Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Стой. Праверым, хто за намі сочыць. — Пятрусь, высунуўшы галаву з-за рога хлява, стаў пазіраць на вуліцу.
Я таксама высунуў галаву. Невядома, што было б, калі б гаспадар ззаду знячэўку крыкнуў: «А вы чаго тут, мілыя госцейкі?»
— Ігнат… — пачаў Пятрусь і адразу ж змоўк, нібы яму язык прышчамілі.
Каля хаты паказаўся пан Бадзей. Выцягнуў шыю, як бы прынюхваючыся.
Дык вось хто за намі віжуе! Відаць, народны цар Іванка яго паслаў. Думае, што тут у нас знаёмыя, што да іх пойдзем.
— Дурань, — сказаў я.
— Пан Бадзей дурань? — прашаптаў Пятрусь.
— Не. Народны цар Іванка.
— Трэба заблытаць сляды, — прагаварыў Пятрусь.
Мы, прыгнуўшыся, пабеглі праз агарод.
Калі топішся, то і за саломінку ўхопішся
Усё-ткі, як сказаў Пятрусь, нам удалося заблытаць сляды: уцяклі ад пана Бадзея. Не памятаю, колькі блукалі па агародзе. Мо гадзіну, мо дзве, пакуль не ўбачылі на перакрыжаванні вуліц возера, па берагах парослае лазняком. Звычайна ў гарадах, ведаў я, робяць фантаны, з якіх пырскамі б'е вада, ззяючы на сонцы вясёлкаю. А тут возера. І ніводнага чалавека на беразе. Нават хлапчукоў няма.
Мы падышлі бліжэй і ўбачылі тоўсты дубовы слуп, на якім была прыбіта дошчачка. На ёй вялікімі тлустымі літарамі было напісана: «Не пішчаць і не маліць, калі будуць тут тапіць».
Мне не паверылася. Я працёр вочы. Здаецца, так: не пішчаць і не маліць, калі будуць тут тапіць.
Што за д'ябал? Каго збіраюцца тапіць? Чаму не пішчаць? Хто такі недарэчны вершык прыдумаў?
— Пятрусь, прачытай, — папрасіў я. — У мяне вочы слязяцца.
— Не пішчаць і не маліць, калі будуць тут тапіць, — прачытаў Пятрусь.
Не пішчаць… Не маліць… Тапіць… Відаць, паэт Карней пастараўся. Любіць пісаць карацелькі. Няўжо, каб праславіцца, сам слуп укапаў, сам напісаў на дошчачцы і прыбіў яе?
— Пятрусь, трэба збіць гэтую дошчачку. Абы-што напісана, — кажу.
Я знайшоў у кустах доўгі кій, хацеў урэзаць ім па дошчачцы, каб адляцела, ды з вуліцы на раздарожжа вываліў натоўп. Уперадзе — пан Бадзей са стражнікамі. Яны штурхалі перад сабою мужчыну-ліліпута.
Я адразу здагадаўся, што гэта дарослы чалавек. Хоць сам маленькі, аршын з шапкаю, але твар маршчыністы, валасы сівыя.
Мы з Петрусём прыселі за куст. Натоўп усё бліжэй, бліжэй. У беднага ліліпута твар перакрыўлены ці то ад страху, ці то ад болю.
Пан Бадзей падштурхнуў яго да слупа.
— Бачыш, што напісана? Чытай.
— Не пішчаць і не маліць, калі будуць тут тапіць, — давячыся слязьмі, прачытаў ліліпут.
Пан Бадзей павярнуўся да натоўпу.
— Сам паэт Карней напісаў!
Людзі стаяць, збіўшыся, як авечкі. Хоць бы голас у адказ. Толькі ліліпут носам шморгае, усхліпвае.
Пан Бадзей зыркнуў на яго.
— Тут мы не аднаго галавою боўтнулі. І цябе зараз боўтнем. Не пішчаць і не маліць. Запомніў?
Дык вось для чаго выкапалі возера! Не для таго, каб купаліся. Не для таго, каб рыбу лавілі. Каб людзей тапіць. За што хочуць утапіць ліліпута? Каму ён кепскае зрабіў?
Пан Бадзей зірнуў на ліліпута.
— Можа, цяпер правільна раскажаш? Давай дапамагу. Славім сонца і свабоду, што даў цар свайму… Ну, ну… Як далей?
Ліліпут, размазваючы па шчаках слёзы, прамовіў:
— Наоду.
Пан Бадзей звярнуўся да натоўпу:
— Людцы, чулі? Верш не так расказвае. Паўдня з ім мучуся. Што будзе, калі вершы пачнуць расказваць няправільна? Кожны па-свойму? Не будзе парадку. Мы за парадак. Расказвай верш так, як ён напісаны.
Ну і ну! Топіць ліліпута за тое, што верш расказваў няправільна. Калі б у нас гэтак было, то ў школе ніводнага вучня не засталося б. У нашай школе, калі зададуць вывучыць напамяць, то такога наслухаешся, што, як гаворыцца, і наплачашся, і нарагочашся.
— Людцы! Бачыце ёлупня? — працягваў пан Бадзей. — Расказвае, як яму захочацца. Ён нашага народнага цара Іванку не паважае.
— У-у-у… — усхліпнуў ліліпут.
Пан Бадзей узняў угору руку, сціснутую ў кулак.
— Ён нікога не паважае. Нават сябе. Такому ў возеры месца. Не пішчаць і не маліць!..
Над возерам вісела цішыня. Здавалася, усё-ўсё заціхла. Здавалася: усе-ўсе гукі пан Бадзей сцяў у кулаку, які, як доўбня, вісеў над натоўпам.
— Ы-ы-ы… — не выцерпеў ліліпут.