Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Іван Васільевіч узяў яе рукі, шурпатыя, мазолістыя, у парыве ўдзячнасці хацеў пацалаваць іх. Але адчуў: пацалуе — заплача. Нервы напяты, не вытрымаюць.

— Дзякуй вам, Марына Аляксееўна.

— За што мне дзякаваць?

— За шчырасць вашу, за мудрасць.

— А божачка! Якая там мудрасць! Налучыла етую пісульку — тыдзень не спала, сэрца балела. Грэшны, думаю, чалавек Іван Васільевіч. Але хіба ж такі яго грэх? Мужчынскі, то няхай перад жонкай і каецца. Жыве з сям’ёй — значыцца, пакаяўся. А тут якісь павук паганую павуціну пляце. Адкуль заходзіць! Ой, здалёку! А невядома, дзе скончыць. Чаго хочаш, яшчэ заблытае добрага чалавека. Нагавор — што смала — нялёгка адмываецца. Дай, думаю, з’езджу, скажу, каб ведаў ды аглядаўся.

— Вось за гэта і дзякую, Марына…

Яна зноў азірнулася на дзверы, зноў сцішыла голас:

— Можа ён — муж яе? Паліцай той?

— Яго расстралялі.

— Знайшла-такі кара. Кроў людская не даруецца.

Памаўчала.

— А яна дзе? Усё саромелася папытаць. Каб не падумаў, што ў вочы калю.

— На Палессі, настаўнічае.

— Замужам?

— Не.

— Не? — здзівілася Марына. — Такая маладая была. І адна жыве?

— З дачкой. Дачка таксама настаўнічае. У той жа школе.

— Пішуць?

— Пішуць.

— Многа хто з партызанаў піша вам?

— Не, цяпер ужо нямнога.

— Забываюцца людзі. У кожнага свая жызня, свае болькі. Не дзіва, столькі гадкоў праляцела.

Марына як бы знарок адводзіла размову далей ад пісьма, якое ляжала на стале паміж імі, далей ад усяго таго, за што чапляліся цяжкія ўспаміны. Ёй, відаць, шчыра хацелася забыць на гэта і пагутарыць пра што іншае. А ў Івана Васільевіча тахкала сэрца:

«Хто? Хто? Хто?»

І не было адказу на гэтае «хто?». Не было вытокі — з якой прычыны? Чаму паклёп узнік цяпер, калі ён менш за ўсё сустракаецца з людзьмі? Каму ён перашкаджае? Чым? Бясспрэчна, ёсць сувязь паміж ананімкай у ЦК і гэтай. Адна рука. Адзін почырк. Нехта баіцца, што ён вернецца на работу, на старое месца? Хто? Пераемнік? Але адкуль ён ведае пра Марыну і ўвогуле ўсю даўнюю трагічную гісторыю? Усё да драбніц ведае толькі адзін чалавек — Будыка. Валька? Не! Не! Не! Ён жа ведае ўсю праўду больш, чым нават Марына.

І маці праз затуманены велізарным горам розум здолела зразумець тады правільна. Не паверыла цяпер, хоць боль многіх гадоў мог зрабіць яе падазронай.

Ніхто з партызан слова не сказаў у асуджэнне ўсяго таго, што было зроблена. Выратавалі раненых, дзяцей, жанчын. З начштабам яны, па сутнасці, пароўну дзялілі адказнасць за ўсе аперацыі. Са сваёй вайсковай вежы Валянцін лічыў удачамі і рэйд за Дняпро, і адступленне людзей з лагера, і бой пасля фашысцкай правакацыі з абменам афіцэраў на Пецю. Па Будыкавай логіцы ўсё — звычайнае, будзённае: вайна не бывае без ахвяр. Смерць братоў Казюраў для начштаба — адзін з эпізодаў, не вельмі значных. У баі за ўратаванне аднаго з іх загінулі дзесяткі людзей, камісар атрада загінуў.

Балела аднаму чалавеку — яму, Антанюку. Адзін ён адчуваў тую віну, пра якую цяпер напісаў невядомы няпрыяцель. Не перад атрадам адчуваў сябе вінаватым. Не перад людзьмі. Перад ёй — Марынай. І перад тымі, хто загінуў у баі.

Цяпер сваёй шчырасцю, сваім клопатам пра яго спакой, пра яго добрае імя старая спакутаваная жанчына абудзіла той боль.

— Марына Аляксееўна, я пільнаваў вашых сыноў, трымаў пры сабе. На вачах. Я мог і ў тую ноч трымаць іх побач. Але вы ведаеце, немцы і паліцаі прыціснулі нас да Дняпра, трэба было вырывацца з боем. У той групе, якую паслалі для аховы лагера, я лічыў, хлопцы будуць у большай бяспецы. Атрымалася наадварот.

Марына перапыніла:

— Не карайце сябе, Іван Васільевіч. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Расказвалі вы, відна, некаму вось так, а паганец гэты, — яна ўзяла пісьмо, пачала павольна складаць яго, як бы збіраючыся падраць, — вораг гэты ваш перавярнуў усё проці вас. — Працягнула пісьмо. — Наце, схавайце ці спаліце. Нашто трывожыць Усцінаўну?

…Усе былі за тое, каб працягваць праверку інстытута: сакратар гаркома, старшыня камітэта. А камісія распадалася. «Захварэлі» два пенсіянеры; адзін з іх, адстаўны палкоўнік, безнадзейна занядужаў ва ўзросце сарака пяці гадоў. Невядома па чыім загадзе адклікалі на іншую праверку, больш тэрміновую, штатнага працаўніка камітэта. Да самога Антанюка пачалі праяўляць увагу, якой ніколі не было раней, і даваць адказныя даручэнні, не фармальныя, даволі цікавыя, ад якіх цяжка было адмовіцца. Даручалі справы па рознай лініі — праз абком, гарком, камітэт кантролю, камітэт па ахове прыроды.

Але нішто не магло ўвесці старога зубра ў зман. Усё ён ведаў — дзеянне ўсіх рычагоў. Нехта недзе цешыў сябе думкай, што справу з інстытутам можна «спусціць на тармазах»: і без таго зацягнутая праверка яшчэ больш зацягнецца, а Будыка — не дурань, за гэты час навядзе парадак у сваёй вялікай і складанай гаспадарцы. І тады ў размове на бюро гаркома ці на пасяджэнні камітэта, калі такое абмеркаванне адбудзецца, пра ўсе памылкі можна будзе гаварыць у мінулым часе. А гэта шмат значыць для вывадаў: кіраўнік зразумеў, выправіў.

Аднаго не цяміў гэты «нехта недзе», што ён, Антанюк, згадзіўся правяраць і настойліва працягвае працу зусім не дзеля таго, каб утапіць дырэктара ці яшчэ каго, а для таго, каб Валянцін, стары сябра, сапраўды не дурны чалавек, здольны канструктар, зразумеў свае памылкі, навёў парадак у інстытуце і не лез далей у балота, у якое цягнулі яго розныя жукі і кляпні-сляпні.

Антанюка не абуралі людзі, якія націскалі непрыкметна, ціха, хітра на розныя тайныя рычагі і кнопкі. У іх не хапала рашучасці дзейнічаць адкрыта. Не той час — не тая ўпэўненасць у сваёй непагрэшнасці. Ён глядзеў на іх дзейнасць з гумарам. Абураў Будыка: усё ідзе ад яго націску, ад яго ўпартай упэўненасці ў сваёй непагрэшнасці. Не, дробныя недахопы, памылкі Валянцін Адамавіч прызнаваў — усе тыя, якія не краналі яго славы вучонага, якія можна зваліць на падначаленых: за ўсім, маўляў, не ўгледзіш. Але менавіта гэтая паблажлівая ўступка — «на табе костачку і адчапіся!» — увесь Будыкаў націск, захады, накшталт гісторыі з Генадзем больш за ўсё злавалі Івана Васільевіча, рабілі зацятым і неадступным. Выконваў даручэнне камітэта па ахове прыроды і зноў ішоў у інстытут. Здаралася, што з шасці членаў камісіі з’яўляўся ён адзін. Бачыў: супрацоўнікі з яго пасміхаюцца. А Валянцін зноў зрабіўся добры і прыветлівы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: