Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
Ртутны слупок на градусніку за акном апусціўся да 25. Студзень выдаўся снежны і марозны. Нават Антанюку, загартаванаму паляўнічаму, не вельмі хацелася на двор з цёплай кватэры.
Дзеці вярнуліся пад вячэру.
— Былі ў рэстаране? — з крыўдай спытала Вольга Усцінаўна.
— Мама, не былі,— адказаў Васіль. — Мы ж ведалі, колькі смакаты нагатуеш. Нагульвалі апетыт. Цяпер падавай нам хоць вала!
Лада і Васіль памагалі маці збіраць на стол, «замарожвалі» на балконе прынесеную бутэльку шампанскага. Між іншым, шампанскае гэтае таксама насцярожыла Івана Васільевіча. Нават спалохала: «Няўжо так, адразу, з ходу, без размовы з маці, са мной?»
На нейкі час яны засталіся ўдвух з Сашай. Хлопец, такі востры на язык там, у гарах, зрабіўся маўклівы, збянтэжаны.
— Прабачце, што я вось так… не папярэдзіўшы.
— Што вы, Саша. Сябра нашага сына — наш сябра. І жаданы госць.
— У вас багатая бібліятэка. Можна паглядзець?
— Калі ласка.
«Хочаш схаваць ад мяне твар. Няўжо табе так няёмка глядзець мне ў вочы?»
Марак павярнуўся спіной, адчыніў дзверцы шафы, выцягнуў з цеснай шарэнгі тоўстую кнігу ў скураным пераплёце з непаблеклым залатым цісненнем — «Императорские охоты в Беловежской пуще».
— У вас многа літаратуры пра лес.
— Я аграном і паляўнічы. Член калегіі Камітэта па ахове прыроды.
— Я вырас у лесе. Мой бацька ляснічы. Люблю лес. Хачу вучыцца на лесавода. Калі ўдасца. Адзін раз зрэзаўся.
— Чаму не ўдасца? Тым, хто адслужыў у арміі, на флоце, дзверы адчыняюць шырэй…
— І ўсё роўна колькі нас спатыкаецца ў гэтых дзвярах! — весела засмяяўся Саша, павярнуўшыся да гаспадара з кнігай у руцэ. І зноў як бы збянтэжыўся, разгарнуў кнігу.
Іван Васільевіч параіў:
— Будзе час — гросбух гэты раю пагартаць. Цікавыя факты ёсць. Чулі пра нашых зуброў?
— А як жа!
— Дык вось у часе аднаго імператарскага палявання госць царскай сям’і — пляменнічак кайзера — забіў за тыдзень сорак зуброў. І гэта выдаецца за доблесць! Праслаўляецца бойня. Мяснікі!
Саша слухаў, ківаў галавой, павольна перагортваючы старонкі.
— У нас, у Валагодскіх лясах, ласёў многа. Было, што некаторыя высокія браканьеры таксама наладжвалі бойню, — і, быццам спалохаўшыся, што гаворыць не тое, тут жа заключыў: — Цяпер навялі парадак.
— Не, мала яшчэ ў нас парадку ў лясах і на рэках. Знішчаем бязлітасна звяроў, птушак, рыбу. Вы палявалі?
— Так… пачынаў… па-дзіцячаму. Ведаю, як трымаць стрэльбу. Бацька мой усё жыццё пражыў у лесе, але не паляваў. Не любіць. Цялё рэзаць і парасё калоць — лесніка клікаў, а сам з дому сыходзіў. Маці смяялася з яго. Маці ўсё ўмее.
Іван Васільевіч любіў такія размовы — аб усім, у іх малазнаёмы чалавек, непрыкметна для сябе, расказвае і сваю біяграфію, раскрывае свае густы, погляды, характар. Хацелася павесці неяк размову так, каб у хлопца пырснулі гумар, іронія, смех. Чорцікі ў вачах скачуць, але ён гоніць іх прэч. У жартах такая натура, пэўна, адкрылася б паўней, і тады лягчэй было б зразумець яго намеры, ды і спытаць спакваля прасцей.
Шампанскае не выходзіла з галавы. З трывогай чакаў, калі паклічуць за стол. Слухаў галасы Лады, жонкі, Васіля. Заглянуў у суседні пакой. Спытаў:
— Хутка карміць будзеце? Не па-флоцку, жанчыны, у вас выходзіць. Доўга.
Але хацелася, каб гэта ўсё зацягнулася, каб меў больш часу прыгледзецца да нечаканага госця. Не вельмі спадабалася, што стол рыхтуецца залішне па-святочнаму. Лада ці жонка выцягнулі сервіз, якім карысталіся можа раз у год, калі былі асаблівыя госці ці асаблівая ўрачыстасць. Раней ён высмейваў гэтае хаванне дарагіх талерак, супніц: на якое ліха іх тады купляць! Каб пыліліся. А цяпер карцела ўпікнуць жонку: «А гэта навошта? Хіба не хапае штодзённых талерак?» Але адчуваў, што такое пытанне занепакоіць Вольгу: няўжо і ў яго, такога некалі шырокага, шчодрага, з’явілася старэчая сквапнасць — яшчэ адна пенсіянерская рыска? Вольга баіцца пенсіянерства ў характары людзей.
Саша сказаў, гартаючы ўжо другую кнігу-альбом, «Эрмітаж»:
— Васіль збірае кнігі пра мора.
— Заваражыла яго мора.
— Рыхтуецца ў мараходнае.
Укалола трохі: яму, бацьку, сын не сказаў пра гэта. Увогуле, варта радавацца, але ўсё ж крышачку балюча, бо цяпер гэта ўжо не здагадка, не прадчуванне, а перакананне: не адпусціць сына мора, не вернецца ён пад бацькоўскае крыло. Можа таксама пенсіянерская хвароба — гэтае патрыярхальнае жаданне, каб дзеці не разляталіся вельмі далёка?
Усё-такі вельмі хутка сабралі на стол! Колькі прайшло тых хвілін! Перакінуўся з хлопцам дзесяткам фраз, якія нічога не выявілі. На стале не было той пляшкі шампанскага, што не давала спакою. Яна ўсё яшчэ «замарожвалася» ці можа ўжо награвалася. Але высокія бакалы стаялі.
Іван Васільевіч прапанаваў:
— Можа пачнём з шампанскага?
— Гэта ўжо задужа па-інтэлігенцку, бацька, — запярэчыў Васіль. — А мы хочам па-флоцку.
За сталом Васіль быў самы гаваркі і шумлівы. Гаспадарыў. Быццам не ён прыехаў у госці, а да. яго. Але прымаў не бацькоў, а сястру і сябра. Толькі іх. І гэта пабольшыла бацькаву падазронасць.