Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Адольф прыходзіў дамоў (у чужую кватэру), уключаў тэлевізар. Ехала машына па летняй палявой дарозе. Музыка, барабанны дробат. Пасярод поля маладая прыгожая жанчына, гледзячы на машыну, прыціскала да сябе маленькага сына. Машына пад’ехала, спынілася. Адчыніліся дзверцы. Малады чалавек выйшаў, зняў цёмныя акуляры і пачаў уважліва глядзець на жанчыну з сынам. Буйным планам фары, капот, колы. Музыка ўсё больш трывожная. Крокі. Жанчына прыціснула да сябе сына.

«Здравствуйте».

Паўза.

«Здравствуйте».

«Извините, я ищу Алексея Макарыча».

Паўза. Музыка дасягае піку трывожнасці. Раптам — цішыня.

«А его нет».

«А где же он?»

Паўза. Малы ціснецца да маці.

«А он продал мне дом и уехал в Логойск».

Паўза, неба, вялізныя, як фары, вочы малога. Малады чалавек надзеў цёмныя акуляры і пайшоў да машыны. На паўдарозе рашуча павярнуўся і пайшоў назад да жанчыны.

«Извините, могу ли я с вами поговорить?»

— А да гэтага ты што рабіў? — пытаўся ў тэлевізара Адольф.

Доўгая паўза, музыка, сіняе неба з белымі воблакамі, увесь у кветках луг.

«Так могу ли я с вами поговорить?»

«Да. Идёмте в дом».

Адольф пераключаў на другі канал. Зноў машына, толькі едзе па гарадской вуліцы. Едзе доўга. Спыняецца. Адчыняюцца дверцы. Выходзіць малады чалавек. Зачыняе дзверцы. Бабулькі каля пад’езда. Кожнай твар — буйным планам. Марудна падыходзіць. Музыка пачынае выдаваць трывожныя ноткі. Хвіліна маўчання.

«Здравствуйте».

Паўза. Кожная з недаверам разглядвае маладога чалавека.

«Здравствуйте».

«Простите, мне нужна ваша соседка Алефтина Валентиновна Воскобойникова из 32 квартиры».

Паўза. Камера пераскоквае з аднаго твару пенсіянеркі на другі. На тварах трывога.

«Или вы её не знаете?»

Паўза.

«Почему — знаем».

«И где же она?»

«А она уехала на дачу».

«Где находится дача, конечно, не знаете?» — без усялякай надзеі спытаў малады чалавек.

Музыка дасягнула апагея трагічнасці: вось-вось павінен быць стрэл, ці выбух, ці хоць бы нечаканае слова… Маўчанне — дзве хвіліны. Буйныя планы ўсіх герояў па чарзе.

«Почему не знаем — знаем…»

V

Прыехаў сын — нечакана, без званка, без папярэджання, сярод белага дня. Томы дома не было, толькі на кухні Вадзім, які заскочыў на хвілінку, папрасіць малаток, спакойна, с апетытам, еў. Убачыўшы маладога Адольфа Адольфавіча, хутка ўстаў:

— Вадзім, грузчык з ЦУМа.

Сын не проста ў адведкі прыехаў, а прасіць грошы на адваката. Папаўся на сваіх «спайсах», і цяпер яму «свяціла» ці то нейкае пасяленне, ці «хімія», ці «ўмоўна», ці то прымусовыя работы — у залежнасці ад сумы, якую ён спадзяваўся выцыганіць у бацькі.

Адольфа проста перасмыкала ад адной толькі гэтай лексікі. Якія адвакаты, «хіміі», суды?.. Сын ляпнуў яго па плячы і, каб павесяліць, працягнуў руку:

— Бачыш, як палец з пальцам размаўляе?

І праўда, пальцы трэсліся.

— А як там… маці? — спытаў Адольф

— Што ёй станецца? Усё хварэе. Паказваў ёй здымкі твае. Во, на тэлефон нават скачаў. Слухай, баця, мне трэба флэшка новая, кроў з носу. Я твае здымкі перакачваў, флэшка зламалася, там жа ўсяго адзін гегабайт… Сказала, што ты пахудзеў. Вось я б так не сказаў — ты яшчэ моцны баця!

— А… Іра?

— І Іра хварэе. Не дом, а бальніца. Азер п’яны прыходзіць, скандаліць… Не дом, а бахчысарай. Дык ты паможаш?

Адольф моўчкі падыйшоў да шафы і даў роўна, колькі сын прасіў — з агульных іх з Томаю зберажэнняў.

Потым, калі машынай падвозіў сына на вакзал, да электрычкі, той усё лез пад рукі: «Ну ты падняўся! Не, ты, ты…»

— Баця, побач з такой тачкай — ты салідны! Шчыра скажу. Ганаруся. Паважаю. Дай, абдыму цябе!..

Абняў, пацалаваў, пайшоў да перона хуткай хадой дзелавога чалавека. Расхлістаны, бесталковы… Адольф сеў у машыну (сесці… адрэгуляваць сядзенне і нахіл спінкі… нахіл рулявой калонкі… люстэркі задняга віду…)

«Пахудзеў!» А сама хварэе… А ён думаў уразіць яе здымкамі, Парыжам, дачай, шашлычкамі ды машынамі — «раскошаю». А яна толькі і заўважыла, што пахудзеў. За год адно слова. І гэтае слова пераважвала ўсё — усе яго набыткі, поспехі, жарсці, выкрыванні, праблемы.

У Адольфа ледзь слёзы не выступілі. І палезла ў галаву розная сентыментальная драбяза. Напрыклад, як яна, сірата, плакала ад шчасця, калі ён зрабіў ёй прапанову. Або як ён аднойчы у час «выкрывання» змахнуў са стала любімы жончын кубак, разбіў яго, а яна толькі і сказала: «На шчасце». Як ездзіла да яго ў бальніцу праз увесь горад.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: