Шрифт:
Тамара не хавала радасці, што дома ў Адольфа не ладна, а тут яму лепш.
— Вось жа бесталковае пакаленнне! — Адольф быў пад уражаннем ад сваіх дзяцей, не мог супакіцца. — Лядачае, ні на што не вартае! А я яшчэ здуру здымкі паказаў: вось я ў машыне, вось у кватэры, дача буйным планам, шашлычкі, усе ў зборы і я, Адольф, у цэнтры… А вось я ў Парыжы… Ну, яны хутка скемілі: табе Парыж, нам — грошы. Я разумею — аліменты, да паўналецця. Але ж не ў такія гады! Я стары — і то ўладкаваўся…
— Ну які ты стары, — гулліва цягнула Тома. — Не кажы гэтага слова. Ты малады, самы свежы… І гэта толькі пачатак. Я абяцала — і зраблю з цябе ідэальнага мужчыну. Ты і ёсць ідэальны, я табе трошкі памагу — і ўсе табе будуць зайздросціць.
— А і праўда. Дарослыя здаровыя людзі. Дзяцей рабіць навучыліся, татуіроўкі набіваць, курыць, піць — жывіце! Вучыцеся і ўсяму астатняму! Дабівайцеся поспеху!
Усё ж паездка, знаёмы горад, родныя сцены моцна развярэдзілі яму душу. А сама горка, канечне, было, што жонка бачыць яго не захацела. Не ацаніла яго поспехаў, не парадавалася разам з ім.
У той вечар прыйшлі Вадзім з Сафі. Пануры Адольф прамаўчаў усё застолле, толькі пад канец папрасіў у Тамары:
— Можна мне, калі ласка, яшчэ шкварку? Вунь тую, падсмажыстую…
Тамара не пачула, ці зрабіла выгляд, што не пачула — і сыну Вадзіму падсунула жаданую шкварачку. Нічога не сказаў Адольф, але затаіў крыўду. І толькі позна ўвечары, у ложку, не ўтрымаўся і ўпікнуў Тому.
Тамара смяялася:
— Можа, механічна! Ну не сварыцца ж з-за шкваркі!
— Ведаеш, як бацька з сынам касілі? «Чаму, сынок, так мала бярэш?» — «Бацька, што ты раўняеш: я ж падлетак, ты мужчына!» Селі палуднаваць, сын налівае па поўнай шклянцы: «А што, бацька: ты мужчына — і я мужчына!»
— Да чаго гэта? — здзівілася Тамара.
— Да таго. Як на правы здаваць, як цвік прыбіць, дык здароўя няма. Іншыя знаходзяцца… А як чарку выпіць, закусіць — тут розуму хапае! Ведаеш прымаўку: дурны-дурны, а шкварку любіць?
— Дык ты ўсё шкварку забыць не можаш? Трэба ж — які злапомны… Ну, хочаш, я табе аднаму вялізную патэльню насмажу, з аладкамі?
— Ды не ў шкварцы справа, Томачка… Пры чым тут шкварка? Калі на тое пайшло, даўно хацеў спытаць. Чаго яны так часта сюды ходзяць? Ці… на кватэру вока паклалі?
— Канечне, ім спатрэбіцца плошча. Трэба ж думаць пра будучае. У нас ужо дзяцей не будзе, а ў Вадзіма яшчэ будуць. Божа, як хутка цяпер растуць дзеці, — уздыхнула Тома. — Пакуль малыя, дык мала з імі клопату, а з вялікімі… Ды яшчэ разнаполыя. У Насты з’явіцца хлопчык, у Дзімы дзяўчынка…
Ад гэтых слоў чамусьці зусім крыўдна, горка стала Адольфу. Нават нейкім як бы цынізмам ад іх патыхнула.
— Ты мне адно скажы: за што Вадзіму такі гонар? За якія заслугі?
— Забудзь ты пра Вадзіма! Мы так ці інакш не апынемся на вуліцы, гэта я табе абяцаю!
Яна не разумела яго. Ён устаў, уключыў святло. Падыйшоў да вакна, адчыніў фортку. Мінская вясна ўварвалася ў пакой вулічным шумам і свежым паветрам. Тома падыйшла ззаду і абняла яго.
— Ну, што не так? Усё ж добра. Чаго табе яшчэ не хапае? — пяшчотна, мякка дапытвалася яна. — Ты ўсё маеш, аб чым можа марыць мужчына. Можа, я кепская? Ты толькі скажы. Што ты хочаш, каб я зрабіла для цябе, для твайго спакою, для твайго таленту? Скажы, чаго табе не хапае?
Гэтага Адольф пакуль сам не ведаў.
ІІ
У прынцыпе, нічога страшнага яшчэ не здарылася. Усё гэта, ці прыблізна такое, Адольф і чакаў. Увесь час да яго рыхтаваўся. Яно не звалілася, як снег на галаву.
Проста паездка ясна паказала яму, што перыяд «творчай камандзіроўкі», гэтага зацягнутага, своеасаблівага «адпачынку за свой кошт» канчаецца.
Пакуль была мэта — правы, праца, грошы, заможнасць — усё ішло само сабою, у нейкай эйфарыі, на аўтапілоце. Калі яна дасягнулася — настала паўза. І зноў яму трэба было вызначацца. Пытаць у сябе: навошта, дзеля каго і чаго ён гэта робіць?
Калі ён рабіў гэта для сябе — каб даказаць сабе, што не ўломак, а вось як спрытна змог выйсці з крызісу, пазбавіцца комплексу няўдачніка — дык гэта дасягнута. Усё даказана. Што далей?
Калі ён рабіў гэта для Томы, у знак падзякі ёй за дабро, яму зробленае, — дык трэба жаніцца з ёю. Ездзіць на працу ў эс-пэ-эм, на лецішча, — жыць.
Калі ён рабіў гэта для Ірыны Бацькаўны — дык тым больш усё атрымалася, ён пераможца; трэба вяртацца ў гарадок, уладкоўвацца на камвольны, але ўжо іншым чалавекам, трыумфатарам; маўляў, ну, бачылі, на што я здатны і як лёгка ад гэтага адмаўляюся?