Вход/Регистрация
Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
вернуться

Гашак Яраслаў

Шрифт:

— Зусім мая школа! — з гонарам сказаў вахмістр. — Спакойства — нуль, але робленае спакойства гэта corpus delicti [19] .

I, перапыніўшы выказваньне свае тэорыі, ён зьвярнуўся да ўнтэра:

— Што-ж бы гэта такое прыдумаць на вячэру?

— А ў шынок вы сягоньня ня пойдзеце, пан вахмістр?

З гэтым запытаньнем перад вахмістрам устала ва ўсю веліч проблема, якая патрабуе неадкладнага вырашэньня.

Што, калі арыштаваны, скарыстаўшы яго адсутнасьць, уцячэ? Унтэр, праўда, чалавек надзейны і асьцярожны, але ад яго ўжо раз ўцяклі два валацугі (фактычна справа была так: унтэру не хацелася марозам цягнуцца з імі да Пісэку, і ён іх пусьціў у полі каля Ражыч, стрэліўшы для прыклёпу разок у паветра з вінтоўкі).

19

Юрыдычны тэрмін: наяўнасць акалічнасьцяй, якія сьцьвярджаюць віну.

— Пашлём бабульку па вячэру. А піва яна нам будзе насіць у збане, — разьвязаў вахмістр гэту складаную проблему. Няхай яна разок пройдзе — разварушыць косьці.

І бабулька, якая ім прыслугоўвала, сапраўды за гэты вечар добра разварушыла сабе косьці. Пасьля вячэры зносіны на лініі — жандарскае аддзяленьне — шынок „У Ката“ — не перапыняліся. Безьліч сьлядоў ад вялікіх цяжкіх бабульчыных ботаў на гэтай лініі сьведчаць пра тое, што вахмістр надумаўся аддзякаваць сабе за сваю адсутнасьць „У Ката“.

Калі нарэшце бабулька зьявілася ў шынку з заяваю, што пан вахмістр загадаў перадаць паклон і просіць адпусьціць бутэльку кантушоўкі [20] , шынкар ня мог больш захоўваць свае цікаўнасьці і запытаўся, хто там у вахмістра.

— Гэта ў іх? — адказала бабулька. — Падазроны чалавек нейкі. Калі я адтуль выходзіла, сядзелі абодва абняўшыся з ім, а пан вахмістр гладзіў яго па галаве і прыказваў: „Галоўка ты мая славянская, шпіёнчык ты мой ненаглядны!“

Па поўначы жандарскае аддзяленьне выглядала так: унтэр спаў моцна храпучы і выцягнуўшыся на пасьцелі, як быў — у мундзіры; насупроць сядзеў вахмістр з рэшткай кантушоўкі на дне бутэлькі і абнімаў Швэйка за шыю, сьлёзы цяклі па яго загарэлым твары, барада яго склеілася ад кантушоўкі. Ён мармытаў:

20

Салодкая гарэлка.

— Ну прызнайся-ж, што ў Расіі такой добрай кантушоўкі ня знойдзеш. Скажы, каб я мог спакойна ісьці спаць. Прызнайся, будзь мужчынам!

— Ня знойдзеш, — сказаў Швэйк.

Вахмістр ад лішкі пачуцьцяў наваліўся на Швэйка:

— Дзякуй, родненькі, узрадаваў ты мяне, прызнаўся. Вось так трэба прызнавацца на допыце. Ужо калі вінават, чаго таіцца?

Ён устаў і, хістаючыся ў бакі з парожняй бутэлькай у руцэ, пашоў у свой пакой, мармычучы:

— Калі-б я зразу ня тра-рапіў на п-правільны ш-шлях, м-магло-б зусім іншае выйсьці.

Потым ён выцягнуў з пісьмовага стала свой рапарт і паспрабаваў дапоўніць яго наступным матэрыялам:

„Павінен дадаць, што руская кантушоўка, на падставе § 56…“

Ён ляпнуў чарнілам, зьлізаў языком, і як быў — у мундзіры, лагодна ўсьміхаючыся, зваліўся на пасьцель і заснуў, як мёртвы.

Пад раніцу жандарскі ўнтэр пачаў так моцна храпці, пасьвістваючы, што Швэйк прачнуўся. Ён устаў і пачаў трэсьці ўнтэра, пакуль той не перастаў храпці. Потым Швэйк лёг зноў. Прапелі пеўні, узышло сонца, і бабулька, выспаўшыся пасьля ўчарашняй беганіны, прышла падпальваць у печы. Дзьверы былі адчынены і ўсё было ахоплена сном. Газоўка ў каравульным памяшканьні яшчэ курэла. Бабулька сьцягнула ўнтэра і Швэйка з пасьцелі. Унтэру яна сказала:

— Хоць-бы пасароміўся спаць апранены, як жывёліна, даруй мне божа!

А Швэйку зрабіла заўвагу, каб ён зашпіліў порткі, калі знаходзіцца ў жаночай кампаніі.

Нарэшце яна прымусіла заспанага ўнтэра пайсьці пабудзіць вахмістра, сказаўшы, што гэта не парадак — так доўга дрыхнуць.

— Ну і ў кампанію-ж вы папалі, — бурчала бабулька, зьвяртаючыся да Швэйка, пакуль унтэр будзіў вахмістра. — Адзін п‘янюга горш другога. Кожны бацьку-б з маткаю прапіў. Мне за работу трэці год ужо вінаваты, а калі я намякну, вахмістр сказаў мне: „Маўчы ляпей, бабулька, а не дык загадаю пасадзіць цябе. Нам добра вядома, што сын твой браконьер і панскія дровы крадзе“. Вось і мучуся з імі ўжо чацьверты год. Бабка глыбока ўздыхнула і бубніла далей: — Вахмістра асьцерагайцеся больш за ўсё. Ліса і гадзіна з усяго сьвету. Так і шнырыць, каб каго сцапаць і пасадзіць.

Вахмістра ледзь пабудзілі. Унтэру прышлося ня мала папрацаваць, каб пераканаць яго, што ўжо раніца.

Нарэшце ён прадраў вочы, стаў іх церці кулаком і насілу аднавіў у памяці ўчарашні вечар. Раптам яму прышла ў голаву жахлівая думка і ён спужана запытаўся, гледзячы мутнымі вачыма на ўнтэра:

— Зьбег?!

— Божа барані, — хлопец сумленны.

Унтэр-афіцэр захадзіў па пакоі, глянуў у вакно, вярнуўся, адарваў кусок газэты, што ляжала на стале, і скачаў з яе галачку. Відаць было, што ён нешта хоча сказаць. Нарэшце вахмістр гэта заўважыў, і, захацеўшы даведацца, як далёка зайшло ўчарашняе п‘янства, сказаў:

— Добра ўжо, памагу вам: учора, мусіць, я здорава набуяніў?

Унтэр з дакорам глянуў на свайго начальніка:

— Калі-б вы толькі ведалі, пан вахмістр, якія гутаркі вы ўчора вялі! Чаго вы толькі на навярзьлі!

І, нахіліўшыся да самага вахмістравага вуха, ён зашаптаў:

— Вы яму сказалі, што чэхі і рускія аднае славянскай хрыві, што Мікалай Мікалаевіч будзе на наступным тыдні з войскам у Пшэрове, што Аўстрыя ня ўтрымаецца, і раілі яму пры далейшых допытах усё адмаўляць і лгаць, што папала, каб зацягнуць сьледзтва, пакуль яго ня выратуюць казакі. Потым вы сказалі, што ў самы бліжэйшы час у нас будзе заваруха, што паўтараюцца часы гусітаў, што сяляне пойдуць з цапамі на Вену, што з гасудара імпэратара пясок сыплецца і ён скора здохне і што імпэратар Вільгельм зьвер. Потым вы яму абяцалі пасылаць у турму грошы, каб ён купляў сабе яду, і шмат яшчэ нагаварылі такіх рэчаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: