Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Праўда, трохі здзіўляюць імёны Расціслававых сыноў Давіла і Маўкольда — такія нетыповыя і нетрадыцыйныя для полацкай дынастыі. Аднак не выключана, што сапраўдныя іх імёны былі зменены з мэтаю скрыць іх полацкае паходжанне. Раней, пры асвятленні падзей 1129–1132 гг., намі адзначалася магчымасць таго, што не ўсе полацкія князі былі схопленыя і вывезеныя ў Візантыю, а некаторыя з іх уратаваліся ад палону, знайшоўшы прытулак у суседняй Літве. На гэта ўказвае хоць бы прыклад з Васількам Святаславічам, які адразу ж пасля выгнання з Полацка ў 1132 г. кіеўскага стаўленіка Святаполка займае княжацкі пасад. Зразумела, што вярнуцца з Візантыі так хутка ён не мог, а, значыць, дзесьці хаваўся — найверагодней, у Літве. Не выключана, што адной з мэтаў Мсціслававых паходаў на яе быў таксама захоп полацкіх князёў, якія знайшлі там сабе прыстанак.

Аб тым, што Давіл і Маўкольд не былі выдуманымі асобамі, сведчыць той факт, што яны выступаюць тут удвух. Наўрад ці фальсіфікатару спатрэбілася б такое ўскладненне. Вельмі паказальны момант — ад Давіла выводзяцца ўсе вялікія літоўскія князі, пачынаючы ад Віда і Трайдзеня (ён названы тут Траенем) і канчаючы Гедзімінам і яго нашчадкамі, ад Маўкольда толькі Міндоўг і яго сыны Войшалк і Даўмонт (ён названы памылкова). Такім чынам, Міндоўг і Войшалк таксама паходзілі ад полацкай дынастыі. Цяпер становіцца зразумелым, чаму пасля смерці Войшалка, а за ім і Шварна, велікакняскі пасад займаў Від, а пасля Трайдзень, бо са смерцю Войшалка абрывалася дынастычная лінія Маўкольда і таму законнымі пераемнікамі яе сталі нашчадкі Давіла. Найбольш праблематычнай з’яўляецца асоба Давіла — Віда. Рэч у тым, што ён нідзе больш у летапісах, гэтак жа як Давіл і Маўкольд, не ўпамінаецца. I ўсё ж гэта не дае падставы, каб адмаўляць яго гістарычную сапраўднасць. Па-першае, у летапісах указана такая яго індывідуальная рыса, як тое, што людзі яго Воўкам звалі. Гэту мянушку ён, відаць, атрымаў за свой няўрымслівы характар. Па-другое, у летапісе падкрэслены галоўны вынік яго дзейнасці, а менавіта тое, што ён далучыў да дзяржавы Дзярэўскую (г. зн. драўлянскую) зямлю. Гэта самае адзначана і ў адносінах да Трайдзеня, які далучыў Яцвяжскую зямлю, і ў адносінах да Віценя, які пашырыў межы дзяржавы да Буга, што было сапраўды. Сказанае вышэй можа сведчыць, што складальнік летапісу не аперыраваў выдуманымі асобамі і не прыпісваў ім уяўных дзеянняў, а чэрпаў гэтыя звесткі з пэўных крыніц, якія не дайшлі да нас. Калі мы гаварылі пра Трайдзеня, то ўказвалі, што засталося невядомым, хто быў вялікім князем пасля смерці Шварна ў 1268 г. і да пачатку княжання Трайдзеня. Дык вось у гэтым прамежку, па ўсяму відаць, і княжыў Від.

Усё адзначанае вымушае нас не сумнявацца ў гістарычнай праўдзівасці гэтай асобы, якая фактычна і стала роданачальнікам дынастыі вялікіх літоўскіх князёў, што, відавочна, паходзяць ад полацкай дынастыі.

Хто ён, Гедзімін?

Хаця пра Гедзіміна і яго дзейнасць да нас дайшло параўнальна больш звестак, чым пра яго папярэднікаў на велікакняскім пасадзе, аднак і гэтыя дадзеныя далёка няпоўныя, некаторыя з іх супярэчлівыя, зацемненыя або зусім легендарныя (напрыклад, у выпадку з заснаваннем Вільні). Апроч таго, і ў навуковых даследаваннях застаўся шэраг недастаткова або аднабакова асветленых момантаў дзейнасці Гедзіміна. Гэта і прымушае нас да асабліва ўважлівага разгляду адпаведных матэрыялаў.

Найперш — пра імя. У беларускай навуковай літаратуры яно ўжываецца ў форме «Гедымін», аднак ці з’яўляецца такое напісанне правільным? Зазначым, што ў крыніцах яно існуе ў розных варыянтах: Гедимин, Кедмин, Кгиндимин, Крнедимин, Скиндимин, Gedimin, Gedimont, Giedymin. Як бачым, усюды ў іх (у тым ліку і ў напісаных лацінкай), гук «д» вымаўлецца як мяккі. Праўда, у «Хроніцы Быхаўца» бачым «Gedymin», але тут «у» чытаецца як «і». Таму ў беларускай мове гэтае імя павінна вымаўляцца і пісацца ў форме «Гедзімін».

У гістарычных крыніцах мы нідзе не знаходзім формы «Гедзімінас». І гэта відавочна закрэслівае спробы шэрагу даследчыкаў гэту форму імя Гедзіміна паказваць як пачатковую і сапраўдную. У свой час В. Юргевіч на аснове філалагічнага матэрыялу і зыходзячы з аналізу іншых форм імя Гедзіміна паказаў, што яно, як і імёны іншых вялікіх літоўскіх князёў, славянскага паходжання. Што падобнае імя існавала ва ўсходніх славян, сведчыць назва вёскі «Едиминово» ў Цвярскім павеце. В. Юргевіч адначасова адзначыў недарэчнасць спробаў некаторых літоўскіх даследчыкаў тлумачыць імёны літоўскіх князёў, у тым ліку і Гедзіміна, на аснове літоўскай мовы.

Вельмі заблытаным з’яўляецца і пытанне, кім быў Гедзімін у адносінах да Віценя. Яшчэ ў Я. Длугаша гаварылася, што Гедзімін быў конюхам Віценя і забіў яго, змовіўшыся з жонкаю апошняга, а пасля захапіў велікакняскі пасад. Гэтая чутка была пушчана з крыжацкага асяроддзя, каб тым самым паказаць нізкае паходжанне вялікіх літоўскіх князёў, што абражала ў той час у вачах свету ўсю дзяржаву, з якой Ордэн нязменна знаходзіўся ў варожых адносінах. Ахвотна падхапілі гэтую чутку пазней у Польшчы і ў Маскве, якія — кожная з свайго боку — імкнуліся падначаліць сабе ВКЛ.

Пэўны час у гісторыкаў не было сумневу, што Гедзімін з’яўляўся сынам Віценя, як пра гэта сведчыць «Хроніка Быхаўца» і падобныя ёй летапісы. Але надрукаваная ў 1867 г. грамата магістрата горада Рыгі пераканаўча абвергла карыслівую выдумку аб нізкім паходжанні Гедзіміна. Праўда, адначасова грамата ўзняла і новую праблему. У гэтым дакуменце Гедзімін называўся братам свайго папярэдніка Віценя, што і прынялі многія даследчыкі. Але яшчэ В. Васільеўскі паказваў, што слова «frater» (брат) i «pater» (бацька) вельмі падобныя сваім напісаннем і могуць выглядаць амаль аднолькава. Мы лічым больш абгрунтаваным тое, што Гедзімін быў сынам Віценя. Малаверагодна, каб брат перажыў другога брата на 25 гадоў, прычым улічваючы, што Гедзімін памёр не сваёй смерцю, г. зн. мог яшчэ пэўны час жыць. I яшчэ трэба ўлічыць, што сярод князёў быў звычай, нягледзячы на ступень сваяцтва (ці нават пры яго адсутнасці), называць адзін аднаго братам. Так, напрыклад, Альгерд называў сваім братам нават маскоўскага князя Дзмітрыя Данскога, хаця яны ніякімі сваякамі не былі. Усё адзначанае можа закрэсліваць і сведчанні рыжскага дакумента пра Гедзіміна як брата Віценя.

Не менш складанае і пытанне, калі і дзе стаў Гедзімін вялікім князем. Як правіла, сцвярджаецца, што ён заняў велікакняскі пасад у 1316 г. Аднак нідзе ў крыніцах гэтая дата не пацвярджаецца, як не пацвярджаецца і дата смерці Віценя, пра якога ў пазнейшых летапісах сказана, што ён памёр ад удару перуна. На карысць 1316 г. як даты смерці Віценя можа сведчыць тое, што гэты князь у 1314 г. абараняў Гародню ад крыжакоў, а ў 1315 г. узяў у аблогу іх замак Хрыстмемель. Але трэба згадаць і іншыя даты пачатку кіравання Гедзіміна, што маюцца ў паасобных крыніцах. Так, у адной з іх сказана, што «в лето 6813 (1305) нача княжити Кгедимин Витуновичь в Литве, в Новогородку и Кернове». Мы яшчэ звернемся да гэтага запісу, а зараз толькі адзначым, што калі, паводле яго, княжанне Гедзіміна пачалося значна раней, то ў «Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай» гэта падзея аднесена на пазнейшую дату — на 1321 г. Заўважым таксама, што гісторык В. Васільеўскі лічыў пачаткам княжання Гедзіміна 1320 г. На жаль, ён не ўказаў, чым у сваім меркаванні кіраваўся, аднак, як мы ўбачым далей, прапанаваная В. Васільеўскім дата, магчыма, найбольш дакладная.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: