Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Я раблю хітры ход — хутка дастаю з шуфляды і кладу на стол папку з рукапісам аўтара. Ён замаўкае на паўслове, забываецца на ўсё, акрамя гэтай папкі, і я так і не даведваюся, што ж чакае мяне праз два гады.

— Мо прачыталі? — пытае аўтар і аблізвае губы.

Прачыталі. Артыкул слабенькі. Яго трэба вяртаць. І ўсё ж паводле тэорыі «ворых на рак» мне шкада аўтара.

— Артыкул… добры, — пачынаю я. — Ды што там, выдатны артыкул. Думкі харошыя, тэзісы розныя… Асабліва пра феадальны ўплыў на капіталістычны націск… Але…

Пры гэтым «але» аўтар, які ловіць кожнае слова, уздрыгвае і дакорліва глядзіць на мяне. Потым зноў нізка апускае галаву, быццам падстаўляючы яе пад хуткі бязлістасны абух.

— На вялікі жаль, артыкул для нашага часопіса наўрад ці можа падысці. У вас атрымаўся навуковы артыкул, нават задужа навуковы… Гэта важная праца для навукі, — гавару я абышто, каб адцягнуць трагічную развязку. — Навука ўзбагаціцца, словам… А ў нас часопіс літаратурнамастацкі, папулярны, не спецыфічны…

— Вяртаеце?

— Вяртаем, — не ў сілах больш мучыць чалавека, разам апускаю абух.

І — вось дзіва! Мой абух аказваецца чароўным. Ён не аглушае аўтара, а толькі ператварае яго з мілага, ветлівага чалавека ў грознага бунтара. Аўтар парывіста ўстае, зпад майго носа забірае папку.

— Галоўны ў сябе? — пытае ён ледзяным голасам.

— У сябе.

— Вось няхай галоўны і вырашае! А то будуць тут розныя, маладыя ды раннія… Не, ты спачатку дажыві да маіх гадоў, папішы з маё! А то ўжо ў Чэхавы меціць… Многа вас, такіх «Чэхавых», па дзесяць у кожнай рэдакцыі! І кожны «геній»…

Сабраўшыся дахаты, праходжу калідорам ля кабінета галоўнага рэдактара і чую з прачыненых дзвярэй голас аўтара, зноў ператворанага ў сябе ранейшага — уважнага, ільсцівага:

— Вось вы ўмееце выслухаць, абнадзеіць… А то заяўляе мне: «Я ўжо — Чэхаў, таму вяртаю рукапіс не чытаючы!» У наш час таксама ўсялякае было, але межы ведалі, старэйшых паважалі…

* * *

Буду ехаць дамоў — знарок уплішчуся ў самы перапоўнены тралейбус і патапчуся па чужых нагах. Хоць душу адвяду.

1994 г.

Госць

Звычайна пад канец мая, калі ў Мінску ставала гарачыня, і душа і цела звыкла пачыналі бунтаваць («а час ляціць, а людзі на курортах, дачах, на прыродзе, а я… і г. д.»), адзін малады чалавек, па прозвішчы, скажам, Азіевіч, кідаў усё і хоць на пару дзянькоў вырываўся на Палессе, да былога сябра-аднакурсніка, які працаваў там настаўнікам у вёсцы. Паблізу вёскі было вялікае рыбнае возера.

У першы свой прыезд Азіевіч, як і сябар цяпер, быў звычайным настаўнікам, у другі — журналістам, а ў гэты, трэці — «камерсантам» (ён памагаў скупляць і перапрадаваць розныя тавары, зробленыя іншымі людзьмі). А сябар кожны раз заставаўся адным і тым жа, са сваімі маленькімі клопатамі. I гэта прыемна было ведаць, бачыць — што ты расцеш, а некаму Бог не даў, так і гібее.

Азіевічу падабалася гэтая вёсачка, уся ў садах, ваколіцы, падабалася наязджаць вось так, знянацку, падабалася, што сябар з жонкаю бегаюць вакол яго, не ведаючы дзе пасадзіць і чым дагадзіць, падабалася, калі аставаліся адны, жартам заляцацца да непрыгожай сябравай жонкі Лены, якая, хоць і вучылася некалі разам з Азіевічам у інстытуце ў адной групе, цяпер чамусьці пачала зваць яго на «вы» і не скідала яго рукі са свайго пляча, баючыся пакрыўдзіць.

Як толькі Азіевіч выйшаў з «Ікаруса» і ўбачыў знаёмыя хаткі у квецені сіняга і белага бэзу, як толькі ўдыхнуў у сябе пах веснавой нагрэтай зямлі, маладой травы, пачуў, як шчабеча нейкая птушка, як конь паўз плот каля агарода, пазвоньваючы цуглямі, скубе траву — так адразу стала лёгка і здорава! I яму, чалавеку гарадскому, захацелася хутчэй забыцца, скінуць з ног чаравікі, сцягнуць змакрэлыя ў душным аўтобусе шкарпэткі і прайсці басанож, пасядзець, паляжаць на траве, хоць на міг адчуць сябе звычайным вясковым дзядзькам, як вунь той, што сядзіць пад плотам і курыць…

Была якраз субота, выхадны. Настаўнік з жонкаю, як і заўсёды, узрадаваліся нечаканаму госцю, кінуліся збіраць на стол, і Азіевіч, седзячы на канапе ў прахалоднай верандзе, чуў, як яны там у хаце радзяцца, што найперш падаваць. Настаўнік гучным шэптам выгаворваў жонцы, каб зараз жа прыбрала са стала «гэтыя яйкі!», а паставіла «першае», потым паляндвічку, хрэн і не забылася на бярозавы квас — запіваць гарэлку.

Азіевіч адпачываў і лена думаў, што і на гэты раз у яго знаёмцаў перамен асаблівых няма, як жылі, так і жывуць. Адно хіба — настаўнік чамусьці адгадаваў бародку і стаў падобны на маладога рэвалюцыянера-марксіста, а яго непрыгожая Лена хадзіла цяжарная і ўжо неяк няёмка было жартаўліва да яе заляцацца. Урэшце яго запрасілі ў хату, прычым настаўнік з жонкаю селі толькі тады, калі Азіевіч сеў. Гаворкі дужа не вялі, падзакусілі добра — госць асабліва пахваліў боршч з маладога шчаўя; потым зморанага з дарогі, разамлелага ад трох добрых чарак самагонкі Азіевіча настаўнік правёў у кутні чысты пакойчык, прычыніў акно — каб камароў не наляцела, і госць улёгся ў мяккі ложак на свежыя, скрыпучыя ад крухмалу прасціны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: