольфа палец нервова дрыгаўся на кнопцы, каб хутчэй скінуць званок.
— Спачатку нагрузяць — а потым не перажывай, — бурчаў ён, кідаючы тэлефон на канапу. — Што за звычка — грузіць чалавека сваімі праблемамі? Чаму я нікога не гружу? Чаму сам ва ўсім разбіраюся? Нікога не чапаю, нікому не званю, ні ў кога не прашу…
— Што там? — пытала Тома.
— Ды ў іх вечна… Лёнік прапаў! Пайшоў у лес і знік. Нашто мне гэта ведаць?! Мне ж нельга хвалявацца! Мне ж нервы трэба берагчы, сэрца… А яны грузяць!
— Можа, сапраўды, з’ездзі, — нясмела прапаноўвала Тамара.
— З’ездзі! Так гэта лёгка — сеў ды паехаў! І што за дзіця Лёнік?! Ён сто разоў знікаў! Знойдзецца… Не да Лёніка тут. Ён можа голы зімою ў лесе выжыць, як Маўглі.
Горад таксама не адставаў. Сын з дачкою як змовіліся — назвоньвалі і назвоньвалі. Адольф напярод ведаў, што будуць або просьбы, або дакоры, або просьбы і дакоры адначасова. Сын усё: «Баця, баця! Падкінь трохі, забашляю — аддам!» А дачка са сваім «азерам» — як невыносна ёй з ім, мардуе яе будзь здароў, хоча яна разводзіцца, а канчалася тым самым:
— Дай грошай, памажы!
— Я заняты… Абавязкова прыеду, — усім аднолькава адказваў Адольф.
Ён выслаў дачцэ і сыну невялікія сумы, але замест падзякі атрымаў адчайны лямант, што мала, кропля ў моры!
— Не, гэта пераходзіць усе межы, — абураўся, трымаючыся за сэрца, Адольф. — Я ведаю, чаго яны хочуць: каб па машыне ім выслаў, а наступны раз па катэджы пабудаваў, а на трэці — паклаў ім у банк па мільёну еўра! Чаму мне ніхто нічога не прышле? Чаму я ні ў кога не прашу?
І зноў пракляты Хутар, зноў гарлапаніць у трубцы вясёлы Талян.
— Дзядзя, як вы пажываеце?
— Я заняты.
Але Талян не разумеў намёкаў. Тое, што для дзядзькі было прыкрасцю, драбязой, не вартай ні званка, ні згадкі, для пляменніка з’яўлялася цэлай падзеяй, і ён спяшаўся падзяліцца ёю:
— Вы не бойцеся пра грошы! Гэта ж я вам званю, дык я і заплачу!
— Лёніка знайшлі? — спытаў Адольф.
— А хто яго шукаў? А так усё добра ў нас, вы не хвалюйцеся! Мамку Нінку абяцалі хутка з бальніцы выпісаць!
— Дык яна… у бальніцы? Як?! Чаго?!
— Кляшчы пакусалі! — весела крычаў Талян. — Мы па лісічкі пайшлі, мне хоць бы што — я ж радыяцыяй прапітаны, а мамку… Ды вы не хвалюйцеся, галоўнае, дзядзя, сэрца беражыце! Яе хутка адкачалі! З рэанімацыі перавялі ў палату… Так што ўсё выдатна!
— Я пакуль заняты… Але абавязкова пад’еду, разбяруся… Пазней.
— Не трэба, дзядзя! Вы сябе глядзіце, абы ў вас усё было добра!..
— Будзе з вамі добра, — адзваніўшыся, нервова казаў Адольф. — І чаму я павінен слухаць гэта? Пра нейкіх кляшчоў, нейкага Лёніка… Начорта мне вашыя кляшчы?