Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Сядзім у гэтым кусце ўжо ўчацвярых. Мы во так сядзім у гэтай лазіне, а во так недалёчка сцежка. I па гэтай сцежцы немцы ідуць, і во так аўтаматы нясуць, але глядзяць туды, у лес. Мы сядзім пад нагамі. Я кажу:
— Будзем уцякаць?
А ён кажа:
— Не паказвайся.
А трава бальшая, во так по пояс, і мы сядзім так.
Я не помніла нічога. Школу палілі ўжо, людзей білі, — ну, не помніла я нічога, што гэта паляць, б'юць… Ён яшчэ помніў — мужчына, дык ён яшчэ болей трохі…
Меншы хлапчук давай плакаць… Ужо вакол нас хаты гараць, за дымам мы не бачым нічога, а гэты хлапчук давай плакаць:
— Крупак! Ён кажа:
— Не будзе месца тут нам.
Гэты большы папоўз па траве ды яму агрэсту — такі во, як цяпер, залозачкі — нашморгаў яму і кажа:
— На еш! Хай табе зарве.
Ён, гэты хлопчык, агрэст той есць, з'еў увесь ды плача. Вядома ж, нашча.
Ну, а ўжо тут папалілі кругом каля нас, у тым канцы гарыць, і страляюць там, і ўсё.
Ён выйшаў, трошкі паглядзеў, кажа:
— Не месца нам тут. Дзіцё плача. Давай на лог туды з ім.
Я яго перакінула во так цераз плечы і пайшла на той лог. А тады ўжо там Мошчанка гарыць — ужо дым пад Астрошыц. Я тады лесам во так, а тады, і там крапужына, равок такі ёсць на гарэ, — у гэта крапужына з гэтым дзецям… А тут я ўжо не ведаю, хто дзе. Ён шукаў большай дзяўчыны — па жыце, усюды… Каня забілі нашага, ён знайшоў у жыце. А гэтае дзяўчынёха ўжо бегла з жыта… Там сястра ў другой дзярэўні, дык яна бяжыць і плача… А тады вышла жэншчына і кажа:
— Не плач, дзеўчына: матка тут во з дзіцем.
Я яе пакінула там, а сама прыбегла паглядзець, што тут. Скаціну пагналі, усё пагналі. А карова была яшчэ толькі ацялілася, дык яна ўцякала з поля. А я і думала, што яна ўцячэ ад іх, ад немцаў. Дык я вышла наўзгорак, гляджу…
А ён кажа:
— Не глядзі на карову, давай дзе пойдзем нанач. А я кажу:
— Ну, куды ж пойдзем — пойдзем туды, дзе дзіця.
Пайшлі мы, пераначавалі ў гэтай дзярэўні, назад прышлі — ну, што ж рабіць, няма чаго ні есці, нічога ж няма. Тут яшчэ картошка была, дык мы ўзялі картошкі, будзем варыць.
Толькі сталі варыць на гэтым пагарэлішчы — адтуль немец паўзець, з хвойнічка… Ён гэта паглядзеў і кажа:
— Няма месца тут, будзем кідаць гэтую картошку… I пайшлі мы. А яшчэ я схавала была малака збаночак у дровы. I яны не згарэлі, дровы гэтыя. Мы за гэты збаночак — у жыта, і гэтаму хлапчучку далі. Ён і галаву мыў, і ёў — усё там (смяецца). Дзіця! Каб хаця не плакаў.
Ну, і праседзелі гэтак да вечара. А тады ўжо ўвечары… Дзярэўня тут, тры кілометры. Дык ён кажа:
— Цямнее. Пайдзем мы ў гэтую дзярэўню, там, можа, пусцяць начаваць.
Там мы ўжо начавалі, у той дзярэўні. А яны тут яшчэ і назаўтра… Яшчэ дзве хаты не спалілі — чакалі, што збяруцца людзі яшчэ. Ну, дзе ж хто пойдзе ў гэтую хату? Ніхто не пайшоў. Назаўтрае яны зноў прышлі, тут і стралялі, бралі і свіней, і курэй яшчэ лавілі, і хаты гэныя дзве спалілі тамака…»
Паслухайце яшчэ Алену Ільінічну Батура з Засоўя Лагойскага раёна.
«…Паміж сабой яны нічога не гаварылі. Толькі з маткай. Пыталіся, дзе сыны…
Пайшлі ў другую хату, да суседа. А я засталася адна. Што ж мне рабіць? Злезла я з гэтай печкі. Там, чую, стрэл у суседа. Мама ляжыць так во забітая, кроў фантанам б'ець. Брат і сястра забітыя на койцы, фантанам кроў б'ець. Што ж мне рабіць? К жызні я яшчэ страмілася. Судзьба такая на свеце. Я тады адчыніла пограб, дошчачкі дзве, узяла ўлезла ў пограб гэты і закрылася сама сабе. Калі я туды ўлазіла, то ўвідзела, што адна хата гарыць… Наверна, будуць жа і гэтую паліць. Дымам мне будзе хужа душыцца — лепш хай яны мяне стрэлам! Давай вылезу. А як я залезла ў гэты пограб, то матка ляжала во так забітая на палу, а ў мяне была блузка белая, то яна зацякла крывёю. Плечы зацяклі крывёю. Я і не чула — после абгледзелася ўжо. Я вылезла і ўлезла ў гарод. Так во дзве градкі былі, мама буракоў пасадзіла там. Я ў баразну ўлезла, ніц лягла, выпрасталася — няхай тут ужо… Чую — яны там у суседа страчаць… Кажацца, каб зямля правалілася, ды каб гэта глыбжа. Пасля чую — ідуць паліць нашу хату.
— Во, — гавораць, — наверна, удзірала, у агародзе ўбілі.
Чую ж я гэта, чую, але не павярнуся, не магу… Як яны будуць во так страляць… Я ж бачыла, як матку білі… Не павярнуся, ні галавы не павярну — убівайце і што хочаце! Ляжу, ляжу так… Яны пайшлі, хату падпалілі. Хата гарыць, на мяне іскры… Мне ўжо трудна. Іскры валяцца. Дзе ўжо кофтачка сухая — яна тлеець. Я вазьму так во зямлю і там во аблягчу. Пасыпаю, і лёгка мне. Чую — тут ужо каля пояса мне пячэць, тлеець. Я абратна гэтай рукою… А яны во заняліся суседзямі, пайшлі да суседзяў хату паліць. Ой, як трудна, трудна! Чую — яны гавораць, і па-нашаму, і гергечуць усяк… Няма як мне выпаўзці. А пасля яны ў трэцюю хату пайшлі, біць. Патом я так во, так во, як гавораць — па-пластунску, локцямі, локцямі, як вужака якая, выкацілася з гэтых град, укацілася туды, дзе картошка пасаджана. I ляжу ў разоры, тожа ў баразне. Стрэлы. Пулі — ціў-ціў-ціў! Дзярэўня гарыць, бярвенне валіцца, іскрыць… Ой, канец свету. Я думала, што я ўжо асталася на свеце адна. Гэта — канчэнне свету. Канчэнне свету, а я адна, — што я буду адна рабіць? Мне страшна ўжо адной жыць… Я думаю, што і ва ўсіх вёсках так, і ўжо канчэнне свету, і больш народу не будзе. Iсвету не будзе.
Ляжала я, ляжала, пака гэта ўсё не пагарэла. Пасля ўжо, як сонца з паўдня звярнулася, села я ўжо. Ціха стала — ні пулі не свішчуць, нічога… Гляджу — Амлішава, другая дзярэўня гарыць. Усё, думаю я, канец свету… Што мне рабіць? А яшчэ во дзярэўня Гарэлае — не гарыць. Думаю: пайду я туды, там людзі ёсць. Сабралася і пайшла. Ішла па дзярэўні босая, голая, у. крыві гэтыя плечы ў мяне былі… Туды за рэчкай гэтае Гарэлае. Мінула я дзярэўню сваю… Уся дзярэўня гарыць, гэтыя трупы скліраць, гараць сінім агнём — людзі гараць. Паглядзіш — і мне ўжо адна пуць: іду ў гэтую дзярэўню цэлую…