Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
Лада пранікліва паглядзела бацьку ў вочы, спытала крыху раздражнёна:
— Чаму вы не пытаеце — хто? Вас гэта мала цікавіць?
— Чакаем, што скажаш сама. Сказаўшы «а», трэба сказаць «б».
— Але, «б»! Жаніх трывала стаіць на нагах. Мае цвёрдую аснову. У асобе бацькоў. І сваю ўласную — вучоную ступень. Праўда, першую яшчэ. Але можна не сумнявацца: будзе мець і другую. Усё будзе мець!
Антанюк здагадаўся, пра каго ідзе размова. Вялікай неспадзяванкі ў гэтым не было.
— Фелікс?
— Ты на дзіва здагадлівы, тата.
— Гэта сур’ёзна?
— Наколькі я разумею, з яго боку — вельмі сур’ёзна.
— Будыкаў? — ашаломлена перапытала маці, уцяміўшы раптам, што Лада не жартуе.
— Здаецца, дарагія бацькі, вы вельмі здзіўлены. Чаму? — во што цікава. Мне — дваццаць тры гады. Я — што пераспелая вішня, вось-вось сарвуся і невядома ў чый рот траплю. А мне хочацца трапіць у надзейныя рукі. Ні вышэйшая матэматыка, ні ядзерная фізіка не ратуюць ад біялагічных законаў. Яны дзейнічаюць аднолькава на ўсіх. Не варта забываць пра гэта. Нарэшце, што вы можаце сказаць супраць такога саюза? Я — дзіця горада, дзіця адноснай раскошы. Я прывыкла, каб жыццё маё было на ўзроўні сучаснай цывілізацыі. Я атрымаю для гэтага ўсё: кватэру, дачу, машыну.
Цяпер ужо і ён, бацька, не разумеў: ці Лада здзекуецца са свайго магчымага замужжа, ці пераконвае самую сябе? Калі пераконвае, то гэта будзе яшчэ адно яго паражэнне, яшчэ адно расчараванне, магчыма, самае цяжкае. Нават і ў тым выпадку, калі замуж яна за Будыку не выйдзе. Няхай выходзіць за каго хоча, але толькі без такіх вось пераконанняў, без такой філасофіі.
— Акрамя ўсяго таго, што ты пералічыла, патрэбна яшчэ адна рэч — каханне. І яно, між іншым, не дзеліцца ні на якія этапы і перыяды, — прыгадаў ён нядаўнюю іх размову, каб далікатна, не ў лоб, напомніць пра марака.
— А можа гэта перажытак, ад якога чалавецтва павінна пазбавіцца?
Не, здаецца, яна жартуе. Калі так, то, бадай, можна пераходзіць на такі ж тон.
— Ты рашыла задачу?
— Не ведаю, ці правільна, але рашыла.
Вольга Усцінаўна пляснула далонямі:
— Дала згоду?
Лада ў адказ на матчын спалох падарыла ёй бадзёрую ўсмешку, а на бацьку паглядзела ўсё з той жа праніклівасцю, як бы жадаючы здагадацца, чаго ён чакае.
— Не. Я сказала, што параюся з вамі. Што вы параіце?
— Фелікс будзе добры муж, — не задумваючыся, сказала Вольга Усцінаўна і цяжка ўздыхнула: — Перастарак, праўда. І занудзісты трохі.
Лада зарагатала.
— Цудоўна, мамачка! Найлепшая атэстацыя! Пасля такой — нельга не выйсці за яго замуж!
Што ёй параіць? Што сказаць? Недарэчна думаць, што Будыка жаніцьбай сына замысляе нейкую падэсць, жадае ўлашчыць яго, Антанюка, ці паставіць у няёмкае становішча, прымусіць адмовіцца ад удзелу ў праверцы. Што Будыку баяцца нейкай, па сутнасці, паўафіцыйнай самадзейнай праверкі? Так, некалькі блышыных укусаў: непрыемна, але небяспекі — ніякай. Хутчэй цяпер можна падумаць, што ўсё якраз наадварот: у Будыкаў даўно жыло жаданне парадніцца з імі, Антанюкамі, замацаваць доўгую дружбу сваяцтвам, таму Валянціна і нерваваў яго ўдзел у камісіі. Запрашэнне Генадзя таксама магло быць шчырым — ад жадання зрабіць сям’і нешта прыемнае. Не, апошняе — наўрад. Не такі Будыка наіўны. Добра ведаючы яго, Антанюка, Валянцін не мог не здагадвацца, як сябру «падабаецца» гісторыя з зяцем. Там, безумоўна, была хітрасць, двайная ці трайная. Але якая хітрасць можа быць тут, у жаніцьбе сына? Што адказаць Ладзе? А чаго ламаць галаву? Ён можа адказаць толькі адно!
— Я старамодны чалавек, але паўтараю, што сказаў ужо. Я прызнаю толькі адзін матыў для замужжа ці жаніцьбы — каханне. Але я ведаю, што да Фелікса ў цябе не было, няма і…
— Ды адкуль ты ведаеш, Іван? — паспрабавала змякчыць катэгарычнасць яго слоў жонка.
Лада спытала ў маці:
— Ты, мама, за тое, каб я згадзілася?
Вольга Усцінаўна сумелася. Заўсёды спакойная, упэўненая, што для дзяцей — яна найвышэйшы аўтарытэт і суддзя, маці раптам адчула сябе бездапаможнай, як бы пабочнай тут, а таму ўзлавалася:
— Не мне жыць з ім. І машына яго мне не трэба!
А дзён праз некалькі пасля гэтай размовы, без тэлеграмы, прыляцелі на пабыўку Васіль і сябра яго, Саша Павельеў — той самы вясёлы вартавы, што першы затрымаў Антанюка ў гарах. Што маці расплакалася ад радасці — то гэта зусім натуральна, жанчына ёсць жанчына. Але і сам Іван Васільевіч узрадаваўся прыезду сына незвычайна — да нязвыклай, не ўласцівай яму расчуленасці, ад якой пасля нават трохі было няёмка. Не, ён не праслязіўся. Але ціскаў хлопцаў у абдымках, тоўк кулакамі ў плечы, у жывот, без прычыны смяяўся.
Лады дома не было. Хлопцы пайшлі шукаць яе, нават адмовіліся ад абеду, толькі пагаліліся.
Тады ў Івана Васільевіча з’явілася здагадка, і іншы сэнс набылі Ладзіны словы пра этапы кахання. Ён нічога не сказаў жонцы, але яму хацелася паглядзець, як яны сустрэнуцца, Саша і Лада. З нецярплівасцю чакаў іх звароту. Моладзь не спяшалася дадому. Вольга Усцінаўна, заклапочаная, што стынуць стравы, скардзілася:
— Прыехаў сын і не даў на сябе паглядзець. Дзе можна гэтулькі блукаць? У такі мароз!