Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Недзе апоўдні вярнуўся ў штаб. Сядзяць Каралькоў, Лагун, Будыка, урач, пілот. Складаюць план эвакуацыі. Прасцей кажучы — складаюць спіс, каго вывезці ў першую чаргу. Працягнулі спіс мне. Доўга я чытаў дваццаць нейкіх прозвішчаў. Так доўга, што яны ўсе прыціхлі, насцярожыліся.

Урач сказаў:

«Хацелі Валянціна Адамавіча ўключыць — ён адмовіўся».

«Ды я ўжо скачу, як заяц», — засмяяўся Будыка, стукнуўшы мыліцай.

Між іншым, і пазней, увосень сорак трэцяга, ён адмовіўся эвакуіравацца. Выклікалі на нараду начштабаў — прытварыўся хворым. Усе лічылі за шчасце паляцець на Вялікую зямлю, а Будыка ўсяляк адкручваўся. Але тады я падумаў пра другое: «Валька адмаўляецца, хоць такі ж ранены, а некаторыя рвуцца…»

З новай сілай засмактала ўсяродку: нешта тут не так. Але што? І раптам… Кажуць у такіх выпадках — прасвятліла. Я кінуў спіс на стол і сказаў:

«Гэтым рэйсам паляцяць Чугуноў, Канцавы, Файзулін. Ім патрэбны неадкладныя аперацыі. Клара Майсееўна… І дзеці! Пілот, колькі можаш узяць дзяцей? Ад пяці да дзесяці год».

«Дзяцей? Якіх дзяцей?»

«Нашых».

«Здаровыя? Сядзець могуць?»

«Могуць».

«Ды такога гароху — чалавек… трыццаць».

«Зэр гут, панове афіцэры, — весела сказаў я. — Так і запішам: ляцяць усе малыя».

Але ў адказ — толькі больш шумнае, чым звычайна, са свістам і хрыпам, прастуджанае дыханне Каралькова ды скрып новай пілотавай партупеі.

Будыка вачамі ўхваліў: правільна! Але чакаў, пакуль выкажацца ўпаўнаважаны. Лагун таксама глядзеў у рот Каралькову. А той маўчаў. Доўга. «Чапай думае», — хацелася мне пажартаваць. А можа ён зараз устане і пацісне руку, як тады, пры дырэктары дзіцячага дома? Каралькоў усё ўзважыў, усё абдумаў з паважнасцю і сур’ёзнасцю чалавека, на якога ўскладзена найвышэйшая адказнасць. І сказаў разважліва і спакойна:

«Іван Васільевіч, мы разумеем цябе, твае пачуцці. Мы — усе бацькі, і першы наш клопат — пра дзяцей, што б ні здарылася, якая б складаная сітуацыя ні ўзнікла. Дзеці — наша будучыня. Але давай усё ўзважым. Уяві, што самалёт зноў не прыляціць тыдзень, а то і два. Ты чуў, што расказваў пілот? Усе транспартнікі кінуты пад Сталінград дабіваць Паўлюка. Вось і думай… А ў гэты час Швальдэ пачне наступленне. І раптам здарыцца, што вам прыйдзецца адступіць. Вайна ёсць вайна, асабліва партызанская. Дзяцей можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаць за сваіх. Ды хто будзе дзяцей шукаць? А раненыя… Куды ты дзенеш раненых? Нарэшце, ты ўпэўнены, што самі раненыя зразумеюць нас? Яны ведаюць, што прыляцеў самалёт, і кожны марыць хутчэй апынуцца на Вялікай зямлі, у шпіталі. Ты не ведаеш псіхалогіі раненага?»

Яго тут жа падтрымаў наш брыгадны ўрач Вапняк. Мы ўжо ведалі: чуць што не так — доктар адразу ставіць ультыматум. Я не аднойчы пагражаў яму, што расстраляю за такія ультыматумы, але на яго гэта мала дзейнічала. Ён і тады пачаў з заявы, што калі такія раненыя — прачытаў прозвішчаў пятнаццаць — застануцца ў нашых умовах хоць на адзін дзень, ён складае з сябе абавязкі галоўнага ўрача. Можаце расстрэльваць яго, можаце вешаць — як больш даспадобы. За ім — Лагун, добранькі, далікатны. Нагадаў, што ў атрадзе жыве дзіця, якому ўсяго другі годзік — Віта! — і нічога, гадуецца, расце. Адным словам, нагадаў перад адлётам упаўнаважанаму, у якіх адносінах камандзір брыгады з маці гэтага дзіцяці. Капнуў. Ды мяне гэта мала кранула, бо тайны я не рабіў.

