Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Я адказаў жорстка:

«Не чапай маё сумленне! Перад сям’ёй я буду адказваць! І перад людзьмі. Калі застануся жывы. А цяпер…»

«Цяпер табе на ўсё напляваць. І на ўсіх! Акрамя хіба яе».

«Не, не на ўсё, Павел. І не на ўсіх. Я прашу: застанься. Яе адашлём. Куды-небудзь у бяспечнае месца, у другі раён».

Ты здзекліва хмыкнуў:

«Такая ахвяра! З-за мяне? Што ты, таварыш камандзір! Як будзеш жыць без яе, камандаваць? Загіне атрад. Не, лепш пайсці мне».

Павел, навошта ты казаў гэтыя словы? Я нікому не дазваляў здзекавацца з мяне, ні раней, ні пасля. Не, пасля я зрабіўся абыякавы да любых слоў. Цяпер я думаю: каб прыняў іх спакайней, з мудрасцю і разважлівасцю старэйшага чалавека, які быў табе не толькі братам, але і бацькам, іх, словы тыя, можна было б зусім інакш вытлумачыць, зрабіць мастком да нейкага прымірэння, якое магло б утрымаць цябе ў атрадзе. Не, наўрад ці памагло б. Цябе глыбока раніла мая сувязь з ёй. Можа мне балела б больш, каб ты загінуў у маім атрадзе, на маіх вачах. Даруй мне, Павел, тую ўспышку, тыя дурныя словы:

«Ну і каціся на ўсе чатыры! К чортавай мацеры! Слюнцяй! Саплівы рамантык!»

Даруй… Што б ні здарылася, я не меў права так развітвацца з табой, так праводзіць цябе…

Дзіўныя бываюць сны. Гэты мой сённяшні амаль дакладна паўтарыў тое, што здарылася дваццаць два гады назад. Усю гісторыю з дзецьмі. Толькі што ў сне сярод дзяцей — мой Васіль, маленькі, схудалы хлопчык у лахманах, з фурункулам на шчацэ. Тады іх было — не адзін такі. Ды мацней, непараўнальна мацней пачуццё, якое я ўчора не адразу пазнаў,— трывога за дзяцей, адказнасць за іх. У сне — боль. І крык. І гнеў у спрэчцы… Спачатку з тым жа Каральковым, як было ў сапраўднасці, а потым — дзіўна! — з Кляпнёвым. Чаму прыплёўся гэты тып? Тры разы жагніся і плюнь, калі сасніў папа ці чорта.

У вывадах нашай групы кантролю трэба-такі запісаць Будыку, што акружыў сябе падхалімамі, людзьмі, якія ў тэхніцы ні бэ, ні мэ… Можа дойдзе да яго. А тады ён падтрымаў мяне, Валька. Сам ранены ляжаў, а падтрымаў. І гэта я сніў. Дакладна — слова ў слова — усю спрэчку, усю размову. Пакуль не ўлез Кляпнёў. Ні ў якіх мемуарах не здолеў бы, пэўна, прыгадаць усё з такой дакладнасцю, як у сне… Галасы людзей, якіх даўно няма. Шум прапелераў. Калючы снег у твар… Спалоханыя і радасныя вачаняткі дзяцей у ілюмінатарах, калі самалёт пачаў вырульваць на ўзлёт. Развітальны круг самалёта…

Толькі пасля гэтага, здаецца, пачаўся сон: я азірнуўся і ўбачыў, што не ўсе дзеці паляцелі, што многа-многа засталося іх на заснежаным полі, застылых, галодных, у лахманах, і сярод іх — Вася, маленькі Вася. І працяў такі боль за іх, апанавала такая трывога!..

Ва ўспамінах гэтага, пэўна, перажыць нельга. Дзіўна, што ніколі нікому не расказваў пра эпізод з дзецьмі.

Мая брыгада — ужо брыгада! — дыслацыравалася ў глухім раёне, далёка ад чыгункі і гарадоў. Гэта быў наш, партызанскі, раён. Брыгада несла ахову цэнтральнага аэрадрома злучэння. Паліцаі і карнікі спрабавалі выбіць нас, знішчыць базу і аэрадром. Бой цягнуўся колькі дзён. Фашысты адступілі. Але і мы нямала людзей пахавалі, другіх прывезлі раненымі. Хто ранены лягчэй — размясцілі ў сваіх шпіталях. Цяжкія чакалі эвакуацыі. Самалёты прыляталі рэдка. Тая другая наша партызанская зіма, Сталінградская, не была такая снежная і суровая, як першая. Аднак зіма ёсць зіма. І ў наш мірны час, пры сучаснай авіяцыі і лакатарах у аэрапартах, абсталяваных па апошнім слове тэхнікі, зімой часам пасажыры сядзяць па тыдню. А што казаць пра той час, пра тыя транспартныя самалёты! За два тыдні — адзін рэйс. Самых цяжкіх эвакуіравалі. А раненых не менела. Пасля вядомага саннага рэйду на аэрадром прывезлі сваіх цяжкараненых мінскія партызаны. З імі прыехаў і Каралькоў, паранены ў руку.

Штодня мы слалі радыёграмы — прасілі прыслаць самалёты. Амаль штодня атрымлівалі адказы, што заўтра-паслязаўтра самалёт вылятае. Але дарэмна мы чакалі, не спалі начамі…

Вось у адзін з гэтых дзён ён і прыйшоў да нас. Яго прывялі ў штаб дазорныя. Стары прастуджаны чалавек, з хваравітым бляскам вачэй. Дамагаўся на ўсіх заставах і ў атрадах, каб яго даставілі да самага галоўнага партызанскага начальніка. Ён такі і спытаў, з ходу, адразу, як увайшоў у зямлянку і пасля святла з цяжкасцю разгледзеў сваімі запалёнымі вачамі мяне за сталом: «Вы галоўны?»

«Няхай буду я».

«Не, без жартаў. Хто вы? Мне трэба ведаць».

«А ці не здаецца вам, што ў такой сітуацыі мы першыя павінны спытаць — хто вы?»

Ён не адразу зразумеў.

«Мне трэба ведаць… Зразумейце. Жыццё дзяцей… Вы — бацькі… Савецкія людзі…» — стары горача выкрыкваў словы без лагічнай сувязі.

«Хто вы?»

«Я дырэктар дзіцячага дома. У Пятроўцы. Ведаеце Пятроўку?»

Яшчэ б не ведаць! У мястэчку гэтым — паліцэйскі гарнізон, на які ў нас даўно гарэлі зубы.

Чалавек адубелымі рукамі расшпільваў кажушок, каб дастаць з-за пазухі нейкія дакументы, і ніяк не мог расшпіліць. Цяпер ён зацікавіў мяне.

«Дык што вы хочаце?»

Ён памкнуўся: да стала і зашаптаў, роспачліва, надрыўна, але шэпт той быў — што крык на ўвесь свет:

«Ратуйце дзяцей! Ратуйце дзяцей! Яны забіраюць па чатыры, па пяць і не вяртаюць маіх дзяцей! Што яны робяць з імі? Таварышы дарагія! Таварыш камандзір!..»

Сухія, чырвоныя ад бяссоння вочы напоўніліся слязьмі. І такія ж слёзы я ўбачыў у Каралькова, які ляжаў побач на канапцы, — яго той дзень ліхаманіла ад раны ці ад прастуды.

Я маўчаў, панурыўшыся. Дырэктар звяртаўся да нашай гуманнасці, да вялікага абавязку перад дзецьмі. Прасіў. Патрабаваў. Ён баяўся, што мы адмовімся, і спяшаўся пераканаць, захлынаючыся словамі.

Я доўга маўчаў. Ведаю, многія з сённяшніх гуманістаў могуць спытаць: чаму? Чаму маўчаў? Хіба можна было вагацца? А хто з вас, цяпер, у мірным жыцці, можа адразу, не задумаўшыся, узяць на сябе адказнасць за сотню дзяцей? Я мусіў браць адказнасць за іх жыццё. Дзіцячы дом — усё-такі дзіцячы дом, няхай галодны, халодны, пад вартай. Але штодня там не страляюць. А брыгада — фронт. Хто цягне дзяцей на фронт, на пярэдні край, пад кулі?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: