Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
«Волга» шуганула міма і раптам рэзка затармазіла. Пасажыр з пярэдняга сядзення паклікаў:
— Іван Васільевіч!
Машына ціха сунулася назад. Яго, Антанюкоў, наступнік — Андрэй Пятровіч, пра якога сёння ішла размова.
— Ты куды проці ночы?
— Гуляю!
— Во сіла волі ў чалавека! Няхай каменне падае — ён будзе гуляць. Сто гадоў пражывеш. Сядай — падвязу. Не дагуляеш — не бяда.
«Чаму такая ўвага? Ведае, што я адмовіўся, ці, наадварот, упэўнены, што я згаджуся вярнуцца яго падначаленым?»
Хлапчына гадоў чатырнаццаці ветліва даў «добры вечар», калі Антанюк сеў побач з ім.
Андрэй Пятровіч павярнуўся ўсім целам, тварам у твар.
— А мы з сынам зрабілі першую вылазку на падлёдны. На мора наша сіняе. Слаба. Дзесятак акунькоў.
«Мне зайздросціш, што гуляю, а сам у рабочы дзень ловіш рыбу».
Сын сказаў:
— Дзе ж ты хацеў налавіць — каля берага? Баяўся далей пайсці.
— Лёд яшчэ слабы. Але пасядзець прыемна. Сняжок падае. Цішыня.
— Клявала добра. Каб за востраў пайшлі…
— Ну, там ніколі не бралі.
— Што ты, тата! Забыўся? А помніш, як летась… Не паспявалі выцягваць.
— Дык хіба то за востравам? То ж у затоцы каля Семкавага…
— Каля Семкавага пад вясну. А то зімой, на канікулах. Калі Валодзька Кузьмін з намі ездзіў. І дзядзька Васіль.
Бацька і сын спрачаліся пра мінулагодні лоў і пра мінулагоднія снег і мароз. А ў Івана Васільевіча зашчымела сэрца. Вострым болем працяў смутак па сыне. І з’явілася адчуванне віны перад ім. Дзіўна, такое адчуванне не аднойчы ўжо з’яўлялася. Незразумела — чаму? Раней ці пазней Васіль павінен быў выканаць святы абавязак грамадзяніна. Ён, бацька, палічыў, што хлопцу будзе на карысць, калі ён выканае гэты абавязак хутчэй, пройдзе самую суровую школу, у якой не песцяць, не гладзяць па галоўцы. І аднак… Што ён, Антанюк, зрабіў для таго, каб у сына не ўзніклі тыя заскокі, тая блытаніна ў галаве, за якую прыйшлося караць? Працаваў, не шкадуючы сябе, — гэта так.
Але няпраўда, што зусім не заставалася часу, каб заняцца дзецьмі. Паехаць на паляванне час знаходзіў.
Спрабаваў браць сына. Хлопцу не спадабалася. Больш не паехаў — шкадаваў забітых звяроў. Маці кранула такая сынава чуллівасць. Ах, якое дзіця! Якое сэрца! Вольга ўвогуле супраць палявання. Нават цяпер. Як жа можна было прыблізіць яго, як уплываць?
Не, адчуванне віны не ад таго, што сарваў Васіля з універсітэта; армія — таксама універсітэт. Адчуванне віны ад таго, што, па сутнасці, не было завошта караць хлопца. Рэктар гэта разумеў. А ён, бацька, нечакана праявіў звышпрынцыповасць. Крыўднымі, абразлівымі здаліся сынавы словы «Ты сам закаранелы сталініст!» Цяпер ўсё гэта здаецца наіўным. Быў час, калі сутыкнуліся дзеці і бацькі, калі дзеці вінавацілі нас ва ўсіх грахах мінулага, нашых і чужых, у тых, што пры аб’ектыўным разглядзе можна было залічыць у памылкі росту, станаўлення, і ў тых, што рабіліся воляй, злоснай ці хворай, аднаго ці некалькіх чалавек. Але мы, бацькі, гэтак жа агульна, як агульна нас вінавацілі, адмяталі ўсё, чапляліся за мінулае і мімаволі прывязвалі сябе да таго, да чаго не мелі дачынення, супраць чаго змагаліся ўсім сваім жыццём, барацьбой і працай па здзяйсненні ідэалаў, завешчаных Ільічом. Мы гэтак жа агульна, без разбору, вінавацілі і яшчэ дагэтуль вінавацім дзяцей, што яны не такія, як мы, што, маўляў, куды ім да нас, мудрых, непагрэшных, загартаваных у баях. А, па сутнасці, усім нам, бацькам і дзецям, патрэбна крыху больш аб’ектыўнасці і самакрытычнасці — той самай, пра якую так многа гаворыцца.
Нам не трэба думаць, што дзеці горшыя за нас, а дзецям — што яны ва ўсім разумнейшыя. Лада пранікае ў таямніцы матэрыі і нават антыматэрыі, але яна ніколі не будзе ведаць таго, што ведае ён, яе бацька, што нажыта вопытам нялёгкага жыцця.
Кожнаму чалавеку — сваё. І кожнаму пакаленню — сваё. І нічога нельга закрэсліць з таго, што было. Дзеці павінны выхоўвацца не толькі на нашых гераічных справах, але і на памылках мінулага, каб не паўтарыць іх.
Ісціны агульнавядомыя, амаль банальныя. Іх лёгка паўтараць. Але нялёгка ажыццяўляць.
Калі дзеці былі малыя, ён, Антанюк, зрэдку расказваў ім пра свае партызанскія справы, безумоўна, пра самае гераічнае. Яны слухалі з захапленнем. Падраслі — пачалі скептычна ўсміхацца: не верылі, што ён такі герой. Бачылі звычайнага чалавека, якому ўласціва ўсё чалавечае. А ён пакрыўдзіўся, што яны абыякавыя да яго мінулага. Аддаліўся. Толькі цяпер вось зблізіўся з дачкой, падружыўся.
А сын далёка. Як зблізіцца з сынам? Што зрабіць, каб зразумець адзін аднаго?
Андрэй Пятровіч усё-такі спытаў на развітанне:
— Калі на работу?
Значыцца, не ведае. Лавіў рыбу.
— Не баішся, што я запатрабую, каб вярнулі на тое ж месца?
Андрэй Пятровіч хмыкнуў.
— Не баюся.
— Ведаеш, што не вернуць? Ці цэліш вышэй?
— Не ведаю. І не цэлю. Сам прашуся на інстытут.
— У навуку?
— Дарэмна я сляпіў вочы над дысертацыяй?
— Модным стала — ісці ў навуку.
— Больш пэўнасці.
— Гэта праўда: пэўнасці больш. Толькі нешта навукі не больш. Нашай, сельскагаспадарчай.
Андрэй Пятровіч засмяяўся зноў.
— Чакай. Скончылі з валюнтарызмам — рушым навуку.
Упэўненасць — пазайздросціць можна. А кіраўнік — пасрэдны. Для справы будзе лепш, калі ён падасца ў навуку. Адтуль толькі рэкамендацыі, а адгэтуль — загады. І колькі іх, непатрэбных, недарэчных!
Жонка сказала з папрокам:
— Дзе ты бадзяўся? Табе званілі. Ад Пятра Фёдаравіча. Просіць зайсці. Заўтра.
— Я паеду да Васі. Уначы. Сімферопальскім.
Вольга Усцінаўна збялела.
— Што здарылася?