Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Аднак праўдзівасць гэтай гісторыі выклікае вялікія сумненні. Асабліва насцярожвае тое, што князь спачатку язычнік, а пасля заўзяты католік застаўся безыменным, хоць такога не магло быць, калі ён сапраўды пісаў дарчую грамату. А гэта значыць, што яе не было, а калі і была падробленая, то ўсё роўна імя князя павінна было там стаяць, як гэта мела месца ў аналагічных граматах Міндоўга. Апроч таго, супастаўляючы дзве граматы, у якіх апавядаецца пра полацкую гісторыю, мы знаходзім у іх супярэчнасці. У адной гаворыцца, што немцы прадалі Полацк Літве, у другой — што яны былі выгнаны літоўцамі па просьбе палачанаў. Між тым з матэрыялаў Рымскай курыі, якая расследавала гэтую справу, відаць, што абвінавачванні Ордэну ва ўціску палачанаў прад’яўлялі толькі яго ворагі.

М. Стрыйкоўскі, выкладаючы ўсю гэту гісторыю, заўважыў: «Я знайшоў весткі ў старых рускіх летапісах, невялікімі экземплярамі якіх карыстаўся, што Літва ў 1307 г. (толькі ў яго ўказана гэтая дата. — М. Е.) авалодала Полацкам, але няма вестак аб тым, якім чынам гэта здарылася і хто тады валодаў Полацкам». Прызнанне красамоўнае! Нават для М. Стрыйкоўскага, які не грэбаваў фальсіфікацыяй, гэтыя звесткі былі няпэўнымі, ён не бачыў у іх дэталяў, якія б рабілі іх праўдзівымі. Трэба таксама зазначыць, што некаторыя з рускіх летапісаў, якімі карыстаўся гэты храніст, дайшлі да нас, але ні ў адным з іх няма апісання полацкіх падзей 1307 г. Усё гэта ставіць пад сумненне, што такія летапісы былі. Вось чаму яшчэ ў канцы XIX ст. было даказана, што Полацкае княства ніколі не было пад уладай Ордэна, ніколі і ніхто не дарыў яго Рыжскай царкве, і ніхто не вызваляў яго ад нямецкага ўціску ў 1307 г.

I вось апошні сведка полацкай гісторыі таго часу. Гэта грамата полацкага епіскапа Якава. На жаль, яна засталася недатаванай, і таму час яе напісання выклікаў супярэчлівыя меркаванні. В. Васільеўскі прывёў даволі важкія аргументы ў карысць таго, што грамата напісана ў 1309 г., з чым згодны быў і У. Пашута. Аднак апошні на падставе таго, што ў грамаце Якава робіцца спасылка на дагавор Віценя з Рыгай каля 1293 г., адносіць яе да гэтага часу. Але хіба мог Якаў так гаварыць пра дагавор, заключаны дзесяць гадоў назад, звяртаючыся да рыжанаў: «…а ныне есмь уведале любовь праве вашае с сыном моим Витенем».

Гэтыя словы вельмі добра сведчаць аб тым, што Полацк каардынаваў сваю знешнюю палітыку з усёй дзяржавай, з якой ён наўрад ці перарываў еднасць з часоў Войшалка. Апроч таго, нельга не ўбачыць, што наладжванне мірных і асабліва гандлёвых сувязяў з Рыгай было найперш у карысць Полацка, звязанага з ёю сваёй галоўнай жыццёвай дарогай па Дзвіне. А гэта не магло не ўказваць на ўсё большы ўплыў Полацка на палітыку ўсёй дзяржавы. Вышэй ужо адзначалася, што перадача Будзікідам і Будзівідам Ваўкавыска сведчыла пра паступовае змяншэнне ролі Новагародскай зямлі ў дзяржаве. Праўда, У. Пашута лічыў, што гэтага патрабавала найперш барацьба з Ордэнам, які разгарнуў наступленне на Жамойцію. Аднак супраціўленне Ордэну было пастаяннай жыццёвай неабходнасцю новай дзяржавы, чым побач з іншымі дыктавалася яе ўтварэнне. Дарэчы, у гэты час, як мы бачылі, і Новагародская зямля нямала цярпела ад крыжацкіх нападаў. Таму перадачу Ваўкавыска Валыні побач з прыязнымі адносінамі епіскапа Якава да Віценя больш дакладным будзе лічыць выяўленнем узрастаючага значэння Полацка ў дзяржаве. Выяўленнем гэтага можа быць тое, што ў 1285 г. «литва Ловоть воеваша». А гэта значыць, ранейшай палітыкі Полацка ў адносінах да суседніх усходніх земляў, вынікам чаго ў далейшым і з’явіцца пашырэнне тэрыторыі дзяржавы на ўсход. Праўда, сам Полацк не стаў сталіцай усёй дзяржавы, але ёй стане другі даўні цэнтр крывіцкай каланізацыі ў балцка-крывіцкіх землях — Крывічгорад — Вільня. Так закончыўся новагародскі перыяд нашай гісторыі.

Вялікае значэнне Новагародка ў нашай гісторыі падкрэсліваецца і тым, што яго герб «Пагоня» — коннік з мячом над галавою — стаў дзяржаўным гербам BKЛ. I, зрабіўшыся пасля сталіцай, Вільня пераймае гэты сімвал, а за ёй і многія беларускія гарады. 3 гэтага часу «Пагоня» становіцца выяўленнем дзяржаўнай самабытнасці Беларусі, вайсковай доблесці яе мужных барацьбітоў за волю радзімы. Усё адзначанае пераканаўча паказвае, што BKЛ ў другой палове XIII ст. і пачатку XIV ст. існавала як Новагародская дзяржава.

ВІЛЕНСКІ ПЕРЫЯД (1316–1385)

Вільня

Калі папярэдні Новагародскі перыяд з’яўляўся часам станаўлення і ўмацавання BKЛ, то наступны — Віленскі, які таксама быў нядоўгім, бо працягваўся менш стагоддзя (з 1316 да 1385 г.), быў часам бурнага тэрытарыяльнага росту гэтай беларускай дзяржавы, што і вывела яе ў лік найбуйнейшых тагачасных еўрапейскіх краін.

Мы ўжо гаварылі аб прычынах страты Новагародкам свайго сталічнага значэння. Але побач з упадкам яго дамінуючага значэння ішло ўзвышэнне Полацкага княства. Праўда, сталіца з Новагародка не «перайшла» ў Полацк, аднак яна зноў перамясцілася ў крывіцкую зямлю, у Вільню, якая была галоўным асяродкам племені крывічоў на ўсходзе сучаснай Літвы і, як убачым далей, стала цэнтрам аднаго з удзелаў Полацкага княства.

Што ж уяўляла сабой тады Вільня? Чаму менавіта яна стала пераемніцай Новагародка як сталіцы дзяржавы?

Найперш — пра ўзнікненне гэтага горада.

У летапісах XVI ст. вельмі маляўніча гаворыцца аб заснаванні Вільні Гедзімінам [1] .

Нібыта гэты князь, будучы на паляванні, натрапіў на прыгожую гару над ракою Вяллёю, дзе забіў тура, і таму яна ў далейшым стала называцца Туравай гарой. Паколькі было позна, Гедзімін вырашыў не вяртацца ў Трокі, спыніўся ў даліне Свентарога, дзе пазней вялікіх князёў спальвалі пасля смерці, і там заначаваў. I прысніўся яму сон, што на гары, якую звалі Крывою, а цяпер завуць Лысаю, стаіць вялікі жалезны воўк, і ў ім равуць сто ваўкоў. I калі Гедзімін, прачнуўшыся, звярнуўся да валхва Ліздзейкі, каб ён разгадаў гэты сон, дык той сказаў: «Жалезны воўк азначаў, што тут будзе сталіца, а што ў яго ўнутры раўло, то гэта слава аб гэтым горадзе, якая пойдзе на ўвесь свет». I вось Гедзімін, пачуўшы такое, адразу ж загадаў прывесці сюды людзей, каб закласці замкі, адзін на Свентарозе — Ніжні, а другі — на Крывой гары, і назваў гэтыя замкі Вільняй.

1

 У беларускай навуковай літаратуры імя гэтага вялікага князя літоўскага традыцыйна ўжываецца ў форме «Гедымін», аднак Мікола Ермаловіч настойвае на сваёй форме, даючы гэтаму пэўныя абгрунтаванні.

Вядома ж, перад намі легендарнае асэнсаванне ўзнікнення Вільні, тым больш што перад гэтым нешта падобнае гаварылася аб збудаванні Трокаў. Так перанясенне Гедзімінам сталіцы дзяржавы ў Вільню было ў пазнейшых летапісах легендарна пераасэнсавана ў збудаванне ім гэтага горада.

Археалагічныя ж дадзеныя сведчаць, што Вільня ўзнікла не ў XIV ст., а значна раней. Як паказалі даследаванні В. i Е. Галубовічаў (на жаль, цяпер яны чамусьці замоўчваюцца некаторымі даследчыкамі), Вільня была заснавана крывічамі. Як адзначалася намі раней, пры разглядзе славянскага засялення Беларусі, крывічы рухаліся з захаду па Нёмане і яго прытоках, таму з’яўленне іх на Вяллі і заснаванне імі тут горада не было выпадковым. Менавіта гара, якая спачатку называлася Крывой, а пасля — Лысай, і стала месцам, дзе пачаткова аселі крывічы. Пасля яны залажылі тут горад, які стаў называцца Крывічгорадам (пазней — Крывым Горадам) і стаў адной са сталіц гэтага племя. Археалагічныя матэрыялы паказваюць, што паселішча, якое існавала на гэтай гары, было знішчана агнём у VII ст. н. э., і калі да таго часу кераміка і іншыя рэчы былі тут тыпова балцкімі, то пасля яны знікаюць і замяняюцца керамікай, характэрнай для славянскіх магільнікаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: