Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Азірнулася я — за мной дзядзька бяжыць. Як я аглянуся — ён рукою махне і махне, а я — яшчэ, я — яшчэ! А дзядзька гэты за мной. Ён бяжыць, а мне здаецца, што немец у камбінезоне. За куст схавалася. А ўжо змаглася, не магу… Са страху, з усяго тамака… За куст захінулася — ну, тут ужо мянеўб'юць… Вочы так во закрыла і сяджу… Падыходзіць гэты дзядзька.
— Хто гэта? — кажа.
Гляджу — знаёмы, Няверка Уладзя.
— Ай, — кажа ён, — як ты адна асталася? Ашчапілася я за яго, а ён:
— Ціха, не плач. I я толькі з жонкай застаўся, усю сям'ю пабілі. I матку забілі. А я праз акошка ўцёк. Пайдзём на Мнішава, на балота.
А Амлішава гарыць тое… Усё згарэла, амлішаўцы ў балоце сядзяць. А мая цёця была ў Амлішаве. Я рада гэтаму дзядзьку, што яшчэ на свеце чалавек ёсць! Ды яшчэ падказваець, што яшчэ і цёця мая ёсць, у балоце сядзіць… I пайшла я з тым чалавекам туды, у балота. Прышла, праўда, цёцю сваю знайшла з сям'ёю, і сталі мы ўжо… Ой, ой, як ужо трудна было…
Ужо ў балоце я агледзелася, што ўсе мае плечы ў крыві — ужо ад маткі і ад брата, ад сястры. З краваці капала, лілося. Маміна кроў мяне і спасла, толькі маміна кроў. Каб была гэта не кроў, то і маглі б яны мяне шкуматнуць.
Жыла я адна, адна, а потым замуж вышла, і замуж мой плахой — мужык жулікаваты, мяне бросіў, дзяцей бросіў, трое дзяцей, тры дзевачкі. I я змагаюся, іх вучу, дабіваюся. Праўда, первая замуж вышла, дзесяць класаў кончыла і замуж вышла — радзі мяне вышла замуж.
— Мама, — кажа, — будзем меншых вучыць. Я табе буду памагаць пад старасць.
Харошая яна, у Лонве жывець. Адна ў тэхнікуме, а меншая — восем кончыла і таксама хоча вучыцца. Асталася я адна — з-пад пуль вышла, з гэтае крыві, дык хай хоць дзеці мае жывуць, каб яны ў людзі пашлі…»
Расказвае Вольга Фамінічна Гайдаш з Першамайска Рэчыцкага раёна.
«…Чатырнаццатага мая сорак трэцяга года немцы спалілі нашу вёску. Мужа майго ўзялі партызаны каўпакоўцы восенню сорак другога года, і два тыдні пасля гэтага мы пераехалі ў лес. За Каўпаком у нас пайшло чалавек восемдзесят. У лесе мы, партызанскія сем'і, сядзелі ўсю зіму. Пасля нам прыйшлі сказалі:
— Хто ў Каўпака, то вы не бойцеся — вас расстрэльваць не будуць.
Сказалі гэта нам свае людзі, а людзям гэтым — немцы. Ну, мы і папрыязджалі дадому. Я таксама ў лесе з канём была. Пераначавала я ў брата, а потым прыходзіць матка мая, свякруха, і кажа, што прыходзілі з паліцыі і казалі, каб я дома была заўтра, у дзесяць гадзін, і каб нікуды не ішла. Ну, мне страшна стала, што ганяюцца за мной. Я пабыла і зноў пайшла на сяло. Прыходжу з сяла ўжо ўвечары. Зарэзала аўцу. У лес уцякаць пачала зноў збірацца… Луплю тую аўцу ў адзінаццаць гадзін. Прыходзяць, стукаюць вечарам. Святла тады не было, капцілка. Яны пастукалі, я спалохалася, расцяралася. У мяне дзяцей было трое: сын з трыццаць пятага года і дочка з трыццаць сёмага, а меншанькая — з трыццаць дзевятага. Тая сядзіць каля мяне, а мне дзецца недзе. Я баялася, бо яны ганяліся за адзежаю майго гаспадара: у яго былі боты хромавыя і кожанка. Забраць хацелі ад мяне. Страх мне стаў. А тут падпечча ў нас, дзе куры заганяюць. Свякруха пайшла адкрываць сенцы, а я пад тую печ, бо баялася. А дзеці большыя, што былі на печы, не ўбачылі, дзе я. А меншанькая сядзела. А матка:
— Вот была толькі што, а дзе дзелася, не ведаю. Яна думала, што я за ёю выскачыла на двор, яна і не бачыла, што я пад печ схавалася…
— Ну, дык скажы ёй, каб яна заўтра ў дзесяць была дома.
Яны паехалі, а я тады каня запрэгла, мяса тое, аўцу нялупленую, на воз і ў лес. Двое дзяцей са мной паехала, а меншанькая з бабай засталася. Матка не пусціла яе. Яна і так у лесе тым намерзлася. Назаўтра ў дзесяць гадзін яны прыехалі, забралі маці маю і дзіця. Яна яшчэ ім песенькі пела, дзіця тое… Чатыры гады дзевачцы было. I тут яерасстралялі разам з усімі. Трынаццаць душ тады забілі, старых жанчын і дзяцей…
А ў маі месяцы, трынаццатага, прыехалі да нас у лес і сказалі… Мы там у лесе сядзелі, стары араў, дык яны таго старога паклікалі і сказалі:
— Хто ў лесе сядзіць — аб'яві ім, каб ехалі дамоў, бо ў лесе пастраляем.
I па лесе яны пахадзілі, каго захапілі ў куранёх, пастралялі — дзяцей малых і старых. Людзі перапалохаліся: сабраліся ўсе, паехалі ў вёску, ноччу. Проста як абоз ішоў з таго лесу. Уранні прышлі дадому. Прышла я да суседа, ён друг наш быў, і пытаюся:
— Што будзем, Брэль, рабіць? А ён кажа:
— Хто куды хоча, а мая сям'я нявінная, не буду я адвячаць за кагота.
Яго з сям'ёю тады забралі: і ён, і дзеткі яго ўсе пагарэлі.
Ну, сталі гнаць худобу, цяляты. Людзей пазганялі. Тут адна старая засталася, таксама партызанская сям'я. Яна з сяла прыбегла сюды на наш канец, Халіха гэтая. Я пытаюся:
— Цётка, партызанскія сем'і зганяюць асобна ці ўсіх людзей разам?
А яна гаворыць:
— Усіх зганяюць у сараі, у хаты, хто партызанская сям'я, а хто і не партызанская.
Ну, я стаю з дзецьмі, на вуліцы. Каля хаты свае, каля дзвярэй стаю. Прагналі яны адну кучу, прагналі другую. Сястры маёй дачка была ў Германіі, дык сястра пісьмы дзяржыць, а я ў яе пытаюся:
— Куды ты, Тацяна, пойдзеш? А яна кажа:
— Ты хавайся, а я пайду туды: у мяне пісьмо е, дык мо ў Германію мяне забяруць?
Дочка яе была ў Германіі, а дзве дома былі, а сын быў у партызанах. Яна думала, што яе пісьмы тыя спасуць. Іх там у хаты пазаганялі, а я дзе стаяла — стаю, чакаю. У мяне вось такая думка была: узяла і выпіла я добра і думаю, каб білі нас у хаду. I дзяцей так настрапаліла: