Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Мне — досыць.
Заставайся безыменнаю.
Я памятаю,
як цябе звалі
ў залацістай засені сну
нашай паўночнай сіесты,
памятаю,
як звалі кнігу на часопісным століку
і чырвонае віно,
што змывала апошнія бар’еры,
як звалі
твайго ласкавага пушыстага зьвярка,
што нясьмела хацеў,
каб яго прыручылі.
Заставайся безыменнаю.
Што можна дадаць
у тыя зялёныя келіхі
пасьля,
калі,
заплюшчыўшы вочы,
мы былі маладымі аленямі, якія
ня ведаючы мінулага й прышласьці —
гарачы, потны філіял вечнасьці
ў зялёным лябірынце лесу —
асьмягла зьбіраюць аксамітавымі вуснамі
белабокія журавіны
з прысмакам неўміручасьці?
Гарышча
Ня лазь на гарышча,
наказвае бабуля,
дзіўнае чыніцца там:
няма нікога,
ды гавораць нейкія людзі,
плача дзіця, а ўчора
круціўся сам сабою
калаўротак.
Дзень навылёт
сяджу я ціхутка на печы —
слухаю гарышча:
сьмяюцца там дзеці,
гігоча прыцішана конь,
стоена дыхае хтосьці,
слухаючы хату
або птушак на вільчыку.
Мы жывем у хаце,
над намі жыве гарышча,
над гарышчам — неба.
Бэрлінская фантазія
Сёньня на досьвітку,
зьмяшаўшыся з крывёю
і рэшткамі ўчарашняга віна,
пацёк па маіх жылах
час мінулае восені,
які пахне
гарачымі булачкамі з цынамонам
зь пікантным дадаткам
танчэйшага за францускія духі
водару жаночага поту;
час, які гаворыць
ламанай ангельскай моваю
панка з ваяўнічым індыгавым грэбнем
на люстрана выгаленай галаве —
акурат яйка,
што ў часы канкістадораў
зьнесла зь пярэпалаху
ацтэцкая пачвара
Далемскага музэю,
паблізу якога вас
(каб вам пашчасьціла прыйсьці на сьвет
заходнебэрлінскім сабакам)
пахавалі б на шыкоўных могілках,
паставіўшы мармуровы помнік
з фатаграфіяй або бюстам
(кажуць, там ёсьць і парачка магілаў
з крыжамі —
напэўна, іхнія,
так бы мовіць, жыхары
пасьпелі прыняць перад сконам
хрысьціянства),
а паміж выбітымі на помніку
датамі бесклапотнага жыцьця
сабачыя псыхолягі за прыстойную плату
(запіс да канца году звычайна закончаны)
апавядалі б вашым гаспадарам,
што вы пра іх думаеце —
на самоце і ў цеснай кампаніі
ўкормленых дыплямантаў і мэдалістаў —
і, вяртаючыся дахаты,
вашы гаспадары
кідалі б няўважлівае вока
на вокладку порначасопісу
(каітус на парашуце)
або на рэкляму супэркамфортнага ложка,