Будыка сказаў, што не можа згадзіцца, нібыта ўсе раненыя рвуцца ляцець. Давайце апытаем — добрая палавіна адмовіцца. Тыя трое адчулі: начштаба — мой саюзнік, і пачалі пераконваць яго.

Я маўчаў. Мабыць, не перабрадзілі яшчэ мае пачуцці, не выспела трывога. Мяне пераканалі. Я здаўся. Без бою. Толькі ўзяў з Каралькова абяцанне, што ён даможацца, каб выслалі спецыяльны самалёт за дзецьмі.

Быў урачысты абед. Пілі спірт. Гаварылі развітальныя тосты, сур’ёзныя і жартаўлівыя. На стол падавала Надзя. Пілі за яе здароўе. П’янаваты Будыка цалаваў ёй рукі. П’янаму Вальку заўсёды хацелася цалаваць Надзіны рукі і прызнавацца, што ён ажаніўся без кахання, але ніколі не здраджваў жонцы. Аднойчы я даў яму па мордзе за гэта — за напамінак, што ён лепшы за мяне, грэшнага.

Здаецца, усё было як мае быць. Усе былі задаволены. І я таксама. Праўда, асаблівай весялосцю не вызначаўся на тым абедзе, але і не сядзеў цёмнай хмарай. Тое трывожнае ранішняе пачуццё пэўна заснула, ап’янелае.

Пасля абеду Каралькоў і Будыка спалі — людзі раненыя. А я выйшаў на вуліцу заснежанай лясной вёсачкі. Паглядзеў на блізкі лес — наш, а з другога боку — на далёкі, што сінеў за палямі; за ім, тым лесам, — вораг. Трохі бліжэй да вёскі — пасадачнае поле. Там, у бярэзніку, замаскаваны самалёт, які так доўга чакалі. Калі прыляціць наступны? І зноў засмактала ў сэрцы трывога. А тут яшчэ і яны, дзетдомаўцы, трапілі на вочы. Колькі хлапчукоў разам з сялянскімі цягнулі з лесу на саначках сухое галлё.

Быў мой загад — памагчы сялянам нарыхтаваць і перавезці паліва. Чаму дзеці возяць на сабе? Моцна дасталося каменданту і камандзіру штабнога атрада.

Заглянуў у шпіталь. Пад паветкай легкараненым глушаць самагонку. Вапняк, хітруга, ведаў, калі можна пярэчыць, ставіць ультыматум, а калі трэба маўчаць. Стаяў навыцяжку, згаджаўся: «Слухаюся, таварыш камбрыг!»

Ускочыць хіба ў сядло — і ў дальні атрад? Няхай праводзяць самалёт без мяне. Зайшоў у хлеў, пастаяў каля свайго гнядога, пагладзіў яго, нецярплівага, гарачага. Конь ірваўся на прастор. Няхай бы ляцелі ледзяныя іскры з-пад капытоў! Надзя баіцца маіх паездак — у атрадах цяпер многа дзяўчат. О, жаночая душа! Ужо ты прысвоіла мяне і да ўсіх раўнуеш. А сама заліваешся чырванню, калі начштаба цалуе табе рукі. Пэўна, прыемна. Хацелася «завесці» сябе, узлавацца на ўсіх і сапраўды махнуць у лес, аднаму, — няхай шукаюць камбрыга! Не, нічога не кранала, нічога «не заводзіла». Усё адлятала рыкашэтам. Адно стаяла перад вачамі, сціскала сэрца: дзеці. Як іх прывезлі, застылых, спалоханых і ўзрадаваных, што яны сярод партызан, як Надзя карміла адразу траіх, самых малых, гадоў па пяць, а я памагаў ёй. І ранены Будыка памагаў. Скакаў на мыліцах перад малымі. Хацеў насмяшыць. Дзеці не смяяліся. Глядзелі сумна, са спачуваннем. Яны ўсё разумелі. Ведалі, што такое раны. І Надзя зноў заплакала ад гэтых іх позіркаў. Дзеці адталі толькі тады, калі перад імі з’явілася жывая лялька — маленькая Віта. З ёй яны гулялі, як дзеці. Але, Віта расце ў атрадзе. Аднак колькі страху перажываю я ў кожным баі! За яе адну. А колькі можна перажыць за ўсіх? Але нельга не згадзіцца з Каральковым, з Лагуном: раненыя ёсць раненыя, яны нашы байцы, нашы таварышы. Хіба я вораг сваім людзям?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: