Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Заязджалі былыя партызаны, сакратары райкомаў, старшыні калгасаў, калгаснікі, заглядвалі акадэмікі і міністры; здаралася, што вельмі розныя людзі сыходзіліся разам. Неразумная гаспадыня пачала б дзяліць іх па рангах, аддаваць больш увагі вышэйшаму, радавалася б, што даярка, даведаўшыся, што прыйшоў вядомы пісьменнік, ад збянтэжанасці стараецца хутчэй знікнуць. Вольга ж вельмі хораша ўмела аб’яднаць за сталом розных людзей — не вясёлай дасціпнасцю, не вострымі слоўцамі, а ціхай сардэчнай гасціннасцю і аднолькавай уважлівасцю да кожнага.

Пасля таго як Антанюка папрасілі пайсці на пенсію, гасцей, натуральна, стала менш. Вольга Усцінаўна балюча перажывала гэта. І яшчэ больш радавалася таму, хто не мінаў дома, заязджаў, заходзіў па-ранейшаму. Даражыла дружбай з такімі людзьмі. Таму і баялася, што праз свой упарты характар ён, Іван, можа пасварыцца з Будыкам — з тым сябрам, які, здавалася ёй, заўсёды заставаўся верным, у шчасці і ў няшчасці.

Іван Васільевіч вярнуўся з-за горада — яго запрасілі ў групу, якая тэрмінова, па сігналах рабочых, правярала птушкафабрыку, — стомлены, акалелы, расстроены злоўжываннямі, якія выкрылі. Адчыніў дзверы сваім ключом, убачыў у калідоры на вешалцы кажух, хустку, на падлозе сялянскі кошык і ўзрадаваўся: госці. Госці з сяла!

Не распрануўшыся — адразу ў пакой: хто прыехаў? За сталом п’юць чай расчырванелыя Вольга і старая сялянка, бабуля ў паркалёвай хусцінцы, завязанай «хаткай». Не адразу пазнаў Марыну Казюру. А пазнаў — расцалаваўся і… праслязіўся. Вельмі гэта занепакоіла жонку. Скупы Іван на слёзы, ой скупы. А тут не вытрымаў. Відаць, не толькі ад таго, што Марына — маці сыноў-партызан, якія загінулі. Вольга ведала пра іх трагічную смерць — чула і ад мужа, і ад самой Марыны, яна прыязджала ў хуткім часе пасля вайны — пакрыўдзілі яе ў раёне, лесу на хату не хацелі даваць. Пасля таго яе прыезду Вольга сама напамінала Івану, каб заехаў да Марыны: можа памагчы трэба ў чым-небудзь. Заязджаў, не часта, праўда. Ніякай дапамогі ёй больш не трэба было. І вось ужо колькі год не бачыліся! Можа таму і ўзрушыў так яе прыезд. Вольга таксама не ўтрымалася — тайком выцерла вочы. А Марына — нічога, пэўна, даўно выплакала ўсе слёзы. Паківала засмучана галавой.

— Пастарэў ты, камандзір, пастарэў,— але тут жа, як бы схамянуўшыся, падбадзёрыла: — Але нічога яшчэ, нічога, дзядок дзябёлы.

Вольга засмяялася.

— Распранайся, дзядок, мый рукі ды хутчэй да стала.

Калі Іван Васільевіч выйшаў, Марына сказала Вользе:

— Добры ў цябе чалавек.

— Добры.

— У згодзе жывяце?

— Усялякае здараецца. Бывае, што і пасварымся. За дзяцей.

— З-за сваіх дзяцей — хіба гэта сварка! — і цяжка ўздыхнула. О, як ёй хацелася б пасварыцца з мужам за дзяцей! Але няма мужа, няма дзяцей…

Вольга Усцінаўна зразумела гэта і задыхнулася, баючыся зарыдаць, выскачыла, нібыта ўспомніўшы, што на кухні нешта гарыць. У ванным пакоі Іван прычэсваўся перад люстэркам. Яна, як дзяўчына, прытулілася тварам да яго пляча.

— Ты што?

— Прад ёй мне сорамна…

— Калі ласка, без сантыментаў.

Вярнуліся разам. Марына ўбачыла яго ў добра скроеным сінім касцюме, пры гальштуку, умытага, прычасанага — і здзіўлена пляснула ў далоні.

— А божачка! Ды ты яшчэ што жаніх, а я цябе дзедам назвала. Звіняй дурную бабу.

— Не, Марына Аляксееўна, не прабачу! Такой абразы не дарую.

— Дык я ж да таго, што ўнука ўжо маеш. То хіба не дзед? — і хітра-хітра прыжмурылася.

На стале ляжалі на талерках яе гасцінцы: тоўсты брус сала, круг засушанага, аблітага маслам сыра, крамяныя, адзін у адзін, бурштынава-масляністыя баравічкі. Стаялі глечык з мёдам і адмысловая — адкуль іх у вёсках бяруць? — пляшка. Звычайная паўлітэрка з партвейнам побач з гэтай пузатай чорнай пляшкай мела выгляд як бедная сваячка перад багатай купчыхай. А ўвогуле ўсё выглядала вельмі апетытна і хораша, пасавала да тонкіх талерак, прыгожых чайных кубкаў, бліскучага электрасамавара.

Галодны Іван Васільевіч задаволена пацёр рукі, прыцмокнуў:

— Ах, якая смаката!

— Вазьмі маёй для апетыту, — прапанавала Марына і сама наліла з пузатай бутэлькі, яму — поўную чарку, сабе і гаспадыні па кроплі.— Чаркі ў вас маленькія. Нашы мужыкі дык стаканамі глушаць.

— За ваша здароўе, Марына Аляксееўна.

— На здаровечка вам, Іван Васільевіч. І вам, Вольга Усцінаўна.

Самагонка, пэўна пяршак, апякла — не прадыхнуць. Ловячы відэльцам грыбок, Іван Васільевіч другой рукой адганяў ад рота агонь. У госці задаволена смяяліся вочы, у якіх і праз смех быў відзён навекі застылы смутак.

— Сама гоніш?

— Сама.

— Пасадзяць цябе ў турму.

— Э-э, нічога я не баюся. Ды і хто гэта дасць у крыўду лепшую даярку! Ім жа сорамна будзе.

— Усё яшчэ доіш?

— Ага.

— А на пенсію не пара? — ён паглядзеў на яе рукі: хворыя рукі, пальцы пакручаны, з падагрычнымі вузламі. Яму не аднойчы рабілася сорамна і балюча, калі бачыў вось такія жаночыя рукі. А яны ж кормяць хлебам, пояць малаком усю краіну! Марына злавіла яго позірк і непрыкметна апусціла рукі пад стол.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: