Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Як вядома, у VII ст. ішло славянскае засяленне тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўсходняй часткі Літвы. Несумненна, што крывічы і знішчылі гэта балцкае паселішча, а на яго месцы заснавалі сваё, якое пазней і вырасла ў горад. Моцная, відаць, калонія крывічоў, пасяліўшыся тут, як убачым далей, не мірным шляхам, пачала ўмацоўвацца сярод балцкага насельніцтва, паступова асімілюючы яго і ператвараючы ў славянскае. Пра тое, што гэта паселішча спачатку называлася Крывічгорадам, сведчыць яго назва і ў нямецкіх хроніках — Крывічкаструм (Крывіцкая крэпасць), і ў літоўскай мове — «Крэйвепіліс». Аб славянскім паходжанні Вільні разам з яе назваю сведчаць і назвы гор, дзе яна пачаткова размяшчалася, і назвы замкаў і нават назва ракі (яна завецца не Нярысам, а Вяллёй, як называюць яе і сёння тутэйшыя беларусы). Невыпадкова таму нямецкі храніст XIV ст. Віганд Марбургскі і называў Вільню рускім горадам.

Усе гэтыя факты як найлепш адмятаюць спробы некаторых сучасных даследчыкаў прыменшыць або нават і зусім паставіць пад сумненне факт з'яўлення ў гэтым рэгіёне славянаў. Менавіта славянская каланізацыя мела тут першаступеннае значэнне, у выніку чаго Вільня ўжо ў XIV ст. мела ўсе рысы славянскага горада. Вядома, гэта не адмаўляе таго, што тут жыло і іншапляменнае насельніцтва, у тым ліку і язычніцкае, якое ў літаратуры звычайна атаясамліваецца толькі з балтамі.

У сувязі з гэтым хочацца звярнуць увагу на такі факт. 3 40-х гадоў XIV ст. захавалася гісторыя аб трох віленскіх пакутніках, якія перайшлі з язычніцтва ў хрысціянства, за што і паплаціліся жыццём. Тут асабліва цікава тое, што да прыняцця хрысціянства гэтыя асобы насілі яўна славянскія імёны — Кумец, Круглец, Няжыла. А гэта можа сведчыць, што язычнікамі ў той час маглі быць не толькі балты, але і славяне, найперш крывічы. Жывучы ў Вільні і ў яе наваколлі, яны былі адрэзаныя ад такіх буйных хрысціянскіх цэнтраў, як Полацк і Тураў, і маглі яшчэ доўга, як і балты, заставацца язычнікамі. Усё гэта трэба было ўлічваць, каб не перабольшваць значэння балтаў, якія звычайна толькі і атаясамліваюцца з язычнікамі ў гісторыі BKЛ.

Як бачым, Вільня з’яўляецца спрадвечным беларускім горадам, і таму зразумела, што перанясенне туды сталіцы з Новагародка не толькі не магло паўплываць на беларускі характар Княства, але яшчэ больш падкрэслівала яго. Зрабіўшыся сталіцай, Вільня як крывіцкі горад яшчэ больш садзейнічала беларускай каланізацыі балцкіх земляў і асіміляцыі іх насельніцтва.

Аднак менавіта з гэтага часу пачалі складвацца ўмовы для ўзнікнення погляду на BKЛ як дзяржавы літоўскай (у сучасным значэнні гэтага слова), дзе славянскія землі былі заваяваны літоўскімі князямі і знаходзіліся ў іх падначаленні. Рэч у тым, што ў сувязі з перанясеннем сталіцы з Новагародка ў Вільню і назва «Літва» пачала паступова пераходзіць з Верхняга Панямоння на ўсход сучаснай Літвы, выцясняючы адтуль старую назву «Аўкштайція». Тым не менш у XIV ст. аўкштайцкія землі яшчэ не атаясамліваліся з Літвой. Гэта пацвердзіў нямецкі храніст П. Дузбург, які, гаворачы аб падзеях 1294–1300 гг., называў Аўкштайцію «уладаннем караля Літвы». Тое ж самае мы бачым і ў грамаце Гедзіміна ад 2 кастрычніка 1323 г. Ужо тое, што гэты князь, называючы сябе каралём Літвы, палічыў патрэбным у ліку іншых земляў, ад імя якіх ён заключыў мір, назваць і Аўкштайцію, гаворыць пра яе агульнавядомае ў той час найменне і пра тое, што тытул караля Літвы паходзіць не адсюль. Наколькі доўга трымалася тут гэта назва, сведчыць яе ўжыванне Вітаўтам у 1422 г. Аднак хоць і паступова, але назва «Літва» — найперш пад уплывам знаходжання тут сталічнай Вільні — замацоўваецца ў Аўкштайціі, выцесніўшы адтуль ранейшае найменне. Новая назва пачала ўспрымацца тут як адвечная, што і прывяло да атаясамлівання гэтай Літвы са старажытнай і тым самым унесла, як мы ведаем, надзвычай вялікую блытаніну ў поглядзе на ўтварэыне ВКЛ, выводзячы вытокі гэтай дзяржавы з тэрыторыі сучаснай Літвы, а не з Верхняга Панямоння, як было ў сапраўднасці.

Археалагічныя матэрыялы паказваюць, што Вільня да пачатку XIV ст. развілася ў такое значнае паселішча, што Гедзімін палічыў патрэбным перанесці сюды сталіцу дзяржавы.

Якога яны роду?

Паколькі Гедзімін лічыцца цэнтральнай постаццю ў родзе вялікіх князёў літоўскіх, якія пачынаючы з XIV ст. называліся Гедзімінавічамі, варта яшчэ раз звярнуцца да пытання паходжання гэтай дынастыі.

Паводле падання, якое з’явілася яшчэ ў XV ст. (упершыню яно зарэгістравана ў Я. Длугаша), вялікія літоўскія князі і знакамітыя літоўскія роды паходзяць ад славутых рымлянаў, што, ратуючыся ад Нерона, прыплылі ў вусце Нёмана і пачалі прасоўвацца па гэтай рацэ далей. Мэтаю такой версіі было паказаць больш слыннае і даўняе паходжанне літоўскай знаці ў параўнанні з польскаю, якая пасля Крэўскай уніі ўсё больш настойліва імкнулася падначаліць сабе ВКЛ. Унесеная Я. Длугашам і асабліва М. Стрыйкоўскім у іх творы, гэта легенда пашыралася ў гістрычнай літаратуры, нярэдка выдавалася за праўду. Вядома ж, Гедзімін, як і іншыя літоўскія князі, лічыўся нашчадкам знакамітых рымлянаў.

Але зусім інакш падаецца паходжанне вялікіх літоўскіх князёў у некаторых рускіх летапісах. Апавяданне пра гэта пачынаецца з падзей 1129 г., калі кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч захапіў Полацк, а полацкія князі Рагвалодавічы (яны фактычна былі Усяславічамі, але названы тут па імені заснавальніка полацкай княскай дынастыі — Рагвалода) былі забраныя ў палон і высланыя ў Царград. Літва ж у той час даніну давала князям полацкім, а «владома своими гедманы». Але калі полацкія князі былі высланыя, «вильняне приложися дань давати королю Угорскому за страхование великого князя Мстислава Владимировича», а таксама «взяша собе по Царяграда князя Полотского Ростислава Рогволодовича (ён таксама названы па імені продка полацкіх князёў) детей: Давила-князя да брата его Мовкольда-князя».

Гісторык У. Пашута цалкам адмаўляў праўдзівасць такога паказу генеалогіі вялікіх літоўскіх князёў, называючы яго тэндэнцыйна апрацаванай версіяй на карысць Масквы. У той жа час ён лічыў вартым увагі і даверу ўпамінанне гэтым летапісам сына полацкага князя Гердзеня — Андрэя (які быў цвярскім епіскапам), бо гэта паказвае на раннія культурныя сувязі Цверы і Літвы. Незразумела, пры чым тут Літва, калі Гердзень і яго сын Андрэй не мелі да яе ніякага дачынення. Ды ўжо такая ў гэтага аўтара тэндэнцыя — усімі сродкамі ўзвышаць Літву і зацямняць ёю Беларусь.

Але хіба толькі гэта — адзіна праўдзівы факт у выкладзенай вышэй гісторыі? А тое, што Мсціслаў Уладзіміравіч захапіў у 1129 г. Полацк, у выніку чаго полацкія князі апынуліся ў Візантыі, хіба супярэчыць гістарычнай праўдзе? Гэтаксама як і тое, што Літва давала даніну Полацку, але знаходзілася ў кіраванні сваіх князёў-«гедманаў» і пасля захопу ў палон полацкіх князёў, страціўшы сваіх апекуноў, павінна была шукаць іншых абаронцаў, каб страхавацца ад нападу Мсціслава Уладзіміравіча. Гэта бясспрэчны факт, бо Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі летапісы засведчылі паходы гэтага князя пасля ўзяцця Полацка на Літву ў 1130 і 1131 гг. Праўда, застаецца незразумелым, чаму «вільняне» звярнуліся па дапамогу да угорскага (венгерскага) караля і сталі даваць яму даніну. Угоршчына не межавала з Літвою і наогул была ад яе далёка. I ўсё ж, відаць, угры абаранялі Вільню, бо адкуль маглі з’явіцца ў гэтым горадзе горы Угры, якія ўпамінаюцца ў летапісе. Тут хаваўся князь Яўнуд у 1345 г., ратуючыся ад сваіх братоў Кейстута і Альгерда. Відаць, на гэтых гapax і размяшчалася угорскае войска, каб бараніць Вільню. Такім чынам, і гэты факт мае пад сабою падставы.

Але самае галоўнае для нас у гэтым летапісным апавяданні — паведамленне аб узяцці вільнянамі з Царграда сыноў высланага з іншымі полацкімі князямі Расціслава — Давіла і Маўкольда. Менавіта ад гэтых двух полацкіх князёў і пачынаецца ўласна дынастыя вялікіх князёў літоўскіх: ад першага з іх князь Від і астатнія, ад другога — Міндоўг. Тое, што такое магло адбыцца, зусім заканамерна. Вільняне, як мы ўжо ведаем, у большасці былі крывічамі, і ўвесь час знаходзіліся ў залежнасці ад полацкіх князёў, бачачы ў іх асобе сваіх законных гаспадароў. Гэта пацвярджаецца і фактам, які данеслі да нас польскія крыніцы: каля 1070 г. у Вільні сядзеў полацкі князь Расціслаў Рагвалодавіч, і таму невыпадкова вільняые ўзялі да сябе яго сыноў. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне праўдзівасці Васкрасенскага летапісу. Такім чынам, ужо з 70-х гадоў XI ст. можна гаварыць аб існаванні Віленскага ўдзела ў Полацкім княстве.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: