Шрифт:
— А-а!.. — пазяхаў і гнаў даланёю ў рот паветра настаўнік.
Але Азіевіч выспаўся днём і яшчэ хацеў гаварыць. Настаўнік, відаць, разважыўшы, што адцягнуць госця ад стала і тым скончыць яго росказні можна толькі адным спосабам, менавіта — напаіць так, каб у яго язык не варочаўся, — паказаў на пустыя чарачкі:
— Яшчэ па «сотцы»? Тады схаджу ў камору, — і, прыхапіўшы пусы літровы слоік, выйшаў з хаты.
Азіевіч, астаўшыся адзін, паспрабаваў успомніць канец гісторыі, якую расказваў цэлы вечар — пра «Сосны» і «баксы», але не змог. У галаве звінела, камары былі і тут, у хаце. Пачуўся гудок далёкага цягніка. «Кіеў — Рыга, — успомніў Азіевіч і падумаў пра настаўніка: — Дурань». Недзе за сцяною сонна закашлялася дзяўчынка. Азіевічу раптам дзіўна стала, што вось ён тут, чортведама дзе, сярэдначы, у чужой хаце, сядзіць, корміць камароў — замест таго, каб спакойна спаць сабе ў Мінску ці гуляць у тым жа рэстаране «Сосны». Дзіўна было пазіраць на сваю руку, на чаравікі, на аб’едкі на стале. Яшчэ больш дзіўна думаць, што чалавек, які пайшоў па гарэлку, прыжыўся тут, вучыць дзяцей у школе, а тыя, відаць, глядзяць на яго так, як некалі ён, маленькі Азіевіч, сам глядзеў на настаўнікаў, і думаў, што яны ніколі не ядуць, не п’юць і не лаюцца матамі. Дзіўна! I вось ён, Азіевіч, успомніў пра гэтага чалавека, прыехаў — і чалавек не спіць паўночы, пайшоў вось яму, Азіевічу, па гарэлку… А захацеў бы Азіевіч — і настаўнік спаў бы цяпер. Як Лена спіць. Ці яшчэ не спіць? Яна пахарашэла цяжарная… Ці яму здалося?
Зусім не разумеючы, што і навошта ён робіць, Азіевіч падняўся і пайшоў у пакоі. Вось баковачка, дзе ён спаў. Вось яшчэ дзверы, прачыненыя. Ён зазірнуў і, дзякуючы добраму зроку, разгледзеў у цемры нешта белае каля сцяны. Ён, выцягнуўшы ўперад руку, ступіў крок, яшчэ, і натыкнуўся на біла ложка. Намацаў жаночую галаву, плячо, пагладзіў па ім. Потым павёў руку далей, пад коўдру. Жаночае цела пад яго рукою здрыганулася.
— Што… Што? — спрасонку замармытала Лена і знянацку ўскінулася: — Што?!
У той жа час загарэлася святло, і дзяўчынка, якая спала з маці, спалоханая святлом і матчыным воклічам, сама закрычала, затым, убачыўшы над сабою чужога дзядзьку, аж зайшлася ў плачы і пашылася пад коўдру. Дужыя рукі схапілі Азіевіча за плечы, павярнулі і паперлі перад сабой, штурхаючы, на кухню — так, што Азіевічу давялося ісці подбегам. На кухні рукі адпусцілі яго. Азіевіч сеў на свой табурэт і, невядома чаму, найперш глянуў на стол, ці прынесена гарэлка, а толькі потым — на настаўніка.
Той стаяў пасярод хаты са сціснутымі кулакамі, ніжняя губа разам з бародкаю трэсліся, зусім цвярозыя вочы глядзелі на Азіевіча з нейкім страхам, нават жахам — быццам Азіевіч вось зараз забіў кагосьці, прызнаўся настаўніку, і цяпер настаўнік баіцца, што і яго могуць забіць.
— Божа мой! — вымучыў з сябе ўрэшце настаўнік, прыціскаючы кулакі да грудзей. — Ты… свіння! Проста свіння!
Азіевіч, збянтэжаны, збіты з панталыку, маўчаў.
— Якая ж ты, аказваецца, свіння!
— Ды хопіць табе… — нясмела папрасіў Азіевіч.
— Хопіць?! Памаўчаць?! Вось зараз зноў сядаць з табою за адзін стол і піць гарэлку?! Ты… мала таго, што свіння — ты яшчэ і нахабная свіння! Мы да яго, як да радні, усёй душою, усім сэрцам… вось гэтым вось дурным! (Настаўнік пастукаў сябе кулаком у грудзі.) Бегаем, не ведаем, дзе пасадзіць… Слухаем! Слухаем гэтую гадкую балбатню, беліберду пра рэстараны і «баксы»! Каму гэта трэба?! Нашто ты пры Лене гэта кажаш?! Якога чорта мне слухаць пра твае «баксы», калі я ў руках іх не трымаў, не бачыў ніколі?!
— Лена ў дэкрэце, я капеечка да капеечкі… Ты ведаеш, што я ўжо год не тое што сабе ці жонцы — малой не магу купіць ніводнай абноўкі? Усё на ежу, на муку, цукар, камбікорм… I наце — заяўляецца ён! На ўсё гатовае! Ты ведаеш, якую ты гарэлку піў? Тую, што я хаваў людзям, каб соткі абагналі, дроў прывезлі! Паляндвіцу хаваў, грыбы — малой шкадавалі, а для яго выставілі — пі, еж, толькі будзь чалавекам! Не, вось ужо праўда: пусцілі за стол, а ён і ногі на стол… Хвалішся сваімі рэстаранамі, «баксамі», а прывёз хоць раз, як чалавек, цукерку малой? Лене апельсіна якога? У госці ж са сваёй пляшкай ідуць, а ты з чым прыязджаеш трэці раз? 3 пустымі рукамі! Але хай — пі, еж, рыбалку хочаш — на табе рыбалку… Не — дай яшчэ жонку! Свіння, проста свіння і больш нічога!
Азіевіч мала што разумеў. Слухаючы настаўніка, ён чамусьці не цверазеў, а яшчэ больш п’янеў.
— Свіння! — усё паўтараў настаўнік, ходзячы ўзад-уперад.
— А што такое? — вырашыў урэшце павысіць голас, абурыцца і Азіевіч. — Заладзіў… Ад такога ж чую!
— Вось што, вымятайся адсюль зараз жа! — настаўнік схапіў яго за каршэнь, працягнуў праз хату, веранду і саштурхнуў з ганка ў цемру.
Азіевіч па інерцыі пабег уперад, выцяўся рукою аб плоцік агарода і ўпаў. Прыпадняўся на карачкі, агледзеў руку на святле з акна, убачыў кроў. Вырваў пук роснай травы, прыклаў да раны. Пасядзеў трохі на карачках тут, пад плоцікам, нават прыдрамнуў — і заснуў бы, каб не камары. Пачуўшы жывога чалавека і кроў, як звар’яцелі, не давалі спаць.
Азіевіч трохі працверазеў ад халоднай зямлі і начнога туману. Падняўся, пайшоў, хістаючыся, у хату. У хаце яшчэ гарэла святло. Настаўнік сядзеў, як і сядзеў, на сваёй табурэтцы, глядзеў перад сабою. Чуўся голас Лены; мабыць, усё не магла супакоіць малую.
Настаўнік падняў галаву, убачыў скрываўленую руку госця — Азіевіч так і зайшоў у хату, прыціскаючы да раны траву.
— Пасядзі, зараз ёд прынясу, — азваўся неяк вінавата. Выйшаў, вярнуўся з бінтам, ёдам, перавязаў руку. — А цяпер кладзіся спаць, — і правёў Азіевіча, памог яму распрануцца і выйшаў.