Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Нічога. Проста мне захацелася пагаварыць з сынам. Маю права на такое жаданне?
— Няпраўда.
Убачыў: Вольга падумала немаведама што. Першы год яна жыла са страхам за здароўе і жыццё сына, пакуль не з’ездзіла да яго, не пабачыла, узмужнелага, бадзёрага.
Іван Васільевіч абняў жонку за плечы.
— Якая ты палахліўка! Клянуся: гэта — мая фантазія. Хадзіў-хадзіў — і надумаўся. Сустрэў аднаго таварыша з сынам. На рыбалку ездзілі.
Яна зазірнула ў вочы — паверыла.
Моўчкі сціснула руку — падзякавала, што ён думае гэтак пра сына і хоча пагаварыць з ім. Але і другое яе хвалявала.
— А як жа там? — кіўнула ўгору.
— Пачакаюць. Абыходзіліся два гады без мяне.
— Ты не задаволены размовай?
— Прапанавалі аддзел… Я адказаў: толькі на сваё месца.
— Так яно патрэбна табе, гэта месца?
— Мне патрэбна, каб некаторыя зразумелі…
— Зноў ваюеш? Божа мой!
— Два гады я ні з кім не ваяваў. Можна, нарэшце, дазволіць сабе такую раскошу?
— Табе здавалася, што не ваяваў. А сёння прыходзіла Мілана. Скардзілася. Нехта ім сказаў, што па тваёй прапанове гарком паслаў камісію правяраць інстытут. Навошта табе яшчэ заядацца з Будыкам?
— Чаму гэта ён так спалохаўся камісіі? Звычайная грамадская група дзяржпарткантролю. Нешта ж нам, пенсіянерам, трэба рабіць.
Вольга Усцінаўна папрасіла няўпэўнена, асцярожна:
— Ваня, а можа пачакаць з паездкай? Цябе просяць зайсці, а ты… нібы ўцякаеш. Што падумаюць?
— Я вольны пенсіянер. У мяне свае планы.
— А ўсё ж… — пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Цяпер такая сітуацыя!
— Я надакучыў табе дома? — паспрабаваў пажартаваць Іван Васільевіч.
— Не надакучыў. Але я не магла не бачыць, як табе неабходна быць у калектыве, з людзьмі. На любой пасадзе. Навошта табе чыны?
— Не, мне трэба чын! Каб з найбольшым эфектам аддаць свой вопыт, ды і тую энергію, што накапіў за двухгадовы адпачынак.
— Ты на любым месцы ўмееш працаваць.
— Нешта цябе пацягнула на кампліменты. Збяры чамадан.
— А можа хоць заўтра?
— Оля, я рэдка калі адмяняю свае рашэнні. Ты ведаеш. У мяне не часта ўзнікала жаданне пагаварыць з сынам. На жаль, не часта. На жаль.
— Пра што ты хочаш гаварыць з ім?
— Ні пра што. Проста так. Пра жыццё. Можа яму пасля будзе лягчэй служыцца…
У маці вочы напоўніліся слязьмі шчасця.
— …а мне ваяваць, як ты кажаш… з валюнтарыстамі. Якое слова! А?
Жончыны вочы ўміг высахлі.
— Ох, Іван, Іван! Калі ты ўгамонішся?
— Калі накрыюць векам. Ды і тады яшчэ буду пускаць біятокі і не даваць некаму спакойна спаць.
Выйшла Лада са свайго пакоя. Стала ў дзвярах, ускудлачаная, хмурая, як заўсёды пасля таго, калі добра пасядзела над квантавымі тэорыямі. Магчыма, незадаволеная, што галасы бацькоў перашкодзілі.
— Чую, мае продкі вядуць вучоную размову. На сённяшнім узроўні. Пра біятокі.
Некалі Іван Васільевіч абурыўся, калі сын сказаў вось так — «продкі». А яна, Лада, праз тыдзень можа, паўтарыла, безумоўна, знарок гэтае слова, і з яе вуснаў яно прагучала, як жарт.
Успомніў гэта і яшчэ вастрэй адчуў смутак па сыне. Лада ўдачніца. Ёй усё ўдаецца. Не, няпраўда. Пры чым тут удача ці няўдача! Лада — талент, памножаны на недзявочую працавітасць. За гэта ён любіць дачку і ўсё даруе, нават «продкаў» і ўсё іншае.
— Пазнаць тайны біятокаў — да гэтага мы яшчэ павінны дайсці. Але я баюся, што людзі не вельмі ўзрадуюцца, калі нехта навучыцца лавіць кожны іхні імпульс. Табе, бацька, было б прыемна, каб нехта недзе сядзеў і чытаў твае думкі? Усё, пра што ты сёння думаў, што ўспамінаў, аб чым марыў.
Іван Васільевіч на міг сумеўся, успомніўшы, пра што думаў, што ўспамінаў, пакуль гуляў па гарадскіх вуліцах, памаладзелых ад снегу. Лада нібы здагадвалася пра яго ўспаміны. Уявіў, як бы ўсё, напэўна, ускладнілася, каб сапраўды нехта ўмеў настроіцца, напрыклад, на яго «хвалю», запеленгаваць у любым месцы — у лесе, у ложку, у самалёце і «весці»— дзень, два, тыдзень, запісваць усё, што прыходзіць яму ў галаву. А можа, наадварот, усё спрасцілася б? Людзі лепш разумелі б адзін аднаго, уведаўшы і зразумеўшы, больш верылі б, менш падазравалі б у тайных намерах.
Выказаў дачцэ гэтае, апошняе, меркаванне.
Яна на міг задумалася. Але тут жа скрывілася.
— Ты — ідэаліст, тата. Табе хочацца ўсе адкрыцці навукі павярнуць на ўдасканальванне чалавека…
— І грамадства.
— …Тым больш гэта ідэалістычна. Попел Хірасімы не зблізіў людзей, а раздзяліў іх яшчэ больш на варожыя лагеры. Вось табе вялікае адкрыццё!
— Няпраўда, Лада! — энергічна запярэчыла маці.— Попел Хірасімы зблізіў людзей. Усіх добрых людзей.
— Чуеш голас маці! — падтрымаў Іван Васільевіч.