Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
Па яго прыездзе жонка выказала трывогу, што Лада стала дрэнна спаць, блукае начамі па кватэры, зрабілася нязвыкла маўклівая, засмучаная. Вольга Усцінаўна прасіла пагутарыць: «Табе яна больш давярае».
Не адрываючыся ад акна, Іван Васільевіч спыніў дачку:
— Лада!
— Я, тата.
— У цябе непрыемнасць?
— Не.
— Ты нездарова?
— Маміны выдумкі.
— Ты робішся не такой, да якой мы прывыклі.
— Усё цячэ, усё мяняецца, кажуць філосафы.
— Але нічога не адбываецца без прычыны.
— Калі скажу, што я закахалася, гэта вас супакоіць?
— Ад кахання весялеюць.
— Як хто. І гледзячы ад якога. І гледзячы на якім этапе.
— Цікавая тэорыя. У цябе які этап?
— Апошні.
— Што значыць — апошні?
— Не ведаю, што значыць, але ведаю, што апошні.
— Васіль расказаў мне пра тое, што ты таіла. Пра Сашу.
Вельмі хацелася павярнуцца, каб убачыць яе твар, вочы ў гэты момант. Але ў пакоі ўжо прыцемкі, і наўрад ці можна разгледзець, што адбілася на твары, што свеціцца ў вачах — радасць ці смутак. Ён не паварушыўся.
Лада адказала не адразу:
— Я рада, што ў вас наладзіўся такі кантакт… што вы пагаварылі нават пра маё каханне. Але я не даручала брату.
— Васіль не сказаў, што даручала. Прагаварыўся ў гутарцы. Але скажу шчыра: мяне трохі пакрыўдзіла, што ты гэтак таілася.
— Хіба каханне — для выстаўкі?
— Не. Але навошта цямніць неграм, Феліксам?
Лада засмяялася.
— Ахоўная маскіроўка.
— Што і ад чаго трэба ахоўваць? Чаму ўсё-такі апошні этап?
— Не турбуйся. Магу зрабіць яго першым.
— Ты загадваеш загадкі. Адгадваць іх — работа не для маёй старой галавы.
— Гэта не загадка — задача, якую трэба мне рашыць самой. Калі рашу — адразу скажу табе пра вынік. А цяпер у мяне на стале задача на вымярэнне крытычнай энергіі каскадных ліўняў, таму я прыглушаю вашу шумілку.
Лада крутнула рэгулятар гучнасці і пайшла рашаць свае задачы, касмічную і душэўную.
Іван Васільевіч застаўся з унукам, які не адрываўся ад тэлевізара. Сініх смерчаў над карнізам даху ўжо не відно, толькі танец сняжынак на фоне асветленых у суседнім доме вокнаў. Усё складана ў свеце. І ў кожнага свае праблемы. Нават у гэтага малога. Але самыя складаныя з іх тыя, што вынікаюць з адносін паміж людзьмі.
У той жа вечар жонка проста-такі ашаламіла апошнімі хатнімі навінамі. Зноў прыходзіла Міля, скардзілася Вользе на яго, Антанюка! Узрушыў мужа, выбіў з творчай каляіны — перажывае чалавек, не есць, не п’е.
— Няхай схуднее, яму на карысць, — даволі абыякава напачатку азваўся Іван Васільевіч. Але жонка пачала дакараць:
— Ну, чаго ты задзіраешся з усімі? Вот жа чалавек! Не навучылі цябе яшчэ. Ну, там, у сельскай гаспадарцы, ваяваў, дык там ты хоць спецыяліст. А ў Будыкавы станкі чаму ты лезеш? Што ты разумееш у іх?
— Нічога. Але ў групе ёсць інжынер-станкабудаўнік. А я асабіста трохі разбіраюся ў людзях, у кадрах, у арганізацыйнай рабоце, у партыйнай. Вам з Будыкам хочацца поўнай бескантрольнасці? Я ніколі не ўзнімаў такі вэрхал, калі правяралі маю работу. А правяралі часцей.
— Па-першае, ты не на службе і мог адмовіцца.
— З партыі на пенсію не выходзяць, Вольга!
— А калі ўжо ўзяўся, то няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Столькі гадоў дружылі!
— Калі яна за столькі гадоў не загартавалася, наша дружба, — значыцца, не тая сталь.
— Ох, Іван, Іван! Табе хочацца страціць друга, які заўсёды можа памагчы, падтрымаць?
— Я не падаю, Вольга.
— Калі будзеш падаць, позна падтрымліваць. Я не менш за цябе не люблю розных блатаў, але жыццё ёсць жыццё. Ты нечакана паехаў да Басі — мне кальнула ў сэрца. Хто здолеў бы дазваніцца да часці? Валянцін здолеў. Цяпер ён запрасіў да сябе на работу Генадзя.
Вось гэта і ашаламіла.
— Будыка запрасіў нашага зяця? Сам? Калі? Праз каго?
— Учора ад яго імя пазванілі Генадзю на работу.
— І ты маўчала?
— Іван! Ты і ў гэтым гатоў убачыць бог ведае што. Трэба ж хлопцу расці.
— На заводзе нельга расці? Для добрага інжынера завод — лепшая школа. А ён без году тыдзень — і ўжо ў інстытут лезе… Нябось, з радасцю згадзіўся?
— Чаму ж не, калі прапануюць лепшае?
— Значыцца, са мной можна не раіцца? Я — нуль. Пенсіянер. Так?
— Ён самастойны чалавек…
— Калі сядзеў на маім карку, тады вы маўчалі пра самастойнасць! Самастойнікі!
Антанюк мацюкнуўся. Вольга ведала: — такое — каб Іван вылаяўся пры ёй! — здаралася раз у тры гады, калі абурэнне яго, як кажуць, даходзіла да званіцы, вось тады і біў гэты бом. Па-жаночаму мудрая, яна спяшалася тут жа пагасіць мужаў гнеў — уступіць, згладзіць. І цяпер пастаралася, каб мір і лад не парушыліся. Але між многімі лагоднымі словамі ўздыхнула, прызналася: