Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Пры чым тут паніка! — сварліва кажа Каця. — Мы дакладваем. Што мы на ўсю вуліцу крычым, ці што? Ды тут у вас хоць галасі — нікога не пройме…

Капітан выслухоўвае яе словы і пакідае іх без аніякай увагі. Звяртаецца да мяне аднаго:

— Вы панялі, младшы лейтэнант? А цяпер марш адсюль! — змрочна загадвае ён і крыху мякчэй дадае: — У трэцяй ад царквы хаце збор раненых.

Ён аддае нашыя кніжкі і апускае рукі па швах.

— А палоннага? — пытаюся я. — Вазьміце ў нас палоннага. У мяне, во, нага…

— Я не канваір! — адказвае капітан.

Я разгублена стаю, пачынаючы разумець, што і ад гэтага болей не даб’ешся нічога.

Памаўчаўшы, мы нерашуча паварочваемся да парога і праз цёмныя сенцы, мацаючы сцюдзёныя сцены, выбіраемся на двор. Марозны снег парыпвае пад нагамі.

— Ну і чорт з ім! Паехалі. Пра тых трэба падумаць. А то загнуцца, чаго добрага, — кажа Каця і накіроўваецца да фурманкі.

9

Што рабіць далей — хто яго ведае? Мусіць, трэба б перш прытушыць сваю гарачнасць, астыць нутром, супакоіцца ці змірыцца з тым, што адбылося. Зноў жа нейкага клопату патрабуе мая зусім акачанелая нага, стогнуць у возе параненыя, валачэцца гэты палонны… Ды і што я яшчэ магу зрабіць у такім маім стане — ці не хопіць ужо дакладваць, ці не праз меру такая мая ўстрывожанасць? Яшчэ сапраўды палічаць за панікёра ды арыштуюць. Няўжо ж тыя камандзіры, з якімі я сустракаўся, не зробяць чаго? Усё ж, тут ёсць, мабыць, якая сувязь, паведамяць, каму трэба: прымуць якія захады супраць гэтых танкаў. Не можа ж таго быць, каб такая акалічнасць нікога не ўстрывожыла. А можа, камандаванне ўжо ведае пра ўсё гэта? Мо так і было прадугледжана ў плане аперацыі? Тады дарма я гэтак непакоюся, распінаюся, нібы які панікёр. Тады, мусіць, трэба б перш-наперш перавязацца як мае быць, ды абагрэцца, ды збыць куды гэтага немца. Толькі куды яго дзенеш?

Хата, дзе размясцілася санчасць, сустракае нас прыветлівым агеньчыкам у двух вокнах (трэцяе, выбітае, заткнута ахапкам саломы) і — песняй. Нехта ва ўсё сваё асіплае горла натужна крычыць пад не дужа суладны басавіты гул некалькіх струн гітары:

Шаланды, полные кефали, В Одессу Костя привозил, И все биндюжники вставали, Когда в пивную он входил.

Знака або флажка на хаце ніякага няма. Па двары таксама нельга пазнаць, што тут санітарная часть. Але, як казаў капітан, гэта трэцяя хата ад цэркаўкі, што зводдаль сціпла шарэе беленымі сценамі, і Каця спыняе коней. Ездавы саскоквае на снег, злазіць з перадка Каця. Я таксама выкульваючыся з фурманкі, ківаю немцу: «Ком!» і на адной назе скачу да расчыненых у сенцы дзвярэй. Палонны баязліва ідзе побач. Каця намацвае ў сенцах клямку.

Песня адразу абрываецца. У куце і на прыпечку ліхаманкава трапечуцца агеньчыкі дзвюх «кацюш». Угары варочаецца пласт дыму, і ў кутках — непераможаны капцілкамі змрок. Рэзкі пах свежых бінтоў, крыві і пракіслы дух шынялёў шыбаюць у нос, даючы тым упэўніцца, што хатаю мы не памыліліся.

— Братва, рама! Ва ўкрыціе! — пасля секунднае паўзы ў фальшывай трывозе выкрыквае чыйсьці голас.

Следам за Кацяй я прапускаю немца і пераскокваю парог. Першым на вочы трапляе, пэўна, той самы гітарыст. Выцягнуўшы на ложку ля парога абкручаную бінтамі нагу, ён замірае з гітарай у руках і, заблішчаўшы свавольнымі вачыма, упіраецца позіркам у Кацю. У кутку на саломе сядзяць яшчэ параненыя. Нехта ледзьве не да пояса спавіты бінтамі — і грудзі, і галава, і твар, — мусіць, абгарэлы.

— Дурны! — кідае Каця да гітарыста. — Чаго галёкаеш? Ану, устаць? Хто старшы?

Гітарыст, не выпускаючы гітары і не зрушваючы з месца параненай нагі, усім целам паварочваецца да Каці. Пад накінутай на плечы курткай дэсантніка ціхенька бразгаюць медалі. На столі замірае вялікі зламаны цень.

— Адставіць! Ужо наўставаліся! Цяпер усё! Кропка!

— Хто старшы, пытаюся?

— Старшы? Быў ды ўвесь выйшаў. Да начальства. Хош — буду я?

— Абыдземся без такога. Ану, злазь! — Каця бесцырымонна тузае яго за рукаў. Куртка спаўзае — на пагонах сяржанцкія нашыўкі. — Тут цяжолых паложым. Дзе санітары?

— Стоп, рыжая! Не чапай! Я кантужаны! — з блазенскім выглядам паяснічае гітарыст і, змяніўшы тон, з сілаю б’е па струнах. — Санітары! Гэй, санітары!

Аднекуль з-за перагародкі, адхінуўшы пасцілку, выходзяць двое ў непадпяразаных шынялях. Адзін высокі і худы, другі нізенькі — абое пажылыя, рахманыя, відаць, нядаўна мабілізаваныя дзядзькі.

— Цяжолых унесці! Ды жыва! Давай насілкі!

— Унесці! — відаць, ужо адчуваючы сябе начальствам, загадвае гітарыст і тыцкае ў санітараў пальцам. — Ты і ты! Гэты іхні паможа, — паказвае ён на палоннага і раптам збянтэжана міргае вачыма. — Ого, Гансік! Братва, Гансік! Яй-богу! Айн, цвай — бітэрфляй… Ком!

3 куткоў усе паварочваюцца да парога. Аббінтаваны ненатуральна выпростваецца, нагамі скідвае з сябе паўшубак і выкідвае наперад рукі, таксама заматаныя па локці бінтамі.

— Немец? Зараз жа кокнуць! Кокнуць к чортавай матары! — з надрывам выкрыквае ён. Другі, што ляжыць побач, штось прыгаворваючы, ахінае яго паўшубкам. Сяржант хуценька саскоквае з ложка і, несучы перад сабой прамую і тоўстую, як бервяно, нагу, падступае да немца.

Я папярэджваю:

— Ану, спакойна! Гэта палонны.

— Ну, канешне, спакойна. Навошта спяшацца. Паспеем! — з нядобраю крывой ухмылкай кажа сяржант і са знарочыстай спаважнасцю бярэ немца за канцы адкладнога каўняра. — Ён жа добры. Ён жа сазнацельны. Гітлер капут? — хуценька пытаецца ён.

— Гітлер капут, — не дужа ўпэўнена, але з гатоўнасцю згаджаецца немец. Вусны ў яго, аднак, прыкметна падрыгваюць. Сяржант усё з той жа ўхмылкай на твары паварочваецца да астатніх.

— Ось бачыце! Ён добры. Знайшоў учора нашу афішку, што перад наступленнем кідалі, прачытаў і перавыхаваўся. Люблю перавыхаваных гансічкаў. Трафейчыкі, канешне, усе выпатрашым. Ур няма? — міралюбіва пытаецца сяржант і спрактыкавана лапае немца па пустых, ужо абвіслых кішэнях мундзіра. — Ну, канешне, у кармане вош на аркане…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: