Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Ён з нейкай мазахісцкай упартасцю пачаў успамінаць адно за адным нязначныя, маленькія выпадкі, дэталькі, эпізоды. Як яна была цяжарная сынам і ціха дзялілася з мужам, што ад такога таленавітага бацькі абавязкова народзіцца незвычайны, адораны сын… А як яна радавалася, калі ён купіў мапед і зможа цяпер выязджаць «на натуру», маляваць акварэлькі! Заўсёды перахрышчвала яго перад кожнай паездакай, каб не трапіў у аварыю… Смешная! Мо таму ніколі і не патрапіў, нават паддаты.

Ён успамінаў — і расчульваўся. Як усё адносна, як умоўна. Сядзець у «Вольве» і з пяшчотаю ўспамінаць мапед… Бачыла б яна яго цяпер… І тут упершыню ў яго курынах мазгах раптам праскочыла людская думка — узяць вось зараз ды рвануць на кальцавую, а там у гарадок на Дняпры! Зайсці, стаць на…

Яму пастукалі ў шкло: давай, ад’язджай! Ён паслухмяна крануўся. Робячы левы паварот, ледзь-ледзь размінуўся з трамваем. Іскры з дроту, віскат чыгунных колаў аб рэйкі… Ён пакорліва праглынуў: «Чмо!!!» — і яшчэ некалькі мацюкоў наўздагон ад раз’юшанай жанчыны-кіроўцы, што высунулася да пояса ў акно. Толькі калі ад’ехаў далёка ад вакзала, працадзіў праз зубы:

— Маё шанаванне.

Калі Тома зайшла ў кватэру, ёй адкрылася такая карціна: мальберт, выпэцканыя анучкі, фарбы, цюбікі, грунтоўка, пэндзаль… На стале амаль пустая бутэлька гарэлкі. Адольф сядзеў, падціснуўшы пад сябе босыя ногі, і ціха наігрываў «Чобаты».

— Гэта — усё? — ціха спытала яна. — Гэта развітанне? Я так разумею, што ўсё скончана? Ну, што ж, я бачу, як табе… Не буду трымаць. Я вельмі ўдзячная табе за…

Яна падыйшла да мальберта і ахнула.

— Гэта ж наш… асіннік! Дык ты не забыў?!

У яе былі мокрыя вочы. Яна не ведала, што ён, акрамя гэтага асінніка, нічога больш не ўмее, толькі на ім набіта рука.

— Які талент даў табе Бог, — прашаптала яна.

Адольф сам разгубіўся. Ён чакаў скандалу, а атрымался рамантыка. Акварэлькі, да якіх ён ніколі не ставіўся ўсур’ёз, цяпер так выручалі яго. Ён адклаў гармонік і падняўся на зацёклыя ногі.

— З чаго ты ўзяла, што… развітанне? — блытаючыся языком, сказаў ён.

— А хіба не?! Я падумала…

Яна, няшчасна-шчаслівая, аддана, з падзякаю на яго пазірала. Апранаючыся, каб ісці ў супермаркет па дабаўку, ён не строга, а хутчэй паблажліва не забыў нагадаць:

— Я — Адольф! Чалавек вольны. Калі што не па мне — зборы кароткія. Мальберт, гармонік і — маё шанаванне.

Ён спусціўся ўніз. Ад алкаголю, ад свабоды, ад таго, што ўбачыў, як яго кахаюць, на душы ў яго было ясна, лёгка, зразумела. Што ж, калі так — гэта мяняе справу. Можна пакуль… яшчэ і тут пажыць. Шанцуе — карыстайся, не будзь дурнем. Нічога! У Адолі шчаслівая доля! Я вам не проста так! Во як я ўмею! — урывацца ў чужыя лёсы, тасаваць іх, як карты, быць прычынай чужых слёз і чужой радасці… А да Ірыны Бацькаўны паспею вярнуцца… Яна даруе. Прыме, зразумее… Папрашу прабачэння… Раз сказала «пахудзеў», значыць, па-ранейшаму кахае. Хай толькі скончацца гэтыя разборкі… А то сын, дачка, азер цягаецца… Пачакаць, пакуль утрасецца там…

На першым паверсе каля ліфта цярпліва чакала маленькая, з дзвюма цаглінамі пад пахаю, бабулька, худзенькая, як дзесяцігадовы падлетак.

Адольф выйшаў бокам, ветліва даючы ёй зайсці. Потым пастаяў, паглядзеў — пацягне ліфт ці не? Зачыніліся дзверы, ліфт паехаў.

— Усё не так цікава, як здавалася ў пачатку, — прамармытаў Адольф і засмяяўся. Ён ціха зацягнуў:

— Чобаты, чобаты вы мае!..

Цяпер, п’янаму, яму было мора па калена.

— Нарабілі клопату яны мне!..

VІ

З самай раніцы на далёкім, за 300 кіламетраў адсюль, Хутары Талян пачаў збірацца да маці ў бальніцу.

Яна папрасіла прынесці зялёнай свежай цыбулі з салам і чорнага хлеба — больш нічога.

Ён падагрэў на пліце ўчарашні суп, сагнуў лыжку, як чарпак, пасёрбаў трохі з каструлькі. Паеў трохі, а ўзмакрэў, як паўлуга выкасіў.

Гадзіннік на сцяне спыніўся. Талян засвяціў мабільнік, у якім западалі кнопкі, паглядзеў, колькі часу, перавёў стрэлкі і падцягнуў гіры. Паспрабаваў пальцам суп, ці астыў, панёс, выліў Жуку ў міску. На агародзе вырваў некалькі корчыкаў цыбулі, каля калодзежа, нахілячы вядро, абмыў вадою, акуратна паабшчыкваў пазногцямі белыя ніткі-карэньчыкі. У каморы адрэзаў кусман сала, разам з хлебам закруціў усё ў газету. Адвязаў Жука, узяў палку і пасунуўся ў Старушкі.

Ішоў не дарогай, а напрасткі — як яны з Лёнікам у школу хадзілі. Некалі тут былі дзікія мясціны… Раптам ён спыніўся, як укапаны. З лаўжа наперадзе тырчэў вялікі кавалак пачарнелай слюды, і падобна было, што там, пад слюдой, чалавек! Сэрца затрэслася ў грудзях, запульсавала ў скронях. Талян падбег, паварушыў палкаю. Сатлелая ватоўка… Чайнік іржавы, пластыкавая бутэлька. Цэлафанавы каляровы пакет… Нейкія сурвэткі, размотаныя бінты… А здалёк, накрытае слюдою, так яўна прымала абрысы чалавека! Талян спачатку так і падумаў — Лёнік.

Паказаліся Старушкі, вялікая станцыя, з поштай, школай, бібліятэкай, трыма крамамі. Людзі, якія сустракаліся на вуліцы, ведалі маладога, задыханага, спацелага, з палкаю хлопца. Шкадавалі яго. Трэба ж, які лёс! Вось ужо сапраўды — дзе тонка, там і рвецца. Мала таго, што радыяцыі хапануў, з жонкаю нелады, брат прапаў — дык яшчэ з маці на кляшчоў умудрыліся наляцець! — а цяперашнія кляшчы не тыя, што раней, ад цяперашніх ногі адымаюцца, а то і здзяцінець можа чалавек.

— Куды йдзеш, Талян?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: