Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Я недзе чытала, што ў маці — голас сэрца, а не розуму. Баюся, што, калі ў мяне загаворыць сэрца, я плюну на расшчапленне атама і паверу ў трываласць свету. Першае слова майго дзіцяці будзе мець для мяне больш глыбокі сэнс, чым любая формула квантавай механікі. А пакуль што наадварот: я веру толькі ў формулы. Але не веру, што ад пазнання метаду разліку складаных атамаў я стану лепшая.

— Усё гэта, дачка, словы з модных кніжак. Поза. Мы з мамай добра ведаем, што ты не такая. І мне хочацца, каб ты гэтак жа сур’ёзна, як законы фізікі, вывучала і другія законы — жыцця, барацьбы… Попел Хірасімы раздзяліў не людзей — ён яшчэ больш раздзяліў класы, якія ніколі не маглі і не могуць прымірыцца…

— Вось бачыш — розніца толькі ў словах! А ты сам пацвярджаеш мае думкі: значыцца, усе роўна варожасць, якая заўсёды канчаецца трагедыяй. Даказаў яшчэ Шэкспір.

— Але ёсць не толькі попел Хірасімы. Ёсць Дубна, куды ты ездзіла. І ёсць Брацкая ГЭС. І Асуанская плаціна… Гэта яднае людзей. Людзі ўсё больш разумеюць, што будучыня чалавецтва ў гэтым — у Дубне, у Асуане.

— Чалавецтва, яно, тата, што атам: часціцы яго — класы, нацыі, дзяржавы, партыі — нясуць зарады. А яшчэ са школы я ведала, што ўзаемадзеянне зараджанай часціцы з атамным ядром, якое прыводзіць да ператварэння гэтага ядра ў новае ядро, называецца ядзернай рэакцыяй. Выбух — новае ядро. І новыя зараджаныя часціцы. Заварожанае кола. Нішто не можа існаваць без зараду. Дзе ж перспектыва спакою?

Іван Васільевіч здзівіўся. Здаралася, што і раней яны спрачаліся, і Лада з юнацкай палымянасцю старалася збіць бацьку складанымі матэматычнымі формуламі і катэгорыямі, якіх ён не мог ведаць. Але рэдка калі з законаў фізічных яна рабіла вось такія высновы сацыяльныя.

— Дзе ты гэта вычытала?

— Тата, ты кепска думаеш пра мяне.

— Не лічы, што робіш адкрыццё. Да нас з табой, даўно ўжо, ды і ў наш час нямала ёсць такіх, што пераносяць законы фізікі, біялогіі на грамадства. Пачытай у Леніна. Вялікімі вучонымі сталі тыя, хто адкрыў законы фізікі, і тыя, хто адкрыў законы развіцця грамадства. Але не тыя, хто хацеў механічна перанесці…

Лада засмяялася.

— А ты непахісны, дарагі татуля, у сваіх пераконаннях. Часам я зайздрошчу тваёй цвёрдасці. Мне хочацца, каб і ў маёй кібернетычнай машыне быў такі ж парадак. А то ў мяне часта блытаюцца плюсы і мінусы… А ты ўяўляеш, як можа змяніцца канчатковы вынік, калі зблытаць знакі?

Маці не любіла такіх залішне вучоных разважанняў. Сказала з папрокам:

— Ты блытаеш не адны знакі. Не заблыталіся ў людзях.

Лада зразумела — засмяялася.

— Не хвалюйся, мама. У мяне матэматычны разлік.

— Я паеду сёння да Васіля. Што яму перадаць? — спытаў Іван Васільевіч ў дачкі, зразумеўшы, што спрэчка перапынена.

— Чаму так знянацку?

— Так захацелася. Гэта цяжка растлумачыць — і бацькоўскі гнеў, і бацькоўскі смутак. Некалі ты зразумееш.

— Я разумею, — Лада сур’ёзна задумалася, але тут жа засмяялася. — Перадай, што я маю яшчэ аднаго жаніха. Няхай павіншуе. — Убачыла, што бацька здзівіўся, растлумачыла: — Табе маці не расказвала? Да мяне найсур’ёзнейшым чынам заляцаецца Фелікс Будыка. Во як выраслі мае акцыі! Да кандыдатаў. Учора запрасіў у тэатр. А я спытала, якія месцы, пайшла і купіла яшчэ адзін білет, узяла месца побач — на маё шчасце, яно было… І запрасіла Жазефа, малійца. О, як яны глядзелі адзін на аднаго! Памерці можна. У негра, калі гасла святло, бялкі блішчалі. Страшна рабілася. Думаю, дасць зараз Феліксу пад дыхавіцу. Во быў бы спектакль! Чорны студэнт пабіў белага кандыдата. Сенсацыя!

Іван Васільевіч не надта весела ўсміхнуўся.

— Не жартуй з агнём, Лада.

— О! Але ж трэба ведаць, хто з іх гарыць, а хто тлее. Парай мне выйсці за Будыку. Вясёленькае жыццё я наладзіла б свякрусе!

— Мілана Феліксаўна — недурная жанчына. Яна ўмее жыць з людзьмі.

— О, тата! Ці ты гэта? Можа, праўда, ты хочаш пасватаць мяне за Будыку? Засядзелася ў дзеўках? Прызнайся, цябе хвалюе гэта? У класічных раманах — кожнага бацьку хвалявала. Графа Растова, князя Шчарбацкага…

Дачка такі развесяліла Івана Васільевіча.

— Я дрэнны бацька, відаць, бо ніколі не думаў ні пра тваё, ні пра Маіна замужжа.

— Дзякуй богу. Хоць у адным бацькоўская псіхалогія за сто год прагрэсіравала.

Звычайна Лада перапыняла размову з бацькамі нечакана — трэба вучыць. Дзесяць мінут на разрадку — і даволі, дысцыпліна ў яе жалезная. У той вечар яны гутарылі доўга, то сур’ёзна, то жартаўліва. Ніхто не перашкаджаў. Вольга Усцінаўна пабегла ў магазіны: трэба сабраць сыну гасцінец; мужаў напамінак, што тыдзень назад выслалі яму пасылку, не спыніў маці. Як можна ехаць без нічога!

Не, я ні ў чым не магу лічыць сябе вінаватым. Ні перад кім з вас. І ніхто з вас не мае права судзіць мяне! Гэта магла б зрабіць ваша маці. Перад ёй я маю віну, але — дзіўна — ніколі не адчуваў яе так, каб караць сябе. Тое, што я сказаў маладому маралісту, які хацеў спалохаць маёй тайнай, праўда: той Антанюк застаўся там, за мяжой, і ўсё засталося з ім. Не, лухта. Ніхто не хаваў аднаго Антанюка і не нараджаў другога. Якая мяжа? Калі і што дзяліла? Ніколі я не дваіўся, здаецца. Ды не, дваіўся ўсё-такі. Інакш пражыць нельга.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: